Выбрать главу

— А дзе ж ён цяпер, той лейтэнант?

— Няма лейтэнанта, няма камандзіра, няма нікога.

Сержант устаў, коратка ўздыхнуў, а Нупрэеў сеў у засені. Але ён не лёг спаць, а ўсё курыў, кашляў, потым сказаў хлопцу, які ўжо стаў на сцяжынку:

— Старшына са сваімі, мусіць, пойдзе ад нас?

— Хай ідзе, — пакорліва сказаў сержант, думаючы пра іншае.

Над раўком і лесам таропка плылі ў небе невялічкія хмурынкі. Часам яны беражком краналі сонца, і па раўку, як крыло вялізнай птушкі, слізгаў імклівы цень. На ўзгорках шумеў лісцем алешнік, а ўнізе было ціха, толькі булькаў гаманлівы ручаёк.

Пятрусь пахадзіў крыху па сцежцы, перакапанай кратамі, паслухаў, шпурнуў каменем у надакучлівую сароку, што сакатала за ручаём, і вярнуўся на паляну. Ён узяў свой клунак са сцягам, развязаў яго і разгарнуў на траве чырвонае палотнішча. Сцяг моцна пакамечыўся ў торбе, паламаліся залатыя літары назвы палка, зблыталіся кутасы. Але ўсё ж гэта быў той самы сцяг, пад якім ён даваў вайсковую прысягу.

Пяшчотна расправіў хлопец кожную зморшчыну, паправіў кутасы, пацёр адно заплямленае месца, цяжка ўздыхнуўшы, пагладзіў дзіркі, прабітыя кулямі. «Гаротны ты, наш сцяг, — шаптаў хлопец, аддаючыся журбоце, — цяжкі твой салдацкі лёс. Што ты перанёс і што перацярпелі з табой людзі. Але не можа ж быць, каб не ўбачылі мы з табой нашай радасці… Калі толькі будзе тое?»

Хлопец доўга сядзеў так, у задуме, над разгорнутым шоўкам, а потым паціху, каб не разбудзіць старшыну, выцягнуў з яго ножнаў фінку і пайшоў у гушчар. Там ён нагледзеў галінастае дрэўца маладога клёніка, зрэзаў яго і здзёр кару. Як-колечы ён прымацаваў да дрэўка палотнішча, надзеў на яго вяршыню бліскучы наканечнік і паставіў сцяг побач з сабой.

— Вось, братка, будзь цяпер з намі. Дапамагай нам, а мы дапаможам табе.

Сержант умацаваў канец дрэўка ў дзірване на сярэдзіне прагаліны — цяжкое палатно стромкімі складкамі ўпала да долу. Сержант, як вартавы палкавога каравула, хадзіў па сцяжынцы, услухоўваўся ў лясную глуш і пазіраў штораз на гэтую палымяную чырвоную птушку, якая быццам ціха драмала, да часу згарнуўшы свае агністыя крылы.

Дзень цягнуўся маркотна і доўга. Змарыўшыся за ноч моцна храплі хлопцы, нават дзед і той, закінуўшы ўгору аб скубаную бараду, выводзіў тоненькія рулады. Сержант часам падыходзіў да таго, хто больш за іншых вылучаўся гучнасцю, і далікатна кранаў яго нагой. Храп абрываўся адразу, але хутка пачынаўся зноў.

I вось суцэльны глыбокі цень заслаў роў. Спачатку бліскуча ззялі бярозкі на тым баку, але ўсё меней і меней было таго бляску. Дол стаў змрочны, настойлівей дыхнула грыбной вільгаццю і сырасцю. Толькі неба яшчэ блішчэла, поўнілася святлом, цеплынёй. Доўгі дзень паціху дагараў, на зямлю аднекуль выпаўзала ноч.

Сержант пабудзіў людзей. Першы ўзняўся Жук, затым дзед і Нупрэеў. Яны адразу ўбачылі сцяг, хуценька падышлі да яго. Жук пачціва разгарнуў палотнішча за яго ражок, нехта ўздыхнуў перарывіста, цяжка. Нупрэеў сказаў:

— Вось бы так ісці пад сцягам. Але дзе там: нельга.

Узняліся і старшына з Калдобінскім. Моўчкі сапучы спрасоння, абыякавы да ўсяго, Калдобінскі накручваў лубяныя анучы, а Агальцоў падскочыў да сцяга і бесцырымонна варухнуў яго.

— Ого, баявая птушка, відаць, — сказаў старшына. — Дзіркі на сцягу — гэта лепей за ордэны. Адразу відаць, як і што. А чаго гэта ты яго наладзіў, як на страявы агляд? — звярнуўся ён да сержанта.

— А так, — ухіліўся ад размовы Пятрусь.

— Ну і правільна. Сцяг павінен быць угары.

Калі ўсе ўзняліся з долу і ўзялі рэчы і зброю, сержант строга запытаў, пазіраючы ў чорныя і, здаецца, ужо лагодныя старшыновы вочы:

— Ну дык вы што? З намі ці ад нас?

— За каго ты мяне лічыш? — абурыўся Агальцоў — Я ж не такі яшчэ злыдзень, каб савецкага сцяга цурацца. Гэ! — крыкнуў ён да Калдобінскага, які ўсё корпаўся над сваім набыткам. — Выходзь строіцца!

I людзі выйшлі на сцежку. Сержант стаў наперадзе і ўрачыста разгарнуў сцяг. Задаволена пакашліваў Нупрэеў, тытунёвым дымам адганяючы камароў, ухмыляўся дзед, а на ўсмешыстым твары Жука ззяла шчырая радасць. Толькі Калдобінскі моўчкі стаяў ззаду ўсіх, і старшына пільна паглядзеў на яго.