Выбрать главу

Яны ўжо выправіліся былі ў шлях, у абход вялізнага слаістага выступа, як Іван азірнуўся і палез у прарэху курткі. Джулія таксама паглядзела назад, але вар’ята нідзе не было. I ўсё ж Іван дастаў кавалак, вярнуўся і, пашукаўшы здатную мясціну, паклаў яго на камень, дзе яны нядаўна сядзелі.

— Ладна. Чорт з ім, гадам! Няхай падавіцца! — нібы апраўдваючыся, сам сабе прабубніў хлопец.

Джулія згодна маўчала.

11

Вецер усё гнаў і гнаў бясконцыя космы туману, куртка на Іване стала волкай, зябкая дрыгота скаланала спіну. Ён усё азіраўся, пачынаючы ўжо сумнявацца, ці знойдзе скарынку вар’ят. З’явілася нават жаданне вярнуцца, забраць, з’есці яе самому, і, каб як адкараскацца ад надакучлівых думак, ён хутчэй засігаў далей ад гэтага месца.

Неўзабаве яны абышлі слаёны гіганцкі выступ, што, нібы акамянелы птушыны хвост, тырчаў у небе, узлезлі вышэй, і тады раптам туманнае воблака каля іх разарвалася, неяк быццам асела. Яны ўбачылі вышэй ад сябе голы, круты камяністы масіў і зусім побач на схіле сцежку. Яна бегла не ўніз і не ўгору, а асцярожна між камянёў прабілася наўскос па схіле. Была яна не дужа прыкметная ў гэтым хаосе скал, але ўсё ж абое ўраз заўважылі яе і прыемна здзівіліся.

Іван першы ступіў на яе, азірнуўся ўніз — там між пасмаў туману таксама мільгалі змрочныя скалы, правалы, між іх дзе-нідзе праплывала шызая далячынь. Угары ж, у высокім прысмужаным небе, гарэў асветлены сонцам пярэсты, густа аснежаны хрыбет. Праўда, калі хлопец прыгледзеўся, дык аказалася, што хрыбтоў там аж два: дальні — магутны і шырокі, падобны на сівую нерухомую мядзведзеву спіну, і бліжні — зубчасты, трошкі прысыпаны снегам, які крайняю сваёй вяршыняй з седлавінай ля боку ўпіраўся ў самае неба. Гэтая вяршыня і здавалася адсюль найбольшай, але Іван ужо ведаў такое ашуканства гор, калі самая бліжэйшая з іх здаецца і самаю высокай. Відаць, усё ж галоўны тут быў той дальні мядзведжы хрыбет, думалася, што за ім ужо жаданая мэта іхніх уцёкаў — партызанскі Трыест.

Задраўшы голаў, хлопец з хвіліну ўглядаўся ўгору, у гэты парог на іх шляху ў будучыню, вельмі хочучы ўпэўніцца, што пагоні тут ужо не будзе, што самае страшнае яны пераадолелі, што людзі цяпер ім не сустрэнуцца, — цяпер ім супрацьстаяла толькі прырода, для змагання з якой трэба адно: болей сілы. Затым ён паглядзеў на прыціхлую і таксама, відаць, агорнутую новым клопатам сваю спадарожніцу: яна рухава жмурыла бухматыя вейкі, таксама ўзіраючыся ў снегавыя хрыбты. I тады, мабыць, упершыню, у яго з’явілася ціхая задаволенасць ад таго, што перад грознаю невядомасцю гор ён не адзін, што побач усё ж чалавек, хоць бы і жанчына. Адчуўшы кароткі пробліск задавальнення, ён кінуў:

— Айда?

Наўрад ці ведала яна гэтае хлапчукоўскае слова, але цяпер настолькі суладнымі былі іх пачуцці, што яна зразумела і згодна падхапіла:

— Айда!

I яны выправіліся па сцяжынцы, што апярэзвала голую скалістую касагорыну. Угары ў разрывах туману нестрымана ярка бліснула паніжэлае ўжо сонца, клочча аблокаў асляпляльнаю белізною заззяла на схілах гор; па скалах і безданях хутка памчаліся чорныя шкуматы ценяў і побач суладна з імі — яркія плямы святла. Вецер, не сціхаючы, ірваў Іванаву куртку, пухіром надзімаў праз дзірку штаны. Джулія зябка наставіла шырокі каўнер скуранкі. Яны падняліся вышэй. Асветленыя сонцам унізе, выразна сталі відны чорная шчыліна расселіны, камяністыя касагорыны, на адной з якіх віднелася, адкінуўшы даўжэзны цень, перыстая патарчака-скала. Іван зірнуў туды і спыніўся: на тым месцы, дзе яны нядаўна сядзелі, сагнуўшыся, нібы шукаючы штось у Доле, дыбаў на сваіх тонкіх нагах вар’ят гефтлінг.

— Глядзі ты — прывязаўся.

— Траджіко челёвэк, — сказала Джулія. — Пекато — жалко!

— Чаго шкадаваць? Сволач ён.

— Он хочет руссо ідет. Но руссо бёзе. Он бояться.

— I правільна робіць, — коратка зазначыў Іван.

Хлопец рушыў далей, махнуўшы рукой на вар’ята, хоць мець такі хвост ззаду не вельмі падабалася яму. Але што зробіш з ненармальным — і адагнаць не адгоніш і ўцячы некуды. Прыйдзецца, відаць, патрываць так да ночы.

— Іван, — сказала дзяўчына, робячы націск на «і». — Ты не імель зло Джулія?

— А чаго мне злаваць?

— Ты нон бёзе?

— Можаш не баяцца.

— Нон бояться, да?

— Да.

Крануты стомаю, яе твар сагнаў лагодную ўсмешку і пасур’ёзнеў, адбіўшы невясёлы ўнутраны ход думкі.

— Джулія руссо нон бояться. Джулія снег бояться.

Іван, ідучы наперадзе, толькі ўздыхнуў на гэта: сапраўды, снег і такі мізэрны запас хлеба ўсё болей пачыналі непакоіць і яго. Хлопец падумаў, што трэба было ў лесніка прыхапіць яшчэ што і абавязкова абутак, бо голымі нагамі проста невядома як было лезці ў снег. Але добрыя думкі, як заўжды, з’явіліся позна. Тады, вядома, яны не думалі, што дабяруцца да снежных вяршынь, — тады шчасцем здавалася выскачыць жывым з аблавы. I так дзякуй аўстрыяку — каб не ён, хлеба яны не мелі б. Іван хутка сігаў па сцяжыне; збоч ярка свяціла, не грэючы, нізкае сонца, па касагорыне валакліся-мільгалі дзве даўжэзныя, да самага нізу, цені. Суцяшаць, угаворваць дзяўчыну ён не хацеў, толькі сказаў: