Выбрать главу

Іван падумаў быў, ці не пара вылазіць, каб перахавацца куды ў надзейнае месца, як гаспадыня з жахам у голасе крыкнула:

— Пэтро! Пэтро! Ой лышэнько! Грыць ідэ…

Іван зноў сцяўся. Гаспадар знік недзе, з хвіліну яго не было чуваць, затым у двары пачулася лагодна-з’едлівае: «Добры дзень, гэр Пэтра!» Гаспадар стрымана адказаў на прывітанне, там нешта ляснула, быццам бізуном па халяве, і той жа голас неяк дужа будзённа, нібы гаворка ішла пра сабаку або кацяня, сказаў:

— Каго хуваеш? Ану, підаць ёго сюдой!

— Нікога я нэ хуваю, кум Грыць! Перахрыстыцеся. Чого вы?

— Ага! Ныкога. Што ж, провірымо! Ганна! — крыкнуў Грыць.

— Я тута, кум, — азвалася з дзвярэй напалоханая гаспадыня.

— Кого Пэтра хувае, прызнувайся!

— Ой, хыба ж я ведаю? Ныкога ж він нэ хувае, кум Грыць.

— Нэ хувае. Ану, Настусю, скажы: дзе татко хувае бандыта?

— Не відаю, — адказаў боязны дзіцячы голас.

— Нэ відаетэ. Побачымо, — з шматабяцаючым спакоем вымавіў Грыць.

У Івана ў падпеччы ад злосці да гэтага вылюдка аж анямелі пашчэнкі — так захацелася выскачыць і ўсадзіць яму ў вантробу дзесятак куль. Але хлопец не ведаў, колькі яшчэ там было памагатых, і нядобрае прадчуванне ўжо запанавала ў ім: ён зразумеў, што гэты — не немец, сваю справу ён ведае як мае быць.

— Глух, нэсі солому. Ты, Жупан, тэж. Зараз мі дознаемося, дэ він хуваецца. Мі ёго підсмажымо.

На двары затупацелі крокі, бразнулі недзе паблізу дзверы, — мусіць, у хляўчук. Іван зразумеў, што ўдумаў гэты, каб яму не дажыць да нядзелі, Грыць. «Але няўжо яны адважацца запаліць, няўжо так зробяць са сваім чалавекам, які гэтага вылюдка яшчэ называе кумам?» — пакутна меркаваў Іван.

Тым часам ля акон нешта шаснула, зацямніла святло ў падпеччы. «Мусіць, паклалі салому», — адзначыў сабе Іван. Пасля ўсё прыціхла: ні крокаў, ні гоману. I раптам закрычала жанчына, ды так роспачна і здзічэла, што можна было падумаць, нібы паляць яе самую, а не хату. За ёю загаласілі ўсе дзеці, зараз жа засмярдзела дымам; Іван рашыў, што ўсё прапала, што згарыць і ён ды яшчэ загубіць людзей. Мусіць, трэба было вылазіць ды прыстрэліць гэтага нягодніка, але ў яго ўсё недзе тлела ў душы надзея, што, можа, не дадуць загарэцца — толькі палохаюць.

Зноў жа, даць загарэцца хаце, а пасля вылезці — ці не замнога гэта будзе кары і для яго і для гэтай сям’і? Проста ён не ведаў, што рабіць, хоць і разумеў, што трэба за секунды нешта рашыць.

Мусіць, ён усё ж выскачыў бы з падпечча, ужо ён на тое наважыўся, як раптам з галашэннем і праклёнамі ў хату кінулася гаспадыня. Перш чым ён паспеў даўмецца навошта, яна затупала ля печы і, сагнуўшыся, праз слёзы закрычала:

— Вылазь! Вылазь! Хату праз тэбэ паляць, прыклятый. Душегуб! Звідкіля тэбэ прынесла? Вылазь!

Іван ажно ўздыхнуў ад палёгкі, што ўсё скончылася (хоць такога ён не чакаў), сунуў аўтамат пад смецце ў кутку і вылез. Злосці на гэтую кабету ў яго не было, зрабілася толькі вельмі журботна і шкада, што гэтак недарэчна абарваўся такі доўгі і дужа нялёгкі шлях…

Так ён ступіў на парог — спакойны і гатовы да ўсяго. З падворка на яго ваўкавата пазіралі чацвёра дзецюкоў, сярод якіх асабліва вылучаўся адзін — здаравенны бугай у светлых картовых штанах і з блакітнаю павязкай на рукаве. Гэта, мусіць, і быў той Грыць. У руках ён трымаў рускі карабін на ўзводзе, Іван пазнаў па затворы і падумаў у той момант, што забіць яго тут яны не адважацца — мусяць перадаць немцам.

Так яно і сталася.

10

Тоячы ў душы зябкую трывогу, Іван спярша азіраўся і ўслухоўваўся, баючыся, каб немцы не пусцілі сабак, але ішоў час, а навокал усё было ціха. Тады прыйшло меркаванне, што аўстрыяк усё ж іх не выдаў, а матацыклісты, напэўна, іхніх слядоў не знайшлі і да пары пакінулі ўцекачоў у спакоі. Да таго ж, відаць, яны забралі забітага вар’ята гефтлінга — было з чым вярнуцца ў лагер. Ад такіх думак трывожная ўзрушанасць паступова ўляглася, саступіўшы месца іншым думкам-турботам.

Расселіна тым часам, як глыбачэзны крывы калідор, патроху вузеючы, вяла і вяла іх угору. Амаль не спыняючыся, яны лезлі па яе дну ўжо гадзіны з чатыры, калі не болей. Стала зябка і сыра; мусіць, ад вышыні, бы ватай, патроху закладвала вушы. Сонца так ні разу і не заглянула сюды; урэшце знік, захінуты аблокамі, зіхатлівы блакіт угары — клочча шызага туману, чапляючыся за верхавіны скал, хутка паплыло над расселінай. Аднекуль падзьмуў моцны парывісты вецер, пахаладнела так, што не дужа грэла і хада. Яны не маглі тут агледзецца, убачыць, ці далёка адышліся ад горада, але Іван адчуваў, што забраліся высока, іначай не прабіраў бы так холад. I ўсё ж скуранку з загорнутым у ёй хлебам хлопец нёс ненадзетай. Ён разумеў, што галоўнае яшчэ наперадзе, што пахаладае яшчэ болей, магчыма, прыйдзецца ісці па снезе. Праўда, аб сабе ён не дужа клапаціўся, ён мог бы ісці і шпарчэй. Хоць і замарыўся і балелі падбітыя на камянях ногі, але быў яшчэ здатны на большае — каторы раз выручала хлопца яго немалая прыродная дужасць, непераборлівасць да ўмоў жыцця і, вядома, суровая армейская загартоўка. Колькі ўжо разоў было на вайне і ў палоне, што іншыя выбіваліся з сіл, падалі і прыставалі ад голаду, стомы, бяссонніцы, а ён трываў. Ён пачаў ужо думаць, што як-небудзь адолее і гэтую бяду, пяройдзе хрыбет (не можа быць, каб не перайшоў), абы толькі быў жывы — стрывае, сцерпіць усё: на волі — не ў лагеры.