Джулія, аднак, пэўна, таго не бачыла і не адчувала. Занятая сваркай з немцамі, яна крыху адстала, а пасля таропка даганяла яго. Ён, задыхаўшыся, прысеў і выцяг уніз хворую нагу.
— Іваніо, нога? — спалохана глянула яна знізу.
Ён не адказаў.
— Нога? Дай нога!
Ён моўчкі ўстаў і зноў паглядзеў на кручу, яна таксама зірнула туды, агледзела гэтую сцяну, і позірк яе ўстрывожыўся.
— Іваніо!
— Ладна. Пайшлі.
— Іваніо!
Яе твар зноў перасмыкнуўся, нібы ад болю, яна азірнулася — немцы таропка лезлі іхнім жа следам.
— Іваніо, морто будэм! Нон Тэрэшкі? Аллес нон?
— Давай хутчэй! Хутчэй! — не адказваючы, строга прыкрыкнуў ён, бо інакшага выйсця, як толькі павярнуць у сланік, у іх не было.
I хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Адразу калючыя іголкі сотнямі ўпіліся ў ногі, але ён не зважаў на іх — ён ашчаджаў толькі калена, ад болю і напружання на лбе высыпаў сцюдзёны пот. Не дужа асцерагаючыся, толькі сабраўшы ў вузел усё трыванне, ён ашалела палез сярод сланіку ўбок, у абход кручы.
— Ой, ой! Ой! — роспачна войкала Джулія, але таксама лезла за ім — не вельмі ўмела, не разбіраючы шляху, часта чапляючыся за калючча і падаючы.
Ён не супакойваў яе і не падганяў — ён толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы.
Праўда, на гэты раз ім пашанцавала, яны амаль што дабраліся да верхняе мяжы зарасніку, калі ўнізе з-за кручы вылез першы эсэсман. Тут ён рабіўся ўжо небяспечны, бо яны хоць і адышліся далей, але мала ўзняліся ўгору — розніца ў вышыні паміж імі і немцамі была невялікая. Як толькі немец узняў галаву, каб згледзець іх, Іван таропка прыцэліўся з пісталета і стрэліў.
У гарах гулка пакацілася адгалоссе.
Вядома, ён не пацэліў: было далекавата, але немец засцярожліва шаснуў пад абрыў, і ў паветры затым разнеслася доўгая рассыпістая чарга. «Тр-р-р-р-рт… Тр-р-р-р-т… р-р-р-рт… р-р-т…» — усё далей адносячы, размножылі чаргу горы. Калі рэха сціхла, уцекачы кінуліся далей. Нечаканы пісталетны стрэл, пэўна, збянтэжыў немцаў, і на кручы нейкі час ніхто не паказваўся. Пасля на краі яе з’явілася паласатая постаць.
— Іваніо, гефтлінг!
Вар’ят, шырока расставіўшы ногі, узлез на кручу і, хістаючыся, закрычаў ім сваім недарэчна сарваным голасам:
— Руссэ! Руссэ! Хальт! Ворум ду гэйст вэг? Зі волен брот гэбэн[49].
— Цурюк! — крыкнуў Іван. — Шіссен!
Вар’ят угнуўся і кінуўся назад, там на яго, чуваць было, закрычалі немцы і, крыху счакаўшы, амаль адначасова ўсе, колькі іх было там, высыпалі з-за абрыву.
Здаецца, становішча ўсё горшала. Да седлавіны, дзе канчаўся сланік, было зусім блізка, але ўжо тут немцы маглі дастаць з аўтаматаў. Трэба было як-небудзь затрымаць іх і прарвацца за седлавіну. Іван укленчыў, прысланіў ствол пісталета да хісткае галіны сланіку і стрэліў другі раз, затым трэці. Пасля ўгнуўся, стаіўся ў нізкарослым гушчары, да яго на чацвярэньках шаснула Джулія.
— Іван, нон патрон аллес! Нон аллес![50]
Ён зразумеў, дакрануўся да яе худзенькага пляча, супакойваючы, — два патроны ён, вядома, пакіне на самы паследак. Ён чакаў страляніны з боку немцаў, але тыя маўчалі: шырока разбегшыся, яны таксама палезлі ў сланік. Тады ён ускочыў і, прыгінаючыся, каб хоць троху прыкрыцца, пакульгікаў угору, да седлавіны збок кручы.
Мусіць, немцы ўсё ж зрабілі памылку, што, гледзячы на іх, самі падаліся ў сланік. Гэты зараснік, аказваецца, не толькі затрымліваў рух, ён яшчэ не даваў бачыць, прыцэліцца, і пакуль яны валакліся там, Іван з Джуліяй, ледзьве жывыя ад стомы, дабраліся да седлавіны.
З апошніх сіл, усім целам чакаючы стрэлаў ззаду, яны дабеглі да яе і кулямі скаціліся на другі бок. Іван перш-наперш акінуў позіркам новы далягляд — з аднаго боку аж пад самыя нізка навіслыя аблокі ўзнімаўся гэткі ж, як і ззаду, круты камяністы схіл, з-пад ног гонка каціўся спуск у лагчыну, за якой пачыналася новая невысокая горная складка. Сям-там раскіданыя над гарамі, плылі белыя, як авечы статак, аблокі; вышэй ад іх суцэльная навісь хмар закрывала снегавыя вяршыні.
Як толькі яны выбеглі з седлавіны, Джулія, склаўшы ля грудзей далоні, упала на калені, і вусны яе таропка-таропка зашапталі нейкія словы.