Яна, усё не мяняючы паставы, ускінула галаву.
— Нон лягер.
— Не пойдзеш у лагер? Куды ж тады ты пойдзеш?
Яна змоўчала і зноў панікла, сабралася ўся ў маленькі жывы камячок.
— Замерзнеш жа! Дзівачка! Прападзеш да ранку, — крыху памякчэўшы, сказаў ён.
Яна маўчала.
Вецер усё сыпаў снегам. Снег, праўда, быў рэдкі і дробненькі, але наваколле спакваля ўсё ж пасвятлела, шараватыя плямы скрозь прабівалі чарнату ночы, стала лепей відаць. Цела, аднак, у спакоі пачало хутка астываць і раз за разам здрыгвацца ад сцюжы.
— Ану, уставай! — Іван шкуматнуў яе за скуранку і па-армейску сурова скамандаваў: — Устаць!
Яна, памарудзіўшы, знямогла паднялася, ступіла калодкамі і паціху павалаклася за ім, каб не ўпасці, хапаючыся за камяні і аслабела хістаючыся ад парываў ветру. Іван, насупіўшыся, памалу ішоў да сцежкі. Ужо ён стаў думаць, што ўсё як-небудзь абыдзецца, што яна разыдзецца, што найгорш у такім яе стане збіцца з рытму, хоць бы і прысесці, — тады куды як трудна падняцца на ногі. Яны падышлі да сцяжыны, калі моцны парыў ветру секануў па тварах крупкай, ударыў у грудзі. Абое яны задыхнуліся, а Джулія ўпала.
Ён спачатку памкнуўся быў памагчы ёй устаць, узяў за руку, але яна не ўставала, пачала кашляць, пасля доўга аддыхвалася і ўрэшце, сеўшы ў доле, са спакойнай рашучасцю канчаткова прынятага рашэння аб’явіла:
— Джулія фініта. Аллес. Іван Тріесто. Джулія нон Тріесто. Аллес нон.
— I не падумаю.
Ён адышоўся крыху ўбок і таксама сеў на выступ скалы.
— А яшчэ гаварыла: камуністка, — папракнуў ён. — Панікёр ты.
— Джулія нон панікіор, — зазлавалася дзяўчына. — Джулія партыджано.
Іван прыкмеціў ноткі крыўды ў яе голасе і рашыў выкарыстаць іх. «Можа, гэта разварушыць яе», — падумаў хлопец.
— Панікёрша, а то хто ж ты?
— Джулія нон панікіор. Сілы малё.
— А ты цераз сілу, — пацішэўшы, сказаў ён. — Знаеш, як аднойчы на фронце было? На Остфронце. Куды ты збіралася. Акружылі нас фрыцы ў хаце. Не выйсці. Б’юць з аўтаматаў у вокны. Крычаць: «Рус, здавайся!» Ну, наш узводны Пятрэнка таксама аллес кажа. Капут. А ротны Белашэеў як закрычыць: «Стой! Не для таго нам зброю далі. Ану, — кажа, — прарывацца». Выскачылі мы ўсе разам у дзверы, як ударым з аўтаматаў і пад плот, за вуглы. I што ты думаеш: вырваліся. Пяцёра, праўда, палеглі. Белашэеў таксама. Але ж чацвёра ўратаваліся.
Джулія маўчала.
— Дык што, пайшлі?
— …
— Ну, якога чорта маўчыш? — здрыгануўшыся ад сцюжы, пачаў ён траціць цярпенне. — Замерзнеш жа, дурніца. Варта было ўцякаць, столькі лезці пад самае неба?
Яна маўчала.
— За што тады хлопцы сябе ўзарвалі? Той бомбай. Каб хоць хто-небудзь уцалеў. А ты ўжо і скісла.
Ён скочыў, адчуваючы, што да нутра прамёрз на гэтым ветры, захадзіў па сцяжыне — на шэрым посыпе адбіліся цьмяныя сляды яго босых ног. Добра яшчэ, што не было марозу, але пад ранак, мусіць, падмарозіць, і тады яны тут прападуць. Іван рашуча спыніўся ля Джуліі.
— Дык не пойдзеш?
— Но, Іван.
— Ну, як хочаш. Прападай, — са знарочыстай абыякавасцю сказаў ён і змрочна патрабаваў: — Давай клумпес!
Яна слаба заварушылася, выняла з калодак ступні і ад сцюжы паставіла іх адна на адну. Ён адразу насунуў на свае акалелыя ногі гэты несамавіты абутак, у якім яшчэ таілася яе цяпло.
— Скідай і тужурку.
Яна паслухмяна зняла і скуранку. Ён рашуча напяў яе на свае шыракаватыя плечы, захінуўся. Адразу стала цяплей.
Робячы гэта, ён адчуваў, што між імі назаўжды нешта рушыцца, што нельга так ставіцца да жанчыны, але ў яго цяпер прарвалася злосць да яе. Здавалася, што яна ў чымсьці ашукала і яго, заўпарцілася, і таму Івану міжвольна карцела пакараць яе.
Лаючыся ў думках, ён, аднак, адчуў штосьці ніякаватае ў душы. Расставанне гэта нечакана аказалася да недарэчнасці няёмкім, і ён стараўся заглушыць гэтую няёмкасць злосцю.
Толькі ўсё ж дзяўчына ў чымсь мела рацыю, у чымсь быў несправядлівы ён. Хлопец адчуваў гэта, і злосці ў яго не хапала.
Надзеўшы тужурку, ён ступіў два крокі па сцежцы і павярнуўся да яе.
— Што ж, бывай!
— Чао! — сцяўшыся на камені, ціха і зусім абыякава сказала яна.
Гэтае слова адразу нагадала яму іх сустрэчу ўчора і той радасны бляск у яе такіх зіхатлівых вачах, які здзівіў яго ў лесе, і яе безразважную смеласць пад носам у немцаў, і поўныя ўлюбёнасці і нейкай шматзначнасці позіркі ў дарозе. Івану стала зусім нядобра. Гэта былі не жаль і не спачуванне — нешта зашчымела ў ягоным сумленні, хоць ён ні ў чым не мог папракнуць сябе, як нічым не быў абавязаны ёй. «Не, не, — сказаў ён сабе, глушачы тую шчымлівасць. — Так лепей». Аднаму зручней, гэта ён ведаў з самага пачатку. Яму не трэба было звязвацца з ёю. Цяпер у яго калодкі на нагах, на плячах тужурка, крыху хлеба — на аднаго гэтага хопіць даўжэй, ён будзе яго эканоміць — па сто грамаў на дзень. Адзін ён выцерпіць усё, пяройдзе хрыбет, ён не можа не перайсці, калі б нават давялося лезці па пояс у снезе, — яму трэба ў Трыест, да партызан. Навошта было звязвацца з гэтай дзеўкай? Хто яна яму?