Выбрать главу

Тым часам вечарэла. Сонца вялікім чырвоным колам спускалася з небасхілу. Было цёпла, над кустоўямі і людзьмі мітуслівымі чародамі таўкліся камары.

Пятрусь зморана ўпаў пад бухматым кустом ляшчынніка, побач укленчыў старшына, да іх пакрысе сабраліся астатнія. Калона і немцы павінны былі неўзабаве з’явіцца, а як вызваліць палонных, ніхто не ведаў.

— Страляць, брат, нельга, — непакоіўся старшына. — Сваіх паб’ём.

Яны ўсё пазіралі ўправа, дзе з-за павароткі пачыналася дарога, чакалі і да болю ў галаве згадвалі, што зрабіць, як пабіць фашыстаў і не патрапіць у нашых. Але як ні думалі, а нічога надзейнага не прыходзіла на думку.

— Паслухайце мяне, старога, — азваўся ззаду дзед і падышоў да хлопцаў. — Калі вось што зрабіць. Калі выйсці адкрыта каму, скажам, і мне, і крыкнуць так нашым: ратуйце, біце нёмцаў. Га? Можа і выйдзе?

— А нішто ўдумаў, — пагадзіўся старшына. — Толькі так: хай самі б’юць, усё ж іх вунь колькі! А мы для страху сыпанём паверху.

Не дужа гэта была надзейная задума, але іншай не ставала, і сержант мусіў згадзіцца.

— Дзед, а як жа ты са зброяй? — спытаў ён старога.

— А навошта зброя? Я так. Мірны жыхар быдта. Крыкнуў — і ходу. Каб толькі яны зразумелі.

Байцы разышліся па ўскрайку кустоў, ля Петруся непадалёку застаўся Агальцоў, з другога боку — Нупрэеў. Усе сцішыліся і ўставіліся вачыма на дарогу.

Першымі з тае калоны паказаліся з-за павароткі чатыры канваіры ў чорнай эсэсаўскай форме, са свастыкамі на рукавах. Яны нетаропка ішлі па дарозе, трымаючы на грудзях аўтаматы, адзін, сярэдні, адзеўшы рамянём на шыю, нёс кулямёт. За імі выніклі першыя шэрагі палонных. Наперадзе, абняўшыся, ішлі двое; адзін трымаўся за другога, відаць, мацнейшага сябра, моцна кульгаў, уся яго галава і нават вочы былі абвязаны акрываўленымі бруднымі бінтамі. Гэткія ж бінты часта мільгалі ў той калоне, усе ішлі вельмі марудна, а па баках, як сабакі на ланцугах, снавалі салдаты з аўтаматамі. Яны, пэўна, занепакоіліся зараз, уваходзячы ў лес, і, злосна пакрыкваючы на палонных, цясней збівалі калону.

Так уся гэтая грамада людзей сунулася ўсё бліжэй і бліжэй. Петрусёва сэрца паныла здрыганулася ў грудзях, калі ён убачыў, якія гэта знясіленыя і да таго ж многія параненыя людзі. Ці маглі яны здолець гэткую да зубоў узброеную і насцярожаную варту? Але змяніць намер было ўжо нельга, і неўзабаве ў пакутлівыя хвіліны чакання ля дарогі вынікла аднекуль маленькая, шэрая і такая несамавітая дзедава фігурка. У той жа час неспадзявана зычны яго голас гойкнуў над прасторамі:

— Браточкі! Бі фашыстаў! Нашы ў лесе!

Невядома, ці зразумеў хто яго крык, як тое здалося немцам, аднак з абочыны коратка тыркнула чарга — дзед пахіліўся, бы п’яны, хіснуўся ўбок і ўпаў на зямлю. А калона рухалася сабе далей, толькі, здаецца, штось сталася там, і рады яе скалануў невыразны і нерашучы, яшчэ мітуслівы рух.

Нейкая чорная віхура роспачы ад усведамлення няўдачы падхапіла сержанта. Нічога яшчэ не адчуваючы і дрэнна нават разумеючы, што робіць, ён усхапіўся з месца, каб кінуцца з аўтаматам на ворагаў, але Нупрэеў з долу стрымаў яго за нагу.

— Стой! Куды? Сцяг давай! Сцяг!

Пятрусь зразумеў чалавека, ірвануў з плеч клунак і выхапіў сцяг. Нупрэеў сунуў яму нейкі кій, і яны двума вузламі па рагах прымацавалі сцяг да гэтага несамавітага дрэўка. Апантаны ад крыўды дзедавай няўдачы Пятрусь выскачыў з падлеску і з разгорнутым сцягам кінуўся ў натоўп на дарозе. За ім узняліся астатнія і, ударыўшы з усяе зброі над галовамі людзей у калоне, атакавалі гітлераўцаў.

I тады нейкая незразумелая і неадчутая Петрусём сіла ўскалыхнула дарогу, і калона на ёй перастала існаваць. Людзі, бы мурашкі ў муравейніку, кінуліся ва ўсе бакі, адусюль загрымелі стрэлы, ва усіх кірунках панесліся кулі, ашалела дзёўбаючыся ў сухую зямлю, навылёт прабіваючы чалавечыя целы.

Падбягаючы да канавы, Пятрусь адчуў, як нейчая чарга сцебанула па палотнішчы, хлопец ірвануў сцяг да сябе і, абараняючыся, ускінуў руку з пісталетам. З дарогі ў яго цаляў аўтаматам рыжы немец, але толькі на момант мільганула ў зроку яго постаць, як зараз жа ён знік, некім збіты ў канаву. Немец крутнуўся, бы вужака, сілячыся ўхапіць упушчаны аўтамат, але сержант стрэліў у ворага і ўзбег на дарогу. Перад яго вачыма ў ашалелай разлютаванай барацьбе мільгалі нейчыя спіны, рудыя твары, нехта босы скочыў цераз канаву, нехта ўпаў побач. Сержант усхапіўся, крыкнуў: «Смерць гадам!» і зноў матлянуў над сабою распушчаным шоўкам сцяга.

Стрэлы аднак хутка заціхлі, але ўсюды раўлі, крычалі, лаяліся людзі. Да Петруся падскочыў загарэлы потны хлопец у расхлістанай гімнасцёрцы, ужо з аўтаматам — па яго радасным і ўзрушаным твары цяклі слёзы шчасця. Адусюль да сцяга кінуліся ўзброеныя і бяззбройныя людзі, і тады сержант зразумеў, што гэта перамога. Але радавацца было некалі, хлопец імгненна вызначыў становішча і закрычаў, перамагаючы стукат уласнага сэрца: