— Нон правда! — раптам крыкнула яна і нібы ўдарыла яго позіркам — столькі ў яе вачах было болю, крыўды і самае непрыкрытай варожасці.
— Нон правда! Нон! Іван — Влясов!
Яна раптам голасна хліпнула, затуліла далонямі твар. Іван, здрыгануўшыся сэрцам, памкнуўся быў да дзяўчыны, але яна спыніла яго катэгарычным разгневаным «нон!» і пабегла па схіле. Ён стаяў, не ведаючы, што рабіць, і толькі разгублена глядзеў ёй услед. Думкі яго раптам зблыталіся, хлопец адчуў, што сталася кепскае, але як і што паправіць, не ведаў.
Джулія дабегла да жарсцвянае, без кветак, выспы, села і, скурчыўшыся, падцяла калені. На яго нават і не зірнула ні разу.
— Ну і ну! Власаў! — збянтэжана сказаў сабе Іван і, уздыхнуўшы, затаптаўся ў траве.
Здалося, ён сапраўды нарабіў кепскага, недарэчна гэтак парушыў трудна наладжаную і патрэбную ўжо яму чалавечую прыхільнасць яе. Ад усведамлення таго ўсё ў ім заныла, разам асела нядаўняя ціхая радасць, і на душы стала вельмі адзінока.
Ну, ведама ж, яна нешта ўжо чула з таго, што рабілася ў ягонай краіне ў перадваенныя гады, можа, зусім і не так, як гэта было на самай справе. Толькі як растлумачыць усё, каб яна зразумела? Ён ніколі ў жыцці не расказваў нічога пра тыя страшныя гады нават свайму чалавеку, не тое што чужаземцу. Так было лепей. Зноў жа, свае не горш за яго ведалі ўсё, нікога такія навіны не маглі здзівіць. Праўда, у палоне часам здаралася, што хлопцы заводзілі размовы аб мінулым, але перад людзьмі з другіх краін адно толькі хваліліся хараством прыроды, выгодамі свайго дабрабыту. Гэта было зразумела: каму не карціць выглядаць лепей, чым ёсць на самай справе, каму не баліць душа за сваё, роднае? Але Іван у такіх размовах звычайна маўчаў: хваліцца ён не ўмеў, а капацца ў тым трудным, што адбывалася некалі ў краіне, проста не хацеў, сам яшчэ шмат чаго не разумеючы.
Перакідваючы з пляча на плячо скуранку, хлопец таптаўся ў траве; патыліцу і плечы моцна пякло сонца, а ён, колькі ні думаў, усё не мог зразумець, што паміж імі сталася і ў чым тут яго віна. Вядома, пра голад лепей бы прамаўчаць, а наконт яе нядобрых здагадак, дык, мусіць, трэба было б настойлівей паспрабаваць пераканаць дзяўчыну ў справядлівасці нашага жыцця. Хоць і вельмі гэта няпроста было растлумачыць ёй, якая барацьба ішла ў той час на яго зямлі, але, мусіць, трэба было б паспрабаваць тое. Інакш дужа ўжо крыўдна губляць яе давер і павагу да яго. Можа, не грэх было б дзе і схлусіць, толькі… Толькі невыразна яшчэ адчуваў Іван, што справа была тут не ў ім, — за ягонай спіной стаяла нешта вельмі агромністае, усялякае круцельства перад якім выглядала агідай.
Ну, але вось чакай цяпер, хто ведае чаго… Можна было сабе ўявіць, як прыняла б Джулія і яго праўду, выкладзеную па шчырасці, — ці магла яна зразумець усю складанасць таго, што некалі прынесла столькі пакутных перажыванняў яму самому.
Але хай! Няўжо ён з усімі яго яшчэ нямногімі, але сумленна пражытымі гадамі і ўсёй яго верай і шчырасцю можа страціць нешта ў вачах гэтага чалавека з Захаду толькі з-за цяжкіх часін ягонага жыцця? Няўжо прыгожая, на заходні манер загорнутая ў цэлафан мана даражэй за хоць бы і горкую праўду? Не! Калі ў гэтай дзяўчыны чуйнае сэрца, яна зразумее яго і як трэба паставіцца да яго самога, таксама як і да яго вартага павагі народа. Гэта Іван усвядоміў з выразнай упэўненасцю, і яму стала лягчэй і спакайней — нібы штосьці ўжо вырашылася і засталося толькі дачакацца вынікаў.
18
Але дачакацца іх у хлопца не хапіла цярпення.
Джулія, адвярнуўшыся ад яго, крыўдліва сядзела воддаль ды раздумна калупалася ў доле, ён, разважыўшы, узяў скуранку і паціху пайшоў да яе. Яна пачула ягоныя крокі, скаланулася, кінула на яго гняўлівы позірк, затым хуценька падхапілася і пабегла далей. Ён нетаропка ўзышоў на выспу і спыніўся. Трэба было чакаць, а можа, і ісці — ён проста не ведаў, што рабіць. Яна адбеглася на лузе і, не азіраючыся, схавалася за вялізным каменем, што грувастка тырчаў з травы.
Тады ён кінуў у дол скуранку і ніцма лёг на яе, адчуўшы ў сабе рашучасць чакаць, пабачыць, што будзе далей.
Стала горача. Ад нагрэтай сонцам цвёрдай вапняковай выспы, парослай жорсткай, як свінуха, травой, патыхала сухім пыльным жарам — зусім як ад напаленай печы. Потнай гарачынёй заходзіліся голыя Іванавы плечы, спіна; наўкола ў лугавой траве мільгала і пырхала рознакаляровая лятучая драбнота. Іван пазіраў на камень, за якім схавалася Джулія, тая, аднак, не паказвалася. Ад стомы, гарачыні ды няпэўнасці чакання хлопцу пачала дакучаць дрымота. Мусіць, ад ягад або ад спёкі адчуванне голаду зменшылася, затое захацелася піць. «От жа яшчэ не было клопату…» — думаў Іван. Трэба б ісці, як найхутчэй дабірацца да вельмі і вельмі, як ён адчуваў, нялёгкага снежнага хрыбта, знайсці там які пераход, прыдбаць харчу, а тут вось ляжы і чакай. Сапраўды, куды як недарэчна павярнулася ўсё ў гэтым яго даволі ўдалым спачатку ўцёку. Каб не даць дрымоце адолець сябе, ён пачаў дзёўбаць каменным чарапком дол. Аднекуль з травы перад яго тварам з’явіўся вялікі, чорны, з аграмаднымі клюшнямі жук. Пэўна здзіўлены нечаканай сустрэчай, спыніўся, выставіў свае рачыныя вочы і чакаў, грозна варушачы доўгімі гнуткімі вусамі. Іван толькі дакрануўся да яго пальцам, як жук адразу выпрастаў усе свае шэсць ног і апруцянеў. Іван занёс руку, каб пстрыкнуць прэч не дужа прыемнае гэтае стварэнне, як раптам учуў ззаду крокі. Ён крутнуўся ў доле так пругка, што чалавек, пэўна, ад нечаканасці, голасна ікнуў і адначасова з незвычайным спрытам скочыў убок. Падышоў ён ужо зусім блізка і цяпер насцярожана стаяў у траве, уставіўшыся ў Івана нялюдскімі вачыма. Гэта быў усё той жа немец-вар’ят.