Яны вельмі разбегліся ў збажыне, іх зусім лёгка было перабіць па адным, але ніхто, пэўна, зараз не думаў аб гэтым. Так уцалелыя ўжо дасягнулі рэдкага кустоўя, далей па адхону разлеглася голая аблога і за ёй у лагчыне пачыналася вялізная лугавіна з доўгімі радамі скошанай травы. Там не было ніякага сховішча, а кусты на ўзгорку былі ўжо вельмі рэдкія і малыя, каб надзейна схаваць байцоў.
У той час Пятрусь зноў убачыў камандзіра са скручаным на дрэўку палотнішчам сцяга ў адной руцэ і чорным пісталетам «ТТ» у другой. Не звяртаючы ўвагі на кулі і асколкі, шырока расставіўшы ногі, маёр стаяў на ўзгорку і, сілячыся перамагчы грукат бою, крычаў людзям, што беглі далей на лугавіну:
— Стой! Стой! Назад! Ка мне!
Невялічкі той узгорачак, на якім стаяў ён, як-колечы мог захінуць ад куль і даць магчымасць байцам разгарнуцца ў ланцуг.
— Назад! — крычаў камандзір і раптам шырокім жэстам узмахнуў дрэўкам і разгарнуў сцяг.
Зноў, як і ў першы раз, Пятрусь адчуў, як узгарэлася ў ім нешта ўнутры і нібы іскрай прабегла па целе, і хлопец паслухмяна кінуўся туды, на заклік сцяга. З жыта да яго далучыліся яшчэ людзі.
Ахоплены немай рашучасцю не пакідаць больш камандзіра і сцяг, Пятрусь залёг у рэдкі драцяністы верасок ля маёра і нарыхтаваў вінтоўку. Танкі, згубіўшы байцоў з поля зроку, пайшлі павольней, відаць, баяліся сустрэць што-небудзь нечаканае за ўзгоркам. Ззаду, тулячыся за машыны, ішлі чорныя аўтаматчыкі, і камандзір, стоячы на каленях, пільна сачыў за іх набліжэннем. Побач залегла два дзесяткі байцоў.
— Па аўтаматчыках за-а-а-а-а-а-лпам… плі! — крыкнуў камандзір, і нядружны залп грымнуў з узгорка.
— За-а-а-а-а-лпам… плі! — крычаў ён другі раз, і ўзгорак адгукаўся другім залпам.
Так яны далі яшчэ некалькі залпаў, і танкі спыніліся, а аўтаматчыкі схаваліся за імі. I тады зноў на ўцалелую рэштку байцоў рынуў агонь з усёй шматлікай зброі, што цяпер сабралася супраць іх.
Але ўзгорачак як-колечы затуляў іх, можна было адпаўзці крыху назад, прыціснуцца да травяністага дзірвану, і кулі ішлі верхам. Снарады з лютым піскам праносіліся над самай Петрусёвай галавой і ірваліся недзе ззаду, на лугавіне.
I тады здарылася нечаканае. Справа з кустоўя грымнуў на людзей густы аўтаматны стрэл. Малады баец, што ляжаў побач з Петрусём, неяк трапянуўся і сціх, нібы прытаіўся ў траве, а з хмызняку, прыгінаючыся, выскоквалі на аблогу фашысты.
Усе, хто яшчэ мог узняцца, кінуліся ад таго небяспечнага фланга бліжэй да камандзіра. Людзі разгубіліся ад такога знянацкага ўдару, але падавацца далей не было куды. Раптоўная млявасць ад усведамлення пагібелі разлілася ў Петрусёвым целе. Ён стрэліў разы два ў бліжэйшага немца, што, пераскокваючы праз забітых, бег да яго, і сам ускочыў, каб падацца назад, куды беглі іншыя.
У той страшны момант ён зноў убачыў камандзіра. Маёр таксама адступаў назад, далей ад кустоў, бег і адстрэльваўся са свайго пісталета. Але раптам ён спатыкнуўся, з цяжарам выпрастаўся і потым ужо канчаткова ўсім целам рухнуў у траву. Тады ж з яго рук выпала дрэўка са згорнутым сцягам. Пятрусь, мярцвеючы ад жаху, ускрыкнуў і кінуўся да камандзіра. Аднак раней за яго там аднекуль з’явіўся Наскоў, ён спрытна падхапіў сцяг і рынуўся па адхону ўніз. А маёр прыўзняўся на руках, узняў на сержанта скрыўлены ад болю, успатнелы твар і, сустрэўшы яго позірк, чамусьці глуха закрычаў хлопцу:
— Сцяг… Сцяг ратуй!
Пятрусь, аднак, памкнуўся ўзняць маёра, але той, нібы здзівіўшыся, што сержант не кінуўся выконваць загад, крыкнуў злосна і строга:
— Прэч ад мяне! Сцяг!..
Ён не скончыў гэтага свайго загаду і ўпаў тварам у пожню.
Пятрусь зноў скалануўся ад ахапіўшага яго жаху і кінуўся далей за Насковым, які разгоніста шыбаваў уніз да вузенькай паскі алешніку на лугавіне. Побач нікога не было, немцы ўжо захапілі іх кароткі прытулак і скіравалі ўвесь агонь сваёй зброі па апошніх байцах. Пятрусь зірнуў наперад — Наскоў быў ужо ля крайніх алешын, і ў хлопца мільганула кволая яшчэ надзея на яго ўдачу. Але ў той жа момант здарылася нешта незразумелае і жудаснае. Нейкая невядомая сіла з лютым імпэтам ударыла сержанта, у вушшу балюча кальнула, і ён праваліўся ў пустую чорную бездань.