Выбрать главу

— У лес, таварышы! У лес, угору!

Аднак, ап’яненыя перамогай, яны спазніліся зрабіць гэта. Ззаду, з-за павароткі раптам загрукалі нейкія незвычайна гучныя стрэлы — гулкія і паважныя. Нібы хто нетаропка стукаў па дзежцы, і наўскасяк цераз дарогу прайшлася чарга разрыўных буйнакаліберных куль. Баец, што ў гэты час бег тут, войкнуўшы, упаў вобземлю; ля канавы, закінуўшы ўгору рукі, упаў другі; нехта жаласна залемантаваў ззаду. Людзі хіснуліся ад дарогі і кінуліся ў лес. Сержант яшчэ крыкнуў, каб усе беглі ўгору і, падхапіўшы сцяг, падаўся да кустоўя. Побач цяжка бег Нупрэеў. А транспарцёр з дарогі люта паліў разрыўнымі, курылася пылам зямля, нібы яе секлі бізуном, і, гулка лопаючыся, востра пырскалі ў кустоўі тысячы асколкаў. Кідаліся з боку ў бок, беглі і падалі людзі.

Нечаканы гэты паварот так добра скіраванай справы аднак ужо не збянтэжыў Петруся. Да яго вярнулася цвярозае разуменне ходу падзей і ён уцяміў, што галоўнае зараз — не разгубляцца па лесе, вытрымаць адзіны напрамак і найхутчэй адарвацца ад ворага. Цяпер толькі зразумеў хлопец, што доўга весці бой на дарозе яны не мелі ніякай магчымасці, бо з двух бакоў да ворага кожную хвіліну з’яўлялася падмацаванне. У тым была самая вялікая хіба сённяшняй бойкі. Кулі ўсё хлёстка трэскаліся кругом, шархацелі, асечаныя імі, галінкі; наперадзе, ззаду і па баках беглі людзі. Пятрусь таксама бег і ўсё азіраўся, каб не адстаў дзе Нупрэеў, бо калі б што здарылася з хлопцам, дык спатрэбілася б замена да сцяга.

Але паступова страляніна пачала сціхаць, недзе на дарозе яшчэ трашчалі чэргі, але куль ужо не чутна было. Хмызняк таксама радзеў, пэўна, збіраючыся скончыцца. Напаткаўшы вузенькую лесавую дарожку Пятрусь з Нупрэевым пайшлі па ёй, ззаду ішло некалькі байцоў, і хутка яны выбіліся на лугавіну. На ўсім прасцягу той лугавіны з узлеску выходзілі людзі, яны брылі, не ведаючы куды, толькі б далей ад ворага. Па зямлі ўжо слаўся вячэрні змрок, над сырымі мясцінамі шарэла пара, чырвонымі водбліскамі свяціліся хмаркі над лесам, а на ўсходзе запаліліся першыя зоркі. Каб сабраць людзей, Пятрусь спыніўся на лузе і крыкнуў:

— Ге-гей! Давай сюды!

Байцы павярнулі ў яго бок, а сержант з Нупрэевым стаялі на купіне і выглядалі сваіх. Балюча сціскалася сэрца ў абодвух ад думкі, што не ўсе выйдуць з таго лесу. Вядома, шкада было ўсіх тых, хто застаўся на дарозе, хто не дабег да свайго выратавання, але асабліва ныла ў грудзях за сваіх сяброў. Пятрусь так і мітусіўся позіркам па лузе, выглядаючы двух таварышаў, і здавалася хлопцу ў той час, што нікога у яго не было даражэйшага ў жыцці за старшыну і Жука. Людзі ўсё сыходзіліся да яго, ужо набралася чалавек з паўсотні, прыйшло двое пагранічнікаў, а разведчыкаў усё не было.

Яны, аднак, з’явіліся апошнімі ўжо ў гэтай паўсотні ўцалелых, узрушаных і ўзрадаваных людзей, якія з ажыўленай гамонкай тоўпіліся ля сцяга, утаймоўваючы сваё хваляванне і стому. Пятрусь здалёку яшчэ заўважыў хлопцаў — тыя нешта на сабе цягнулі. Людзі таксама звярнулі позіркі ў іх бок — бачна было, што яны неслі чалавека.

Калі хлопцы наблізіліся, байцы расступіліся, даючы ім дарогу да сцяга, які трымаў сержант. I двое былых разведчыкаў моўчкі паклалі ў траву перад ім маленькае нерухомае дзедава цела.

Змрочны і строгі ўзняўся з купіны Пятрусь, зняў пілотку Нупрэеў, у маўклівай суровасці паўсталі вакол незнаёмыя байцы. Боль і зацятая суровасць былі на тварах людзей. А дзед ціхенька ляжаў на траве, звярнуўшы да неба свой маленькі касмылявы тварык, і нешта добрае, спакойнае і светлае было ў выразе яго незаплюшчаных вачэй.

Пасля доўгага маўчання сержант сказаў людзям:

— Вось ён дапамог вам. Дзякуйце яму!

Петрусю было вельмі балюча і маркотна ад гэтай смерці блізкага чалавека, аднаго з тых, хто сваімі клопатамі вярнуў да жыцця яго самога. На момант у яго вярнулася сумненне ў правільнасці ўсяго, што ён з хлопцамі нарабіў сёння. Загінуў вось дзед, а колькі яшчэ жыццяў засталося там, на дарозе і ў лесе. Але ён успомніў тады пра свае нядаўнія пакуты, пра людскія беды і небяспеку, што навісла над краінай, і хлопец перастаў сумнявацца. Ён паглядзеў на тых, што выратаваліся ад ганьбы і здзеку палону, — гэта іхняе жыццё і волю абараніў дзед і многія тыя, што ўжо не ўзнімуцца з долу. Дарагая цана! Калі б толькі людзі доўга памяталі тое і былі ўдзячныя, думаў Пятрусь.