Тады сержант прыхаваў у сабе сваю збянтэжанасць, паглядзеў на панылага ворага і заклапочана ўздыхнуў. Увесь выгляд палоннага быў вельмі ўжо мірны і звычайны, чалавечны; у насцярожаным позірку стомленых вачэй таіліся страх за жыццё і напружанае чаканне развязкі. Нейкім знаёмым, перажытым сумам павеяла ад яго на заклапочанага хлопца, і ён моцна занепакоіўся. Што рабіць з гэтым аўстрыйцам, Пятрусь не ведаў яшчэ, але забіваць яго сержант ужо не меў сілы.
— Вось што: немца не чапай, дзед, — сказаў ён і адвярнуўся.
Раздзел дзесяты
У гушчары лесу байцы ладкаваліся на адпачынак.
Снедалі зноў адным хлебам — дарэчы, апошнім кавалкам у дзедавай сумцы. Праўда, у пагранічнікаў быў пачак трафейнага цукру-рафінаду, які яны гасцінна выклалі на агульны стол. Пры ўсеагульнай увазе дзед як-колечы раздзяліў гэты набытак на дзевяць частак і паглядзеў на старшыну, злоснага і галоднага, які сядзеў побач і ўсё бурчэў нешта пра харчовыя парадкі.
— А чаму не дзесяць? — запытаў сержант, паказваючы вачыма на хлебныя кавалкі.
— А навошта дзесяць? — здзівіўся дзед. — Нас жа дзевяць.
Сержант бачыў не дужа схаванае прытворства ў вузенькіх дзедавых вачах, пазлаваўся на яго ўпартасць, але знешне спакойна напомніў:
— А немцу?
Дзед зноў пачаў лаяцца, праклінаць «германскую халеру», але ўсё ж аддзяліў патроху ад кожнага кавалка, і такім чынам на зрэбнай тарбінцы з’явілася дзесятая порцыя. Немец сядзеў тут жа, упёршыся ў дол рукой, і паныла назіраў за падзелам харчу.
Усе ўзялі сабе па кавалку, Жук падаў палоннаму яго долю. Той здзівіўся спачатку, нешта закруціў галавой, але ўрэшце ўзяў і спраўна ўплёў хлеб з цукрам, не пакінуўшы і крошак.
Сонца ўзнімалася над сасняком, у небе стаялі нерухомыя хмурынкі, у засені на траўцы яшчэ трымалася начная раса. Дзень меўся быць спякотны. Пятрусь вырашыў адпачыць да адвячорка, і хлопцы ахвотна палезлі ў небагатыя хваёвыя цені.
Пятрусь таксама прытуліўся пад ядлоўцавы куст, але добры сон так і не прыйшоў да яго. Зранку непакоілі мухі, потым спёка, а больш — нейкая насцярожанасць ад прысутнасці ў групе новых людзей і асабліва палоннага. Зноў жа начное знікненне Калдобінскага моцна ўразіла сержанта, прымусіла яго зірнуць і на свайго чалавека, байца, з другога боку. Як толькі прыпамінаў ён, што Калдобінскі часам стаяў на варце, калі спалі ўсе, і што ён шмат разоў мог украсці сцяг і знікнуць з ім, дык нейкая душэўная сутарга ўскалыхвала хлопца, і ён адразу абуджаўся з дрымоты.
«Хто яго ведае? — думаў Пятрусь, заплюшчыўшы вочы, — мо’ ён і не злыдзень, не здраднік, мо’ проста слабы баязлівы чалавек, ну і не вытрымаў, збаяўся. Мо’ гэта нават і лепей, што ён паціху знік без шкоды іншым, чым калі б дзе ў крытычны момант сапсаваў якую справу. А немец? Што рабіць з ім? Агальцоў і дзед упарта дамагаюцца забіць яго, але знішчаць яго будзе ўжо зусім не па-людску. Відаць па ўсім, ён чалавек працоўны і не які там фашыст, паранены да таго ж. Але весці яго з сабой таксама рызыкоўна, як і пусціць да сваіх».
Надвячоркам, калі людзі зноў сабраліся ў сваю бясконцую дарогу, сержант крануў немца за плячо і паказаў галавой, каб той ішоў за ім. Палонны хуценька ўзняўся і з салдацкай гатоўнасцю падпарадкавацца, абапіраючыся на палку і прыступаючы на забінтаваную пятку, падаўся за сержантам. На яго твары ляжаў глыбокі сум чалавека, прыгаворанага да смерці.
Сержант адвёў яго так, каб не бачна было іх стаянкі, і ляпнуў па плячы.
— Не палохайся, страляць не буду, — сказаў ён, усміхаючыся. — Але не здумай ваяваць больш. А цяпер ідзі туды, — ён махнуў у напрамку дарогі.
Нешта бліснула ў вачах палоннага, ён устрапянуўся ўвесь і ўхапіўся за сержантаву руку. Петрусю здалося, што ён хоча пацалаваць гэтую руку, і хлопец вызваліў яе. А немец, моцна кульгаючы, хуценька падаўся да дарогі, штохвілінна азіраючыся, жаласліва неяк усміхаючыся. Урэшце ён, здаецца, пабег у гушчар.