— Дай я яго! — ірвануўся да немца дзед, тыцкаючы ў ягоны твар рулю вінтоўкі.
Але Пятрусь не хацеў зараз забіваць гэтага немца. Стрымліваючы ў сабе злосць да ворага, хлопец прыпамятаў разгром палка, шматлікія людскія смерці і сваё пакутнае бадзянне. Ад тых успамінаў у хлопца адразу прарвалася прага помсты, і ён рашыў у зручным для таго месцы спатоліць сваю душу. Ужо ён пакажа гэтаму фашысту сваю сілу.
— Не чапай, — сказаў ён дзеду. — Пачакай трохі. Мы з ім як след расправімся.
— Што чакаць? — злаваўся дзед. — Яны нас б’юць не чакаючы, а нам іх нельга?
— Нельга. Глядзіце, каб не скочыў. Паехалі.
Агальцоў уключыў фары — шырокае святло легла на дарогу, машына рванулася, і яны паехалі на ўсход. Спачатку новы вадзіцель асцерагаўся хуткай язды, але спакваля, налаўчыўшыся, прыбаўляў газу, і машына хутка імчала па добрай дарозе. Наўкола ляжала ноч, было ціха.
— Калі дзе сустрэчная ці абгон, — кладзіся ўсе ў кузаве. А немца прыкончыць. Нашто пакінулі? — крычаў з кабіны Агальцоў.
Стоячы за кабінай і абапіраючыся на яе дах, сержант усё думаў, што рабіць з немцам. Дрэнна, што ён не можа з ім паразмаўляць па-нямецку, а то ён запытаў бы, што яму спатрэбілася на чужой зямлі. Але і так нічога — ён яшчэ знойдзе спосаб дапячы гэтаму фашысту.
Перад самым золакам, калі неба на ўсходзе добра праяснілася і прытушыла бляск зор, яны пад’ехалі да нейкай вёскі. Дарога ішла пад адхон, абапал яе стаялі пакручастыя, закаржэлыя ад старасці вербіны, на аколіцы нечакана бліснуў парэнчамі мост. Агальцоў зменшыў хуткасць, збочыў і прыпыніўся:
— Ну, як? — гукнуў ён з кабіны. — Злезем ці далей газаваць?
У кузаве маўчалі. Дагэтуль усё ішло добра, вёска здавалася пустой і соннай, і Пятрусь запытальна зірнуў на Нупрэева. Той сядзеў ля борта з нарыхтаванай зброяй і неяк па-маладому ўсміхнуўся:
— Давай, газуй, — сказаў Пятрусь, зноў адчуваючы ў сабе гарэзную зухаватасць удачы. Дагэтуль ім шанцавала, і думалася, што і далей усё будзе добра.
У кузаве прыгіналіся, на ўсякі выпадак ямчэй сціснуўшы зброю, Агальцоў у кабіне нешта крыкнуў Жуку, машына ірванулася, як спалоханы стаеннік, і ўскочыла на мост. Тут наперакор усім правілам руху старшына даў такога газу, што аж захісталіся палі, шалёны вецер ірвануў валасы сержанта, калі ён выглянуў наперад. Яны шалёна ляцелі па пустой соннай вёсцы, і Пятрусь баяўся ўсё, каб самае недарэчнае хіба не напаткала іх. Праламаць сабе голаў аб які-небудзь плот і згубіць сцяг было вельмі магчыма.
Аднак яны ўдала мінулі вёску і зноў выехалі ў поле. Тым часам пачало світаць. Бачны сталі змрочныя, яшчэ сонныя палі, дарога-струнка бегла цераз хмызняковыя прасторы. Трэба б ужо спыніцца ды знікнуць дзе, але Агальцоў, відаць, цягнуў да апошняй магчымасці, а сержант, пакуль не бачачы небяспекі, таксама маўчаў у кузаве, і яны ўсё ехалі і ехалі. Перасякаючы ўзгорак у адным месцы, машына ўвайшла ў выемку. Абапал дарогі высіліся жаўтаватыя абрывы, а на іх высока ўзнеслі свае шапкі густыя галіністыя сосны. Унізе пад тымі соснамі другім лясным ярусам дружна буяў хваёвы маладняк, і з таго маладняку раптам нешта мільганула на дарогу. Машына якраз пераадолела самы пагорак і цяпер шпарка імчалася ўніз. Толькі, калі ўжо гэтая ўпаўшая штуковіна апынулася перад самым радыятарам, Пятрусь сцяміў, у чым справа, і жахліва крыкнуў у кузаве:
— Граната!!!
Але перш, чым яны паспелі што-небудзь зрабіць, наперадзе ірванула, сцебанула па твары пяском. Машына ўрэзалася ў нешта, і Пятрусь, не ўтрымаўшыся, адарваўся ад яе і паляцеў на гліністыя камякі адхону. Працяты спалохам і нечаканасцю, ён, аднак, хуценька ўскочыў і, гатовы абараняцца, скаціўся ў канаву. Там ужо ляжаў Нупрэеў, перавернутая набок машына закапалася буферам у зямлю. Ушчэнт разбіты, пакарэжаны радыятар струменіў на гліну гарачую ваду.
Аднак, дзе ж былі ворагі? Пятрусь угледзеўся ўгору, у сасоннік, і гучная лаянка яго, у якое вылілася ўсё — і здзіўленне, і абурэнне, і палёгка — дзіўна прагучэла ў ранішняй цішы. Над разбітай машынай на абрыве стаялі чатыры чалавекі і мелі такі выгляд, нібы раптоўна ўбачылі нейкае дзіва, ад чаго ў іх змярцвелі языкі і скавала рухі. Прыгнуўшыся і выцягнуўшы наперад шыі, яны трымалі нацэленую на машыну зброю і, здавалася, скамянелі так, разявіўшы раты. Толькі ўчуўшы Петрусёву лаянку, яны, усе чацвёра, закрычалі нешта і збеглі на дарогу.
Так перад сержантам з’явілася чацвёра зусім яшчэ маладых пагранічнікаў у зялёных шапках, з зялёнымі пятліцамі і з трохлінейкамі ў руках.
Адчуўшы новы паварот справы, з перакуленай машыны вылез, пэўна, упершыню напалоханы старшына, следам за ім, кульгаючы, выбраўся Жук, узняўся Нупрэеў з канавы і аднекуль з-за кузава з’явіўся дзед — ён цягнуў за сабой збянтэжанага кульгавага немца. Усе, здаецца, былі жывыя, толькі машына пакалечылася ўжо без усякай надзеі на папраўку.