Выбрать главу

— Вы, блазнюкі безгаловыя, салагі несалёныя, што нарабілі?! — накінуўся на пагранічнікаў старшына. — Чорт бы вам рукі паабламваў за вашу гранату, трэба ж было пагубіць такую цудоўную каламажку!

Пагранічнікі ніякавата ўсміхаліся — яны, відаць, і напалохаліся, убачыўшы, каго падарвалі, і яшчэ больш узрадаваліся гэткай нечаканай сустрэчай са сваімі.

Ужо днела, і, каб не начакацца на дарозе чаго благога, байцы ўзлезлі на адхон, адышлі ў лясок і тады толькі адчулі, што ў каго баліць. У Петруся вельмі садніла спіна, але ён маўчаў. Ціха стагнаў нешта Нупрэеў, а Жук дык быў ажно паранены асколкам у нагу. У гушчары яны спыніліся, Агальцоў зняў з Жукавай нагі бот і пісталетнай праціркай выкалупаў з раны пад каленам невялічкі кавалак металу. Пагранічнікі далі індывідуальны перавязачны пакет, яны вельмі бедавалі на сваю няўдачу, а старшына знарок злосна ўсё пакрыкваў на іх. Жук крыва ўсміхнуўся, пакуль яго перавязваў сябра, і ўсё казаў, супакойваючы сябе і людзей:

— Нічога, нічога. Загоіцца.

Пятрусь агледзеў байцоў.

— Здаецца, нашы сілы растуць, — не тоячы задавальнення, сказаў ён, пазіраючы на пагранічнікаў. Усе яны былі зусім маладыя, відаць, першага года службы, сціпла тупілі вочы, пачціва пазіралі на сцяг і крыху баязліва — на старшыну.

— Ага, з вамі пойдзем, калі не прагоніце.

— А куды вы ідзеце? — знарок запытаў сержант.

— Куды? Вядома куды: на ўсход, — адказаў байчэйшы з іх, прыгожы з твару хлапец.

— I даўно ўжо ідзяце?

— Тыдні з два, мабыць. Як пад Лідай разбілі наш атрад, так і ідзём.

— I што гэта вы ўздумалі нас падбіваць?

— А мы ўжо гэтак чатыры машыны падбілі, і аднаго матацыкліста.

— I мост падпалілі, — дадаў другі хлопец з дробным рабаватым тварам.

— Ну, добра, — сказаў сержант, — значыць, з намі!

— Але.

— Дзед, — паклікаў Пятрусь, выглядаючы ў сасонніку старога. Ён падумаў, што трэба расквітацца з немцам, пакуль ёсць час і наўкола стаіць цішыня.

— Эге ж. Тут я, — азваўся той ззаду. Ён стаяў сівы, касмалявы, невялічкі, у даматканай шэрай світцы, а ля яго сядзеў зграбны, з забінтаванай нагой немец, праставалосы, немалады ўжо, з вялікімі загарэлымі залысінамі ў бялявых рэдкіх валасах.

— Дакументы, — строга сказаў сержант, працягнуўшы руку да палоннага. Той неразумеў, ускочыў на адну нагу і няўцямна залыпаў вачыма.

— Дакументы, дакументы давай, — сержант дакрануўся да яго нагрудных кішэняў. Немец зразумеў, нарэшце, дрыжачымі пальцамі адшпіліў гузік і выняў усё, што было там. Пятрусь, трошкі памятаючы з той нямецкай мовы, якую вучылі ў школе, пачаў перабіраць кніжачкі, паперкі, дакументы палоннага. У кожнай паперцы пяўся крыламі фашысцкі арол, стаялі невядомыя пячаткі з гэтай жа птушкай і свастыкай. З вайсковага білета даведаўся сержант, што ўласнік яго — грэнадзёр сапёрных войск, што яму 38 год і па нацыянальнасці ён аўстрыец. Там жа была невялічкая, досыць пакамечаная павестка, якая прадпісвала Ёгану Шольцу 12 красавіка з’явіцца на прызыўны пункт для службы ў вермахце. Асобна запакаваныя ў цэлафан хаваліся здымкі, іх было нямнога, і дзеля цікаўнасці Пятрусь разгарнуў іх. Да здымкаў чужынцаў займелі ахвоту і Нупрэеў з Жукам, яны цераз сержантава плячо таксама разглядалі спачатку Ёгана, маладога з вусікамі, потым Ёгана з жонкай, нейкую кампанію ля возера, групу маладых людзей у садку. Усё гэта было звычайнае, жыццёвае, хоць і не наша, незнаёмае, але зразумелае. Пятрусь бачыў чалавека ў яго жыцці — мірным ціхім жыцці ў нейкім далёкім горадзе Леабэне, сярод ладных вясёлых людзей, і нічога страшнага, фашысцкага не відаць было на іх простых усмешыстых тварах. А адзін здымак проста перавярнуў усе намеры хлапца, збіў яго з панталыку, і сержант не ведаў, як яму далей паставіцца да палоннага. На гэтым несамавітым з роўным абрэзам здымку Шолыд быў найбольш падобны на сябе цяперашняга — у цывільным адзенні ён сядзеў на гнутым венскім крэсле, а на яго каленях мясціўся, пэўна, сынок, маленькі, год чатырох, хуткавокі бялявы хлопчык. Абодва яны з радасным агеньчыкам у вачах пазіралі са здымка, і адна рэч, здаецца, адкрыла Петрусю іншы, ужо зусім блізкі і знаёмы бок жыцця. Вяртлявы, відаць, гэты хлопчык, не вельмі дбаючы пра сваю позу, няспрытна прыткнуўся на бацькавых каленях і выцягаў да аб’ектыва сваю маленькую ножку. На старэнькім, пэўна, не першы год ношаным сандаліку гэтае ножкі выразна прыкмячалася акуратная лапінка на задніку і невялікая дзірачка ў падэшве. I тады хлопец заўважыў яшчэ і пацёртыя малышовы штанцы са скручанымі чорнымі лямкамі праз плечы і нямудрагелісты паношаны пінжак самога Шольца, і яго агрубелыя вялікія рукі, што прытрымлівалі маленькае цела сына. Гэта была беднасць, яна адразу адкрылася хлапцу, які сам некалі меў блізкае знаёмства з яе такімі прыкметнымі праявамі. Пятрусь разгубіўся. Ён збіраўся адпомсціць палоннаму за свае крыўды і пакуты, а цяпер зразумеў раптам, што помсціць не было каму. У голаў хлапца шыбанула адразу дзесятак супярэчлівых незразумелых пытанняў, вырашыць якія зараз было не пад сілу.