Джулія ламала рукі, у роспачы аглядвала змрочныя дзікія закуткі гор і кідала кароткія позіркі на тых, што не адыходзілі, сядзелі, пільнавалі іх тут.
— Іваніо! Где ест Бог? Где ест мадонна? Где ест справьядлівост? Почему нон кара фашізм? — пытала яна, роспачна выцягваючы на каленях тонкія смуглявыя кісці.
— Ёсць справядлівасць! — прахопліваючыся ад гора, крыкнуў ён. — Будзе кара! Будзе!
— Где ест кара? Где? Энгліш? Амерікано? Советуніон?
— Так! Савецкі Саюз! Ужо ён не даруе ім гэтага! Ён паламае хрыбты гэтым сволачам!
— Да? Правда? Советуніон сілно? Правда?
— Ну, вядома.
Джулія з раптоўнай абнадзейнасцю ў вачах памкнулася да яго.
— Он карашо? Справьядліво? Благородно? Іваніо вчера говорі неправду, да? Шутіль, да?
Ён сцяўся, як ад удару, адчуўшы сэнс тых яе слоў, што вырваліся з напоўненае тугою душы, некалькі секунд напружана згадваў, а пасля, быццам у новым святле і зусім інакшым, чымсьці раней, убачыў і яе, і сябе, і далёкую сваю радзіму, і тое, чым яна была для яго ўсё жыццё і чым магла быць.
— Да! — рашуча сказаў ён. — Я жартаваў. Я хлусіў. Усё тое няпраўда. Мая радзіма — цудоўная. Добрая. Справядлівая. Лепш за яе няма. I людзі, і зямля! А што яшчэ будзе! Пасля вайны! Як павесяць Гітлера. Ты пабачыш…
У неадольнай нястрымнасці ён ірвануў з долу жорсткія на камянях нараслі моху, у душы яго ўзнялася вірлівая хваля шырокага, да болю нясцерпна-тужлівага пачуцця да сваёй далёкай краіны, падступіла да горла, сцяла. Ён болей нічога не мог сказаць, бо адчуў, што гатовы заплакаць, чаго ніколі з ім не здаралася.
Джулія, мусіць, заўважыла тое і лагодна дакранулася да яго калена.
— Зачем так шутіль? Плёхо шутіль…
— Прабач.
Але немцы нядоўга дзівіліся іхняе вольнасці — неўзабаве нехта з іх сарваў аўтамат і, не цэлячыся, выпусціў чаргу. Кулі сям-там выбілі на камянях таропкія дымкі, якія хутка падхапіў вецер. Іван тузануў Джулію за палу скуранкі, дзяўчына неахвотна ўгнулася і затуліла галаву за камень. «Страляйце, сволачы, страляйце! Хай чуюць, — падумаў ён, маючы на ўвазе лагер, у якім заўжды прыслухоўваліся да кожнага стрэлу з гор. — Хай ведаюць: яшчэ жывыя!»
Некалькі хвілін яны ляжалі за каменным бар’ерам і слухалі, як над цяснінай веснавым громам грукаталі чэргі. Кулі, аднак, рэдка заляталі сюды: мусіць, немцы болей палохалі. Пасля аўтаматы змоўклі, далёка адляцеўшы, рассыпалася і яшчэ не паспела заглохнуць рэха, як аднекуль з-пад лугу данесліся новыя, вельмі знаёмыя гукі. Ускінуўшы голаў, Джулія памкнулася нешта сказаць, але Іван жэстам спыніў яе, — абое яны ўслухаліся, напружанымі позіркамі ўзіраючыся адно ў аднаго, і Іван злосна вылаяўся — за седлавінай брахалі сабакі.
Невядома, што тут сталася з хлопцам, — стоены, даўні гаеў раптоўна выбухнуў у ім. Іван усхапіўся, цяжка ўзняўся на шырока расстаўленыя хворыя ногі і стаў — угнуўшыся, страшны, раз’юшаны, безуважны да небяспекі.
— Звяры! — закрычаў ён на немцаў. — Шакалы! Самі баіцеся — памочнікаў ведзяцё! Вядзіце, ну! Пушчайце! Чорта вам у зубы! Во! Не возьмеце вы нас! Во! Зразумелі?
Яны, пэўна, лёгка маглі б застрэліць яго, але не стралялі — прыціхшы, яны намагаліся зразумець раптоўны бунт гэтага флюгпункта і наўрад ці зразумелі. А Івана, мусіць, ад нервовай узбуджанасці раптам працяў холад, цела яго зябка закалацілася, здаецца, пачыналася гарачка. Выкрычаўшы ўсё, хлопец міжвольна азіраўся — угары трохі праяснілася, у хмарнай навалачы з’явіліся блішчастыя, зіхоткія ад ранішняга сонца прагалы блакіту. Здалося, вось-вось павінен быў выплысці з хмар Мядзведжы хрыбет, да якога яны не дайшлі. Вельмі захацелася ўбачыць у небе сонца, але яго яшчэ не было, і ад таго стала дужа паныла.
Затым ён і апусціўся на дол — тое, што павінна было вось-вось здарыцца, ужо не цікавіла яго — ён ведаў усё, што будзе. Ён нават не зірнуў, калі сабакі з’явіліся ў седлавіне, хлопец адчуў гэта па брэху і валтузні — відаць, аўчаркі ўвесь час ішлі па іхнім следзе і раз’ятрыліся пагоняй.
Джулія раптам кінулася да яго, схілілася і затуліла рукамі твар.