А зямля ўсё вагалася, кружылася неба, праз паўрасплюшчаныя павекі ён незвычайна зблізку бачыў пяшчотную акругласць яе шчакі, пакрытай маленькімі, высвечанымі сонцам варсінкамі; гарачай ружовасцю ззяла падсветленая ззаду тоненькая ракавіна вуха. Ён пацягнуўся да яе мочкі з ледзьве прыкметным следам ад дзірачкі, ціхенька намацаў яе губамі — Джулія пругка трапятнулася целам.
Пэўна абуджаны гэтым яе рухам, недзе ўнутры ў ім разгублена азваўся незнаёмы, зусім тут чужы голас — ён завагаўся, запратэставаў, ён чагосьці баяўся. Мусіць, у яго не было аргументаў, настойлівых, неабвержаных доказаў — уся логіка яго адмаўлення ўвасобілася ў пытаннях-дакорах: «Навошта? Навошта?.. Што ты робіш?.. Што робіш? Ты ведаеш, хто яна? Ты вельмі мала ведаеш… Не, ты зусім не ведаеш! Адкуль яна? Ты прыпомніў, з якога свету?»
Іван стараўся не слухаць, заглушыць у сабе недаверка, ён не хацеў нічога ведаць цяпер, ён адчуваў, як віраваў, плёскаўся, гуў ручай, гула на ўсю глыбіню зямля, трубнымі хорамі ўторыў ёй настырны і ўладарны парыў душы…
Мусіць, зямная вось у той час нахілілася, аднак ён не заўважаў — ён гатовы быў рынуць у бяздонне, цяпер нічога не мела значэння: у ягоных руках была яна. Яна — тая незямная і нязнаная, затанулая ў нясцерпным буйстве макавай чырвані, прыціхлая, маленькая, аслабелая і таму яшчэ болей магутная — над зямлёй, над сабой, над ім…
Недзе зусім блізка пад імі, здавалася, у глыбінных нетрах зямлі гуў, імкнуў, струменіў шалёны паток, ён цягнуў, вабіў у свае неспазнаныя нетры-глыбіні; у хлопца не стала сілы супраціўляцца яму… Яна забілася рыбінай, заплескатала ў ягоных руках, на шырока расхінутых вуснах нараджаліся і паміралі словы — чужыя, родныя, вельмі зразумелыя словы…
Толькі словы цяпер не мелі значэння.
Зямныя нетры, і горы, і магутныя гімны ўсіх патокаў зямлі затаіліся і згодна благаславілі вялікую таямніцу жыцця…
21
Абудзіўся ён раптам, трывожна-радасным намаганнем волі — схамянуўся ад думкі, што заснуў і даў знікнуць са свайго жыцця чамусьці надзвычай вялікаму і радаснаму.
Іван прыўзняў галаву, разам усё згледзеў і заўсміхаўся ад таго, што дарма напалохаўся — нічога не знікла, не прапала, нават не прыснілася, як здалося ўпачатку. Упершыню за шмат год ява была шчаслівейшая за самы радасны сон.
Джулія ляжала ніцма, спакойна паклаўшы павернутую набок галаву на выцягнутую ў траве руку, і спала. Дыханне яе, аднак, не было мерным і роўным, як у сонных людзей, — часам яна замірала, нібы прыслухоўвалася да чагось, з перарывам выдыхала, затым ішло некалькі роўных кароценькіх уздыхаў і — стрыманы радасны выдых. Крыху раскрытыя вусны яе ўвесь час варушыліся. Ён падумаў спачатку, што яна шэпча, але слоў не было, вусны, мабыць, толькі адбівалі таямнічыя праявы яе сну, таксама як і шчокі, павекі вачэй, якія і ў сне торгаліся, варушыліся, уздрыгвалі. Але ўсе гэтыя навеяныя сном перажыванні яе былі лагодныя і ціхія, — мусіць, снілася ёй штосьці шчаслівае, і на вуснах час ад часу праступала добрая, сцішаная ўсмешка.
Іван павярнуўся на бок і сеў. Пэўна, яны доўга праваляліся ў гэтым лаўжы, сонца ўжо спаўзло з небасхілу і, мабыць, заходзіла за счарнелым горбам спарыша-вяршыні. Без сонечнага святла дужа сціпла, амаль непрытульна выглядаў такі ўрачыста-зіхоткі ўдзень луг. Далячынь густа спавілася туманам, і хоць хмар не было, змрочная туманістая смуга падмыла далёкія хрыбты гор, дашчэнту затапіла даліну. Мядзведжы хрыбет страціў усё сваё лясное падножжа і, яшчэ ярка ззяючы срэбрам вяршынь, нібы падталы, плаваў у дымчатым туманным моры. Гэта было апошняе развітальнае святло незвычайнага і нечаканага, як узнагарода, сённяшняга Іванавага дня. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка.
Ён зноў павярнуўся да Джуліі, — мусіць, трэба было паднімацца і ісці, але яна спала так соладка, так бездапаможна-знясілена, што ён проста не адважыўся парушыць гэты, такі патрэбны ёй, сон. Ён пачаў прагна глядзець на яе рухавы і ў сне твар, так, быццам упершыню бачыў яго. Цяпер, пасля ўсяго, што між імі сталася, кожная яе ўсмешыстая рыса, кожны рух набывалі свой паглыблены сэнс. Хацелася пазіраць так, бясконца, уважліва пазнаваць пачуццём зманлівую таямніцу чалавечай душы. Наперакор усяму ён адкрыў у ёй неспадзяванае — сціплае і радаснае — і, здаецца, ледзьве не захлынуўся быў у той сваёй першай хмельнасці. Цяпер, праўда, хмельнасць крыху апала, выраўнялася, але затое адчуванне шчаслівасці стала яшчэ большае, і ягоны недаверак-голас змоўк назаўжды. Наогул ён быў проста дурань, што так доўга сумняваўся ў гэтым чысцейшым і, мусіць, самым бескарыслівым у свеце стварэнні. Спасцігшы тое цяпер, ён, не кратаючыся, як на чароўную таямніцу прыроды, глядзеў і глядзеў на яе — маленькае чалавечае дзіва, гэтак позна і радасна адкрытае ім у жыцці, і не адчуваў у сабе ні пагарды да яе, ні чагось брыдкага; было толькі нешта ціхае, добрае, яно да краёў напаўняла яго пяшчотай.