Але людское шчасце ніколі не спраўдзіцца так хутка, як гэта здаецца чалавеку. Неўзабаве развіднела, узнялося сонца, і зніклі, суцішыліся, нібы растварыліся ў святле новага дня, жаданыя гукі. Зноў летняя цішыня. Дзень выдаўся ветраны, на небе імкліва плылі рэдкія хмурынкі, пякло сонца і несліся над прасторамі духмяныя пахі даспелай збажыны, а людскому падарожжу не было канца. Людзі ішлі без дарог, наўпрасткі, цераз палі, лужкі, хмызнякі. Вось-вось, здавалася, з’явяцца з-за пагорка яўныя адзнакі блізкасці войска, ці грымнуць адкуль знаёмыя залпы франтавых батарэй, а там такая жаданая сустрэча… Зноў напружанае, неўтаймаванае чаканне, так добра зведанае ў дні адзіноты, усё больш захапляла сержанта. Услед за позіркам як мага хутчэй крочылі ногі, узнёслая ўпартасць волі падавіла стому — усё імкнулася наперад. Ззаду за хлопцам гэтак жа настырна, парушыўшы строй, з зацятай упартасцю на тварах лезлі праз пасевы маўклівыя групы байцоў.
Апоўдні адпачылі ў кустоўі. Змораныя за шмат гадзін хадзьбы, нерухома, як мерцвякі, ляжалі ў траве людзі. Паставіўшы ў сцюдзёную ваду натруджаныя босыя ногі, у маркоце сядзеў над ручаём Пятрусь. Нупрэеў мясціўся побач, курыў і думаў. Угары гулі нямецкія пікіроўшчыкі, па краі неба між воблакаў плылі яны на ўсход, цяжкія ад шматтоннага грузу бомб. Назад вярталіся, нізка апусціўшыся над зямлёй. Хлопцы спачатку ўсхопліваліся, задзіралі галовы, думаючы, што гэта нашы, а затым, расчараваўшыся ў надзеі, не вылязалі з кустоўя. Праз гадзіну-другую рушылі далей.
Надвячоркам калона моцна расцягнулася, вілася па лагчыне цераз вялізнае поле палёгшай пшаніцы. Збоку ад іхняга шляху ў зеляніне дрэў хаваліся стрэхі хутара — туды захінутая пшаніцай вяла ўтаптаная сцяжынка, наперадзе быў бачны малады сасоннік, за ім на ўзгорку сінеў хваёвы лес, у які здалёку яшчэ кіраваў сержант. Наўкола рассцілалася адкрытая мясцовасць, і Пятрусь здзівіўся, не ўбачыўшы дазору. Хлопец крыху пастаяў, спыніўшы людзей, але, разважыўшы, што старшына, пэўна, падаўся к лесу, памалу пайшоў уніз. Ісці наўпрасткі праз пшаніцу было цяжка, неадчэпна блыталіся ў нагах яе драцяныя сцяблы, і сержант выглядаў якую сцяжынку, каб скіраваць туды. Згорнуты сцяг хлопец трымаў падпахай, на спатнелай гарачай спіне муляў аўтамат. Нупрэеў ішоў следам.
Да лесу ўжо было зусім блізка, калі там, на ўзлеску, мільганулі нейкія постаці. Петрусю здалося, што гэта іхні дазор, і ён з асцярогай прадаўжаў хадзьбу. Аднак Нупрэеў заўважыў таксама нешта на тым узлеску і крануў сержанта за локаць. Яны спыніліся, за імі прыціхла калона, усе сталі і трывожна пазіралі ў сасоннік.
I тады лютая галасістая чарга ўдарыла з лесу. Недзе ў небе над галовамі людзей панесліся чароды куль; адна, пэўна з рыкашэта, жаласна віскнула і знікла ўдалечыні. Не ведаючы яшчэ, што адбылося, але згадаўшы смяртэльную небяспеку, сержант злосна скамандаваў людзям:
— Лажыся!!!
Усе дружна пападалі ў пшаніцу, Пятрусь прысеў і ўгледзеўся ў сасоннік, чакаючы ўбачыць там якую разгадку тае страляніны. Да яго падпоўз Нупрэеў і таксама пазіраў у бок лесу.
— А дзе ж дазор? — пытаўся ён, хвалюючыся за жыццё людзей.
Пятрусь нічога не адказаў яму. Ён адчуў толькі, што пад такім агнём яны не ўлежаць доўга, што так праз колькі хвілін іх усіх да аднаго пераб’юць у гэтай пшаніцы. Адзіным выйсцем было падацца назад, за ўзгорак, там яшчэ было выратаванне ад гэтага пякельнага шквальнага агню. Ахоплены трывогай за людзей, Пятрусь ускочыў з пшаніцы і, перамагаючы грукат стрэлаў, крыкнуў байцам:
— Кароткімі перабежкамі — за бугор!!!
Ён сам сігануў некалькі шпаркіх шырокіх крокаў і ўпаў у пшанічны гушчар, даючы гэтым прыклад, як бегчы іншым. А немцы ўжо добра прыкмецілі групу і досыць трапна лупілі ў пшаніцу. Нехта непадалёку, відаць паранены, клікаў нейкага Ваню, нехта лаяўся ўдалечыні. Пятрусь праз момант зноў ускочыў і таксама вылаяўся ад злосці і роспачы. Байцы, трапіўшы пад прыцэльны агонь, не хацелі трымацца вайсковых правіл, а, узняўшыся над збажыной, шыбавалі за пагорак усёй паўсоценнай грамадой. «Пераб’юць, пераб’юць усіх!» — жахнуўся сержант ад страшнай думкі. Напяўшыся сілай і злосцю, ён пабег і, не дбаючы ўжо пра ўласную бяспеку, люта закрычаў на байцоў:
— Лажыся!!! Лажыся — застрэлю!!! — крычаў ён, даганяючы задніх. Тыя баязліва азірнуліся на лес, на сержанта, і, пэўна, нешта рашучае было на камандзіравым твары, бо яны са страхам, але паслухмяна пападалі ў пшаніцу. Потым ён дагнаў іншых і таксама паклаў іх.
— Кароткімі перабежкамі наперад!!!