Выбрать главу

Немцы яшчэ не бачылі іх. Уцекачы, нямала прабегшы, ужо далекавата адышліся. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. «Хоць бы вытрымала! Хоць бы яна вытрымала!» — прагна жадаў Іван, бо ў такім іх становішчы толькі ўласныя ногі маглі даць паратунак. I трошачкі аддыхаўшыся, ён зноў тузануў яе за руку. Яна — відаць было — бегла з вялізным напружаннем, але не адставала ад яго.

Шумна дыхаючы, яны ўзбеглі ўжо куды вышэй сярэдзіны лугу, ногі па калені намоклі ад расы, бег іх, аднак, з кожнай хвілінай станавіўся маруднейшым. Іван пачаў прыкметна накульгваць на правую нагу, якая стала надзіва непаслухмянай, нібы пераседжаная. Спачатку ён так і падумаў, што, задрамаўшы, адседзеў яе, але непадуладная млявасць у ёй не міналася, пад каленам круціла сухажылле. Джулія неўзабаве заўважыла тое і спалохана тузанула яго за руку:

— Іваніо, нога?

Ён правалок нагу па траве, стараючыся ступіць як мага натуральней, але гэта яму не дужа ўдалося. Тады Джулія, азірнуўшыся, кінулася да яго на калені і ўчапілася ў штаніну, хочучы агледзець рану.

— Надо вязать, да? Я немножко вязать, да?

Ён настойліва адхіліў яе рукі.

— Нічога не трэба. Давай хутчэй.

— Болно, да? Болно? — пыталася яна, зацяўшы трывогу ў вялізных сваіх вачах і запытальна ўглядаючыся ў яго. Ад стомы пад паласатай куртачкай шалёна хадзілі яе грудзі. Ускінутыя над вачыма жорсткія бровы нервова трымцелі.

— Нічога, нічога…

Перамагаючы боль, ён таропка пакульгікаў вышэй. Джуліна рука выслізнула з яго пальцаў, і ён не ўзяў яе — дзяўчына, штораз азіраючыся, бегла побач.

— Іваніо, аміка, мі будэм жіт? Скажі, будэм? — з роспаччу, ад якое разрывалася сэрца, пыталася яна на бягу.

Хлопец зірнуў на яе, не ведаючы, што адказаць, і ўбачыў столькі мальбы і надзеі ў яе позірку, што паспяшаўся схлусіць:

— Будзем, вядома. Хутчэй толькі…

— Іваніо, я хютчэй. Я бістро. Я карашо…

— Добра, добра.

Яны ўжо дабеглі да верхняе мяжы лугу. Тут недзе ў камянях пачыналася сцежка, па якой яны трапілі сюды ўначы. У гарах-скалах, мусіць, можна было б затаіцца. Але воблака, пэўна, ужо спаўзло з лугу, навокал яшчэ болей развіднела, туман увачавідкі радзеў, у праяснелых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. «Чорт, няўжо не вырвемся? — затрымцела трывожная думка. — Няўжо згледзяць? Не, таго не павінна быць!» — супакойваў сябе Іван і крочыў усё вышэй. Маючы немалы вопыт уцёкаў, ён разумеў усю складанасць такога становішча і ведаў, што калі немцы заўважаць іх, то, бадай, ужо не выпусцяць.

Сцяжыны, аднак, не было, яны ўсё лезлі па травяністым лугавым схіле. Добра яшчэ, што пад’ём быў некруты, адно дапякалі нізкарослыя зараснікі рададэндрану, якія моцна скалолі іх босыя ногі. Праўда, трохі вышэй пачынаўся хваёвы сланік, у ім ужо можна было схавацца. Джулія не адставала, дарма ён непакоіўся: босая, з акрываўленымі ступнямі, яна лезла трошкі ўперадзе ад яго, і, калі азіралася, ён бачыў на твары такую рашучасць уберагчыся ад бяды, якой не прыкмячаў за ўвесь іхні шлях ад лагера. Цяпер ёй быццам не шкодзілі ні камяні ў доле, ні стома, ні калючкі і патырчакі, — здаецца, нібы тыгрыца, яна гатова была люта змагацца за жыццё.

— Іваніо! Скора, скора!

Ужо яна падганяла яго! Адзначыўшы гэта, Іван сцяў зубы, — здаецца, справы ягоныя станавіліся дрэнь: нага ўсё болей налівалася цяжарам. Ён цішком саўгануў разадраную штаніну ўгору і зараз жа апусціў — калена азызла, пасінела і зрабілася тоўстае, як бервяно. «Што за халера яшчэ — няўжо заражэнне?..»

А тут, як на бяду, апошняе клочча воблака праплыло міма — луг стрымана зардзеў чырванню маку. I зараз жа з туману выплылі адна, другая, трэцяя, змрочныя, як тыя камяні, постаці немцаў. Чалавек восем іх стомлена ішло цераз луг, топчучы кветкі, зазіраючы ўгору на схіл.

Далей ужо можна было не хавацца…

Іван сеў, кінуўшы на дол скуранку, побач спынілася панылая, здалося, разгубленая Джулія — некалькі секунд ад дыхавіцы яны не маглі вымавіць ні слова, толькі нема глядзелі на сваіх даганятых. А тыя адразу ж загаманілі, нехта, выцягваючы руку, паказваў на іх, данёсся зычны вокліч каманды. Усярэдзіне ланцуга валокся чалавек у паласатым, рукі яго, здаецца, былі звязаны за спіной, і двое канваіраў, калі ён спыніўся, штурхнулі яго ў плечы. Гэта быў, відаць, усё той жа вар’ят.