Выбрать главу

Зашчацінены, страшны ад пылу немец нешта крычаў, але ён не чуў, бо побач грымеў танк, ды і наогул ён, мусіць, аглух ад грымотаў бою і на кароценькую секунду страціў адчуванне. I тая секунда затым дорага каштавала яму, сляды ад яе ў душы і на целе застануцца, пэўна, навек.

Ён не быў у палку ні героем, ні нават прыкметна смелым — быў як і ўсе: па-пехацінску цягавіты і ў меру засяроджаны. За ранейшыя баі атрымаў тры падзякі Вярхоўнага ды два медалі «За адвагу» і думаў, што на большае і не здатны. I толькі вось тут, у палоне, дзе некаму было ні натхняць на салдацкія подзвігі, ні ўзнагароджваць, ні нават браць пад увагу геройскае, дзе за кожную маленькую правіннасць можна было заплаціць жыццём, — тут у ім хтось абудзіўся, непакорны, дзёрзкі і ўпарты. Тут ён убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель — не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне.

— Отдаль хляб? — раптам раздаўся над ім голас Джуліі.

Ён унутрана здрыгануўся ад неспадзеўкі, але тое, што яна падышла, пранізала яго радасцю, і хлопец хуценька павярнуўся на доле.

— Отдаль хляб? — з зацятай устрывожанасцю на твары пыталася Джулія. — Мі нон Тріесто? Аллес фініта? Да?

— Ну, што ты! — сказаў ён і ўсміхнуўся. — Толькі скарынку аддаў.

Яна нахмурыла лоб і пільна глядзела на яго. Тады ён дастаў з кішэні апошні кавалак.

— Во, толькі скарынку, разумееш?

Пераадольваючы штосьці ў сабе, Джулія прамаўчала. Лоб яе, аднак, паступова разгладжваўся.

— Мі ідет Тріесто? Правда? Но?

— Пойдзем, канечне. Адкуль ты ўзяла, што не пойдзем?

На яе твары ўсё яшчэ адбівалася нешта труднае. Дзяўчына, цярэбячы на грудзях куртку, відаць, нешта вырашала і раптам кінулася да яго на дол. Паставіўшы калені, яна абляглася на іх рукамі і схавала ў рукавы твар.

— Руссо! Ты карошы руссо, — загаманіла яна і адной сваёй рукой паціснула яго руку. — Нон Влясов. Буно руссо. Джулія плохо.

— Ну, нашто так? — з раптоўнай няёмкасцю ад тых слоў запярэчыў Іван. — Нашто? Не трэба…

— Очен, очен, — не слухаючы яго, казала яна. Відаць, штосьці ў яе, раптам выбухнуўшы, памалу адбалела за пакутную гадзіну іх ростані, нешта яна зразумела і цяпер папрасіла: — Іван нон бёзе Джулія… Нон бёзе?

— Нічога, усё добра.

Седзячы ў доле, ён ашчадна ўзяў у свае рукі яе маленькую мяккую далоньку. Дзяўчына не адабрала яе.

— Нон бёзе Іван, — сказала яна і зірнула ў ягоныя вочы. — Нон бёзе Джулія. Іван знат правда. Джулія нон знат правда.

— Ладна, ладна… Ты гэта во што…

— Джулія очен, очен уважат Іван, любіт Іван, — сказала яна.

Ягоныя рукі з яе далонькай у іх ледзьве прыкметна ўздрыгнулі.

— Ты… піць не хочаш? Вады, га?

— Вода? Аква?

— Ага, вады, — узрадаваўся ён. — Вунь там, здаецца, ручай. Айда?

Ён хуценька ўскочыў, яна таксама ўзнялася, абхапіла яго руку вышэй локця і шчакой прыціснулася да яе. Ён другою пакратаў яе валасы, пагладзіў, яна неяк унутрана насцярожылася, і ён таропка апусціў руку. Так абое яны, зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу.

19

Ручай быў неглыбокі і гаманкі — шырокі паток ледзяной вады з гор шалёна імчаў па камянях, віруючы пенай і размашыста плёскаючы на нізкія заліўныя берагі. На адным лугавым завароце ён намыў на траве шырокую касу шэрага жвіру, перайшоўшы якую, Іван і Джулія ўволю напіліся з прыгаршчаў, і дзяўчына адышлася на бераг. Іван тым часам падкасаў разадраныя сабакам штаны і ўвайшоў у ваду глыбей. Ногі заламала ад сцюжы, імклівая плынь сілілася паваліць, але яму хацелася памыцца, бо пот раз’ядаў твар. Хлопец памацаў свае шархоткія, з ладнай ужо бародкай пашчэнкі, памкнуўся было зірнуць на іх у ваду, толькі дарма: у імклівай яе каламуці нічога, апроч камянёў ды пены, нельга было ўгледзець. «Мусіць, зарос, як бандзюга», — падумаў ён і азірнуўся на Джулію.

— Я страшны, няголены? — запытаў ён у дзяўчыны, але тая не азвалася — як села, так і сядзела ў задуменнасці і пазірала ў адно месца на беразе. — Кажу, я страшны? Як дзед, мусіць?

Яна страпянулася, услухалася, намагаючыся зразумець яго думку, — ён усё церабіў свае кучаравыя сківіцы, — і яна здагадалася.

— Карашо, Іван. Очен вундэршон.

Іван пачаў мыцца і думаў, што з ёй нешта сталася — дзяўчына, відаць, чымсь устрывожана, штось перажывае; гэткая засяроджаная яна не была нават у час уцёкаў, пад носам у немцаў. Зусім не ў яе характары была такая раздумнасць, гэта штосьці труднае ёй прычыніў ён, Іван. А Іван, наадварот, чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Яму было добра з ёй і хацелася развеяць яе клопат, убачыць яе ранейшай — вясёлай, рызыкоўнай, даверлівай. Мусіць, трэба было б улагодзіць яе, супакоіць, толькі Іван не мог пераступіць нейкую мяжу між імі, хоць і хацеў таго. Нешта няўрымсліва зваблівае ажывала ў ім да дзяўчыны і ў той жа час стрымлівалася, вагалася, пакутна марудзіла.