Выбрать главу

Хмуры і збянтэжаны, ён, аднак, зрабіў крок да яе. Джулія раптам абарвала смех і ўскочыла насустрач.

— Іван! — пляснула яна ў далоні, убачыўшы кветкі ў яго руках. — Это ест сюрпріз сіньоріна? Да? Да?

Ён і сам толькі цяпер заўважыў у сваёй руцэ пук маку, няўцямна зірнуў на яго і засмяяўся. Яна таксама засмяялася, панюхала кветкі, утапіўшы ў букет увесь свой маленькі зграбны тварык. Затым паклала букет на траву і хутка-хутка пачала рваць ля сябе мак.

— Джулія блягодаріт Іван. Блягодаріт — очен, очен…

— Не трэба, што ты! — ніякавата загаварыў ён.

— Очен, очен блягодаріт надо. Іван спасат сіньоріну. Руссо спасат італьяно. Ето есть інтернаціонале. Братство, — напаўжартоўна гаманіла яна, усё рвучы і рвучы мак. Пасля з цэлым ахапкам яго падбегла да Івана і вываліла ўсё з сваіх рук яму на грудзі.

— Ну што ты! — здзівіўся ён. — Навошта?!

— Надо! Надо! — смешна вымаўляючы рускія словы, угаворвала яна, і ён вымушан быў ашчаперыць разам з ахапкам маку і скуранку з загорнутым у ёй хлебам. Яна, мусіць, навобмацак адчула ў скуранцы буханачку і раптам пасур’ёзнела.

— Хляб?

— Ага, давай паямо, — ажывіўся ад свае няёмкасці Іван, паклаў усё ў дол і сеў сам.

Яна хуценька прысела побач.

16

— З’есці б усё зараз, — сказаў Іван, трымаючы ў руцэ ўсохлы, з кілаграм вагой кавалак хлеба — абкрышаны па краях, счарсцвелы, аднак усё яшчэ такі апетытны і жаданы, што абое, гледзячы на яго, ледзьве ўпраўляліся глытаць сліну.

— Асё, асё, — як рэха, згодна азвалася Джулія, таксама не зводзячы з буханачкі позірку.

Іван у кароценькай нерашучасці зірнуў па-над яе галавой на далёкі заснежаны хрыбет і ўздыхнуў:

— Не. Усё нельга.

— Нелга. Но?

— Но.

Яна зразумела і таксама ўздыхнула, а Іван разаслаў у доле скуранку і паклаў на яе гэтую іх болей чым малую рэштку прыпасу. Трэба было зрабіць немалаважнае — адмераць пароўну дзве пайкі і прытым найменш раскрышыць, бо без нажа разрэзаць не было чым.

I ён старанна разломваў хлеб, раскладваючы кавалачкі на дзве часткі і ўвесь час адчуваючы побач галодную нястрыманасць Джуліі. У душы яго ўсё бруіла новае пачуццё да яе — нешта не то братняе, не то бацькоўскае. Добрае і вялікае, яно поўніла яго спагадаю да яе — такой па-дзіцячы непрызвычаенай да вялікіх нягод вайны і такой бяздумна-рашучай у сваім амаль што падсвядомым, нібы ў птушкі, імкненні да волі.

Хлопец засяроджана дзяліў. Кожная скарыначка, кожная крошка ўзважвалася іх пільнымі позіркамі, і ён знарок паклаў у адну кучку болей — не так хлеба, як скарынак — разам з акрайцам гэта, паводле лагернага разумення, было значна каштоўней, чымсьці аднолькавы па вазе кавалак мякішу. Калі ўсё было раздзелена, рэштку, грамаў на дзвесце, Іван запхаў у кішэню скуранкі.

— Гэта табе, гэта мне, — сказаў ён проста, без традыцыйнага рытуалу дзеляжу, і пасунуў ёй кавалак з акрайкам.

Яна ўскінула чорныя, смаляныя бровы.

— Но. Это Іван, это Джулія, — пераклала яна кавалкі.

Ён зірнуў ёй у твар і з дабратою ў душы заўсміхаўся.

— Не, Джулія, не трэба. Гэта табе.

Іван хуценька ўзяў сваю долю. Джулія падазрона зірнула на яго, паморшчылася і раптам спрытна сунула адну скарыначку ў яго рукі. Ён з скарынкаю зараз жа падаўся да дзяўчыны, але тая, смеючыся, паспешліва адхінулася, ускінула рукі з пайкаю, каб ён не дастаў. Хлопец з гарэзнаю ўпартасцю памкнуўся болей, яна выгнулася, дакранулася да яго бока грудзямі і, каб утрымацца, схапілася за яго плячо. Смех яе раптам абарваўся. Нечаканая блізасць гэта незразумелай няёмкасцю казытнула яго, — прыцяўшы ў сабе новае, неўсвядомленае яшчэ жаданне, ён адразу адхіснуўся ад яе і сеў на бок скуранкі. Яна ж гарэзна, нібы дзяўчынка, усмешыста зыркаючы на яго з-пад брывоў, прыкусіла губу і паправіла на грудзях куртку.

— Бяры, еш. Твая ж гэта, — сказаў ён, пасоўваючы на пале скарынку.

— Но.

З дабрадушнаю лёгкасцю ў настроі, пабліскваючы сваімі бялюткімі зубамі, яна ўзялася грызці свой акраец.

— Бяры, кажу.

— Но.

— Бяры.

— Но, — упарцілася яна, смеючыся аднымі вачыма.

— Няўступака. Ну, як хочаш… — сказаў Іван і ўкусіў ад свае пайкі.

Яна неўзабаве з’ела ўсё, — вядома, зусім не наелася і тайком пазірала на адтапыраную кішэню курткі. Іван нетаропка, з расцягненай асалодай жаваў, прыкмячаў усе яе позіркі і спакваля пачаў думаць, ці не з’есці ўсё. Што там за наедак з гэтых грамаў другім разам, цяпер жа яно было б куды як добра. Але намаганнем волі ён усё ж адагнаў гэтыя думкі, бо занадта ведаў цану нават і такому мізэрнаму кавалачку, як гэты.