Выбрать главу

У рове цямнела, невыразна расплываліся твары людзей, але яны, здаецца, адразу падабрэлі, ажывіліся і павесялелі, успомнілі нядаўнія дні, калі яны былі не акружэнцы, не лясныя бадзягі, а байцы рот і палкоў. Побач былі разумныя камандзіры, была зброя, і яны мелі сілу. Іх напаткаў нялёгкі лёс, яны шмат папакутавалі, але ўсё ж не скарыліся. Разгорнуты сцяг абудзіў у іх было прытупелае пачуццё вайсковай годнасці, надаў спрыту, і яны хуценька і старанна пастроіліся па два.

— Раўняйся! — камандаваў сержант. — Смірна!

Ён не бачыў, але адчуваў у цемры, як трохі паспешліва выцягся старшына, як расправіў згорбленыя плечы Нупрэеў, як няўмела яшчэ патупаў нагамі дзед, прыстройваючыся на левым фланзе. Потым усе дружна з маўклівай урачыстасцю ў сэрцах пакрочылі па сцежцы.

I яны ішлі так, не дужа згодна і не ў нагу, але адной кучкай — шорхалі па сцежцы іх стаптаныя падэшвы, ціхенька шапацела ўгары цяжкае палотнішча сцяга. Ніколі яшчэ з таго страшнага дня не было так спакойна і радасна ў Петрусёвым сэрцы. Не бяда, што сталася столькі пакут, усё перажытае быццам засталося ззаду, а цяпер над ім — родны сцяг, побач добрыя людзі. А калі мо’ здарыцца не стане яго, не стане Нупрэева, дзеда, Агальцова, — знойдуцца другія смелыя рукі і гэтак жа высока ўзнімуць над галовамі важкі, імклівы, трапяткі і прызыўны чырвоны сцяг. Ад тае думкі спакойна неяк і надзейна стала ў хлопцавым сэрцы, і ён нават падзівіўся, як мог толькі баяцца за сваё жыццё, такое маленькае і нязначнае ў мільённай грамадзе іншых чалавечых жыццяў.

Раздзел дзевяты

Калі аўражная сцяжынка прывяла байцоў да дарогі, над прасторамі ўжо добра ўсталявалася летняя ноч.

Перш, чым вылезці на дарожны насып, Пятрусь прыслухаўся — было ціха, толькі пад мастком маркотна булькаў ручай ды недзе, захліпаючыся, квакалі жабы. Аднак гарэзная весялосць ужо прайшла, трэба было вельмі асцерагацца, і Пятрусь, зняўшы палотнішча з дрэўка, зноў упакаваў яго ў рэчавы мяшок. Тады хлопцы нясмела яшчэ ўзлезлі па адхону — Пятрусь з Агальцовым наперадзе, астатнія ззаду. На дарозе яны зноў агледзеліся і ўслухаліся і, поўныя ўвагі, паціху пайшлі на ўсход.

Увесь час Пятрусь пільна глядзеў наперад і штораз азіраўся назад, каб у час заўважыць якую небяспеку. Але навокал было ціха. Невядома, ці былі дзе вёскі, мо’ скрозь ляжалі пустыя палі, бо нідзе не бачна было ніводнага агеньчыка, не чутна ніводнага чалавечага гуку.

Аднойчы ззаду нагнала іх нейкая машына. Яна фарамі бліснула над алешнікам, хлопцы шаснулі за канаву, паляжалі крыху, прапускаючы яе, і зноў выйшлі на дарогу.

Колькі часу яны ішлі так, ніхто і не прыкмеціў нават. Ісці было лёгка, спорна крочылі ногі па гладкай дарозе, наўкола ляжала маўклівая ноч.

У нейкай нізіне яны натрапілі на змрочны сілуэт пакінутай машыны. Агальцоў першы асцярожна абышоў яе, зазірнуў у расчыненую кабіну, памацаў там нешта. Навокал не было больш нікога, высока задраўшы кузаў, машына пярэднімі коламі стаяла ў канаве. Хлопцы таксама спыніліся, цікавячыся, што гэта старшына даследуе там. Сержант ужо хацеў паклікаць яго, каб ісці далей, калі Агальцоў крыкнуў з кабіны.

— Гэй, каго пракаціць? Займай месцы!

Пятрусь падумаў, што хлопец жартуе, але той і сапраўды нешта надумаўся і, лязгаючы жалезам, штосьці шукаў. Нарэшце, відаць, знайшоўшы, забег наперад, за радыятар, і гукнуў Жука.

— Давай крутані.

Жук узяўся круціць ручку, а старшына ўсё лязгаў нечым у кабіне, і, нарэшце, на здзіўленне ўсіх, машына завялася.

— А ну, давай штурханём трошкі! — зухаватым шафёрскім тонам закамандаваў старшына. — Раз-два, узялі! А ну, давай, мацней штурхай!

Не цямячы яшчэ, навошта гэта трэба, людзі сышлі ў канаву і ўперліся рукамі ў радыятар. Старшына моцна газануў, і машына паволі выпаўзла на дарогу.

— Сядай, пяхота, газанём пару кіламетраў! — камандаваў Агальцоў.

— Пастой! Куды сядай? — запярэчыў Пятрусь. — А хто павязе?

— Хто? Вось дзівакі! Шафёр трэцяга класа старшына Агальцоў, вось хто.

— Каб ты ў канаве нас не падушыў, шафёр гэтакі, — сказаў Нупрэеў.

— Ты што, не верыш? — здзівіўся старшына. — Запытайце ў Жука.

Жук сціпла пацвердзіў:

— Ага. Старшына да службы год машыну вадзіў.

— Чуў? Цэлы год. Такі ж самы, брат, цудоўны драндулет ЗІС-5.

Пятрусь маўчаў і не ведаў, як паставіцца да гэтай новай задумы старшыны. Было вельмі спакусліва праехаць колькі кіламетраў на машыне, але зноў жа было вельмі боязна за сцяг. Трапіўшы ў рукі ворага, ужо наўрад ці ўдалося б у другі раз уратаваць яго, а трапіць да іх у рукі з аўтамабілем было не дужа хітра. Сержант усё разважаў і вагаўся, але вось з-за пагорка наперадзе зноў віхлянуліся ў небе далёкія сінявата-празрыстыя промні аўтамабільных фар. Яны ўздрогнулі, ляглі ніжэй, потым павярнулі ўздоўж дарогі, і пад імі выразным гарбом абмаляваўся чорны пагорак.