— А гэта?
— Гентіна пірінеіка, — сказала яна, узяўшы з яго рук два невялічкія сіненькія гарлачыкі на жорсткай лісцявой сцяблінцы.
— Усё ведаеш. Малайчына. Толькі па-латыні…
Джулія тым часам як-колечы перавязала рану — зверху на перавязцы адразу ж выступілі дзве рудыя пляміны.
— Лежі надо. Тіхо надо, — запатрабавала яна.
Ён з нейкаю несур’ёзнай паблажлівасцю да яе турботы падпарадкаваўся, выцяг нагу і лёг на бок тварам да дзяўчыны. Яна падцяла пад сябе ногі і паклала руку на яго гарачую ад сонца галёнку.
— Карашо руссо. Карашо, — казала яна, беражна пагладжваючы яго нагу.
— Харошы, кажаш, а не верыш. Власаўцам абазвала, — успамінаючы нядаўні разлад, з папрокам зазначыў Іван.
Яна ўздыхнула і разважна сказала:
— Но влясовец. Джулія верішь, Іваніо знат правда. Джулія но понімат правда.
Іван пільным, працяглым позіркам паглядзеў у яе строгія вочы.
— А што ён табе гаварыў, той власавец? Ты дзе яго слухала?
— Лягер слушаль, — з гатоўнасцю адказала Джулія. — Влясовец говорі: руссо кольхоз голяд, кольхоз плёхо.
Іван усміхнуўся:
— Сам ён свалата. З кулакоў, відаць. Вядома, жылі па-рознаму, не такі ўжо ў нас і рай, як ты думаеш. Я, праўда, не хацеў табе ўсяго гаварыць, але…
— Говоріт, Іван, правда! Говоріт! — настойліва папрасіла Джулія.
Ён сарваў пад рукамі рамонак і таксама ўздыхнуў.
— Былі неўраджаі. Праўда, розныя і калгасы былі. I зямля не ўсюды аднолькавая. У нас, напрыклад, адно каменне. Ды яшчэ балоты. Вядома, прыйшоў бы час, дабраліся б і да зямлі. Балот вунь колькі асушылі. Трактары ў вёсцы з’явіліся. Машыны розныя. Дапамога немалая мужыку. Вайна толькі ўсё да халеры спляжыла…
Джулія пасунулася да яго бліжэй.
— Іван говорі Сібірь. Джулія думаль: Іван шутіль.
— Не, чаму, была і Сібір. Высылалі кулакоў, каторыя заможныя. I ворагаў розных падабралі. У нас у Цярэшках таксама чацвёра аказалася.
— Ворагі? Почему ворагі?
— За буржуяў стаялі. Кароў калгасных сапам — хвароба такая — хацелі заразіць.
— Ой, ой! Какой плёхой челёвэк!
— Вось так. Праўда, можа, і не ўсе. Але па дзесяць год далі. Нізавошта не далі б. Дык іх таксама ў Сібір. Перавыхоўвацца.
— Правда?
— Ну, а як ты думала?
Лежачы на баку, ён засяроджана абрываў рамонак.
— Іван очен любіт свой страна? — пасля кароткага маўчання запытала Джулія. — Белоруссіо? Сібірь? Свой кароші люді?
— Каго ж мне яшчэ любіць? Вось калі бацька памёр, трудна было. На бульбе жылі. Дык то адна цётка ў вёсцы прынясе чаго, то другая. Сусед Апанас дровы прывозіў. Пакуль я падрос. Але пападаліся і сволачы. Знайшліся такія — нагаварылі на настаўніка нашага Анатолія Яўгеньевіча — ну і ўтапілі. Сумленнага чалавека. Бывала, усё са старшынёй калгасным лаяўся з-за непаладак. За народ клопат меў. А сказалі — супраць улады выступаў. Таксама дзесятку далі. Памылкова, вядома.
— Почему но защіцаль честно учітел?
— Зашчышчалі. Пісалі. Толькі…
Іван не дагаварыў. Міжвольныя гэтыя ўспаміны выклікалі ў ім невясёлы роздум, і ён ляжаў, кусаючы зубамі абскубаную сцяблінку рамонка. Заклапочана-ўважлівая Джулія ціха гладзіла яго забінтаванае гарачае калена.
— Усё было. Старое ламалі, перабудоўвалі — нялёгка гэта далося. З крывёй. I ўсё ж труднае хутка забываецца, помніцца добрае. Часам здаецца: нічога гэтага і не было. Жылі цяжка, клапотна, можа, і несправядліва ў чымсьці. Але ў міры. А гэта галоўнае. Я вось думаю калі: няхай бы зноў усё вярнулася — і цяжкасці, і голад, але без вайны каб. Усё б адолелі. Справядлівейшыя былі б. Пасля такой крыві, гэта ўжо пэўна.
— Руссо феномено. Парадоксо. Удівітелно, — горача загаварыла Джулія.
Іван, выплюнуўшы сцяблінку, перабіў яе:
— Што ж тут дзіўнага: барацьба. У акружэнні, сярод буржуазнага свету жылі. Чырвоную Армію ладзілі.
— О, армата Россо побеждаль! — падхапіла Джулія.
— Ну вось. Сілу якую накапілі. А пасля вайны, калі гэтую сілу на гаспадарку пусціць, ого!..
— Джулія много слышаль Россія. Россія само болшой справьядлівост. — Яна памаўчала і, здаецца, штосьці прыпомніўшы, варухнула брывамі. — Джулія за етот мыслі от фатэр, іль падрэ, батіка то ест, убегаль. Рома батіка делай вернісаж — юбілей фірма, біль многа гост, біль офіцір СД. Офіцір біль Россія. Офіцір говоріль: «Россія плёхо, бедно, Россія нон култур». Джулія сказаль: «Ето обман. Россія лючше Германіі». Офіцір сказаль: «Фройлін — камуністі?» Джулія сказаль: «Нон комуністі — правдісті». Ла падрэ ударяль Джулія. — Яна кораценька дакранулася да шчакі. — Пощёчін ето по-рускі. Джулія убегаль вернісаж, убегаль Маріо Наполі. Маріо біль комуністо. Джулія думаль: руссо карашо. Лягер Іван бежаль, Джулія бежаль. Руссо Іван герой!