Выбрать главу

Вось толькі Джулія…

Хоць яна з прыкметнаю рупнасцю лезла за ім і цяпер амаль не адставала, але ён, раз-пораз спыняючыся, падазрона і насцярожана паглядваў на яе. Чуйна прыкмячаючы ягоную ўвагу, дзяўчына кожны раз слаба ўсміхалася, відаць было, старалася рабіць выгляд, што ўсё добра, што яна не баіцца і яшчэ мае ў запасе сілы. Аднак неўласцівая для яе парывістай натуры замаруджанасць рухаў яскравей за ўсё сведчыла аб немалой яе стоме.

Аднойчы, выйшаўшы з-за павароту, яны ўбачылі, што зусім ужо звузелы гэты раўчук скончыўся, упёрся праз сотню крокаў ад іх, нібыта ў плаціну, у крутую скальную глыбу, якая перагарадзіла шлях. Хоць ім і не хацелася, але трэба было вылазіць наверх — на вецер, на голыя, адкрытыя адусюль скалы. Мусіць, там можна было прайсці далей.

Іван павярнуў на круты адхон, выкарабкаўся ледзьве не да самага верху і, апусціўшыся на адно калена, прычакаў Джулію. Яна лезла трохі марудней, апусціўшы ад стомы голаў; хлопец упёрся выстаўленай нагою, падаў ёй руку. Дзяўчына ўчапілася ў яе сваімі мяккімі сцюдзёнымі пальцамі, і ён, болей не азіраючыся, павалок яе ўгору.

Яны выбраліся з расселіны на голы, не дужа круты камяністы схіл, але згледзець нічога наўкол не паспелі. Адразу ў іх грудзі пругка ўдарыў вецер, зверху нахлынула, атуліла камяні падранае клочча туману, імклівая золкая макрэдзь закрыла скалы і неба, быццам сыры дым ахутаў наваколле. Праўда, ён не быў суцэльны — у рэдкіх яго разрывах сям-там мільгалі рудыя скалы, далёкія сіняватыя прасветліны, але разгледзець праз іх мясцовасць было нельга. Тады яны спыніліся, і Джулія адразу прысланілася плячом да выступу скалы. Вецер шалёна рваў на іх штаніны, рукавы, шкуматаў полы іх куртак. Стала яшчэ халадней; Іван разгарнуў у доле пацёртую ўжо, некалі зграбную, рудаватую скуранку, выняў з яе хлеб і са скуранкай ступіў да Джуліі.

— О, нон… нон… Нет! Я тепло, — зыркнула яна на хлопца ажывелымі вачыма і ўскінула насустрач руку: вецер дробненька матляў яе каротка пастрыжаныя валасы.

Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы; дзяўчына нехаця захінулася і адразу зябка сцялася, увабрала ў плечы голаў. Ён прысеў над пачатаю буханачкай хлеба — мабыць, можна было крыху з’есці.

— Ільпанэ… Хляб! — зразумеўшы ягоны намер, з галоднай нястрыманасцю сказала яна.

Ён спярша агледзеў буханачку, прыкінуў на руцэ, нібы вызначаючы вагу і тую найменшую норму, якую яны могуць дазволіць сабе ў гэты раз, і ўздыхнуў: дужа ўжо яна была малая. Джулія апусцілася на дол і хуценька пасунулася да яго. Баючыся пакрышыць буханку, Іван не стаў адломваць ад яе, а, азірнуўшыся, падабраў ззаду востры абломак каменя і пачаў ашчадна адразаць пайку. Захутаўшыся ў скуранку, дзяўчына з нейкай замілаванасцю ў вачах пакорна сачыла за рухамі яго грубых пальцаў — як ён рэзаў і як пасля дзяліў адрэзанае надвая, адломваў кавалачак ад аднае палавіны і клаў на другую, яшчэ раз аглядваў.

— Добра?

— Сі, сі. Добро.

Зноў нібы не стала ні холаду, ні стомы. Джулія заззяла вачыма, з нецярплівасцю чакаючы, калі будзе дазволена з’есці гэтую мізэрную пайку. Але Іван з зайздроснаю вытрымкай яшчэ раз падраўняў кавалкі і тады толькі кінуў дзяўчыне:

— Ану, адвярніся.

Яна зразумела, не вымаючы з-пад скуранкі рук, хуценька павярнулася, і ён дакрануўся пальцам да кавалка з дабаўкай.

— Каму?

— Руссо! — з рашучай гатоўнасцю сказала яна і крутнулася да яго і хлеба.

Іван моўчкі і беражна ўзяў тоненькую лустачку, крыху жывей ухапіла другую яна.

— Гра… Спасібо, руссо.

— Няма за што, — сказаў Іван.

— Руссо! — таропка жуючы і хутаючыся ў скуранку, аклікнула Джулія. — Как імеется твой імя? Іван, да?

— Іван, — трошкі здзівіўшыся, пацвердзіў ён.

Яна заўважыла яго недаўменне і, адкінуўшы голаў, засмяялася: