Выбрать главу

— Бітте, руссо Іван, — манерна прапанавала яна.

— Ну, навошта? Я ўжо наеўся!

— Но, но аевся! Эссен!

Яна зачэрпнула рукой ягад і ледзьве не сілком прымусіла яго з’есці. Потым з’ела трохі сама і зноў паднесла жменю да ягонага рота. Ягады з яе рук мелі чамусьці зусім інакшы смак, чым з’едзеныя па адной, ён выбраў іх вуснамі з жмені і жартоўна казытнуў зубамі яе цёплую духмяную далонь.

Джулія гарэзна пагразілася:

— Нон, нон!

Так яны даелі ўвесь гэты яе ягадны прыпас, і ён узяў пакінутую непадалёк у маку скуранку.

— Айда?

— Айда! — зухавата згадзілася яна.

Задаволеныя і неяк пабліжэлыя адно да аднаго, яны зноў пайшлі ўніз. Джулія даверліва паклала руку на яго плячо.

— Суніцы, гэта добра, — сказаў ён, парушаючы сцішаную, добрую, але трошкі чамусьці няёмкую маўклівасць. — Я да вайны не адно лета імі харчаваўся.

— О, руссо веджітаріані? — здзівілася яна. — Джулія нон веджітаріані. Джулія любіт біфтекс, спагетті, амлет.

— Макароны яшчэ, — дадаў ён, і абое яны засмяяліся.

— Сі, сі, макароні, — пацвердзіла яна і трошкі задзірыста падражніла: — А руссо суніці!

— Часам бывала… Што ж зробіш… Калі не ўродзіць — прагаладаешся, — нявесела пагадзіўся Іван.

Джулія здзіўлена зірнула на яго.

— Почему голядаешься? Русланд как голядаешься? Русланд само богато. Правда?

— Праўда. Усё праўда.

— Почему голяд? Говорі! — настойвала яна, пэўна ўстрывожыўшыся ад тых яго слоў.

Ён памаўчаў, ступаючы па траве і нерашуча згадваючы, ці варта гаварыць ёй аб тым. Але ён спазнаў ужо прыхільную лагоднасць яе душы, да якой міжвольна памкнуўся і сам, і ў ім абудзілася даўно ўжо не адчуваная патрэба ў шчырасці.

— У трыццаць трэцім, напрыклад, пагаладалі, бо засуха.

— Вас засуха?

— Якая засуха?.. — Ён сагнуўся і скубануў з долу жменю травы. — Во, калі сонца спячэ ўсё. I трава згарыць. Праз голад і бацька памёр.

Яна здзівілася, аж стала, строгі яе твар спахмурнеў — выпрабавальна-падазроным позіркам яна глядзела на Івана. Але не сказала нічога, толькі выпусціла яго руку і чамусьці адразу зацялася ў сабе. Ён, засмучаны невясёлым успамінам, ціха пайшоў далей.

Так, былі цяжкія гады ў іх мясцовасці. Ратавала, звычайна, бульба, але і яе не заўсёды хапала да новай, і тады на сялянскіх сталах з’яўлялася трава З шчаўя і крапівы варылі якое сёрбава, падбавіўшы жменю мукі, пяклі траўнікі, агорклы смак іх на ўсё жыццё запомніўся Івану.

У трыццаць трэцім, калі асабліва дапякло, Іванаў бацька кінуў усё і паехаў на Украіну шукаць заробку і хлеба. Маці ўжо апухла была, малыя ледзьве хадзілі — добра яшчэ, што выручала карова ды новая бульба. Пад восень прыехаў бацька. I раней не зусім здаровы, у той час ён зусім знямог: як лёг, так і не ўстаў да Каляд. На Каляды пахавалі. Засталося чацвёра малых. Іван, самы старэйшы, мусіў выхоўваць, карміць. Ой, як нялёгка гэта далося! Усё гэта было балючаю праўдай яго жыцця. Толькі як пра яе раскажаш?

Ён задуменна ішоў, пазіраючы ў дол, дзе мільгалі ў траве шызыя яе калодкі і паціху варушыліся, плылі на хадзе два кароткія цені. Джулія пачала, аднак, адставаць, калодкі падаліся назад, ён адчуў нейкую перамену ў яе настроі, але не азірнуўся.

— I Сібірь біль? Плёхой кольхоз біль? — з яўным выклікам у раптоўна пасцюдзянелых вачах азвалася ззаду дзяўчына.

Ён спыніўся і ўважліва паглядзеў на яе.

— Хто табе сказаў?

— Одін плёхой руссо сказаль. Ті хочаш сказаль. Я зналь!..

— Я?

— Ті? Говорі!

— Нічога я не хачу. Што я табе скажу?

— Ну, говорі: Джулія но правда! Джулія ошібка!

Твар яе стаў злосны, вочы востра блішчалі, уся яе нядаўняя прыхільнасць да яго знікла, і ён напружана стараўся зразумець прычыну гэтай яе перамены, таксама як сэнс яе вельмі непрыемных пытанняў.

— Ну, говорі! Говорі!

Відаць, сапраўды яна нешта ўжо чула, можа, у лагеры, а можа, яшчэ ў Рыме. Але ён цяпер не мог пацвердзіць яе здагадак, ён ужо шкадаваў, што ўспомніў пра голад.

— Біль несправьядлівост? — упарта дапытвалася дзяўчына.

— Якая несправядлівасць? Пра што ты гаворыш?

— Невінні люді Сібірь гналь?

Ён выпрабавальна ўгледзеўся ў яе калючыя вочы і зразумеў, што трэба або сказаць праўду, або выдумляць якую адмысловую хлусню. Толькі хлусіць ён не ўмеў і, каб адразу спыніць гэтую прыкрасць між імі, няласкава кінуў:

— Як раскулачвалі — гналі.

Джулія пакутна закусіла вусны.