— Як выбраўся, пытаеш? Гэта, брат, гісторыя — як выбраўся, — казаў баец, калупаючы ў патронніку. Ён сядзеў, прыхінуўшыся да пакручастай закаржэлай алешыны, зняўшы з сябе ўсе рамяні, успатнелы і спакойна засяроджаны ў сваім занятку. Дзед, скрыжаваўшы пад сабой натруджаныя босыя ногі, курыў самакрутку і кашляў усё, аж захліпаўся ад нейкага старэчага ўдушша. Яму, пэўна, былі ўжо знаёмы прыгоды байца, і ён пазіраў на сержанта, нібы спадзеючыся ўбачыць новае ўражанне ад іх.
— Ішлі мы, значыць, маршам, — я ў пяхоце быў — трое сутак ішлі. Фарсіраваны марш, значыцца. Ну, неяк на світанні сталі. Доўга стаялі на дарозе, немца быццам не чутно, чакаем загаду. Прыбягае камбат, сабраў камандзіраў — кажуць займаць баявы парадак. Ну, значыць, разгарнуліся мы ў полі, наша рота якраз ля ўзмежка, на канюшынішчы. Давай акопвацца. Ужо добра развіднела, я гэта лапатай працую, як раптам над ланцугом як трэсне — руды такі, ведаеце, клубок дыму ў паветры, — шрапнель, значыць. Ну, і давай біць. Так, мабыць, з гадзіну білі. Я дык такія штукі ведаю, на фінскай яшчэ нагледзеўся. Калі шрапнель, дык трэба хутчэй падстрэшак гэткі, нішу, значыць, у акопе ладзіць: ад шрапнелі ніша — першы паратунак. Ну я і налягаю на лапатку. А некаторыя маладыя апанурыліся, затаіліся, ну і пабіла іх. Суседа майго Турсунбаева забіла — проста ў патыліцу асколкам, кулямётчыка з другога ўзвода параніла. Ну, думаю, ліха: ён нас б’е, а мы яго і не бачым нават. Але тое яшчэ не ліха, браце. Ліха было наперадзе.
— Ды ўжо ж так. Бяда за бядою ходзіць ды яшчэ сябровак водзіць, — зазначыў дзед. — Таксама вось і ў германскую было…
Дзеду, відаць, хацелася нешта расказаць сваё, але ён у час абарваў сябе і засоп самакруткай. Баец тым часам заклаў у вінтоўку затвор, спусціў курок і паклаў зброю на калені. Пятрусь асцярожна расперазаўся і масціўся побач, прытрымліваючы пад гімнасцёркай сваю ношу. Ён уважліва слухаў чалавека, які з прыкметнай тугой патрывожанай душэўнай раны апавядаў пра невясёлае.
— Але страшнае было потым, — уздыхаючы, казаў ён. — Чуем, нешта загыркатала ўдалечы, і вось з імшарынкі наперадзе высоўваюцца танкі. Я гэта палічыў з цікаўнасці — васемнаццаць штук! Ідуць, значыць, а між іх і ззаду за імі немцы. Ну і сыпнулі яны па нас. Усё, брат, закурэла ад пылу і дыму, што тут рабіць будзеш? Праўда, і мы спачатку далі агню, але хіба ты іх вінтоўкамі стрымаеш? Танкі ўжо з узмежка скульнуліся, адзін проста на мяне шыбуе; гудзе, лязгаціць, куды ты тут дзенешся? Ледзьве я ногі паспеў падцягнуць, каб гусеніцай не аддушыла — праскочыў. Не паспеў я яшчэ што і падумаць, як тут аўтаматчыкі. I да мяне падлятае адзін з потным гэткім звярыным тварам. Прыплюшчыў я вочы, ды і сунуў голаў у канюшыну: ляжу, як мёртвы. Заб’е, дык заб’е, а можа і не стрэліць, думаю.
Баец змоўк на хвіліну, узяў з долу абдзёрты свой кацялок, папіў троху, выцерся рукавом і коратка, тужліва зірнуў на сержанта. Відаць было па ўсім, што ён зноў балюча перажываў тую сваю бяду, апавядаў сумна, гэтак, як расказваюць пра апошнія часіны блізкага чалавека. Апушчаная з калена звісала заскарузлая ад даўніх мазалёў рука чалавека, пакручастыя грубыя пальцы далікатна неяк трымалі тонкую драцінку мокрага кацялка. Пятрусь глядзеў на тыя пальцы, на ногі чалавека ў стаптаных чаравіках і аблезлых абмотках. I зноў хлапечае сэрца кранулі людскія пакуты, і ўжо не здавалася такім балючым уласнае гора: відаць, у тыя часы шмат каму выпала горкая доля. Ён слухаў, і між слоў чалавека неяк цьмяна выплывалі знаёмыя абліччы тых, каму выпаў горшы лёс і каго ўжо не было ў жыцці. Перад вачыма паўсталі і камандзір палка, што, паміраючы, прагнаў яго ад сябе, і небарака Наскоў, што сканаў на яго спіне, і нежывы лейтэнант, пакінуты непахаваным на той жахлівай сядзібе. А колькі яшчэ невядомых яму смерцяў! I ў грудзях хлопца разам з крыўдай і болем усё мацней гарэла нянавісць да звар’яцелых, крыважэрных чужынцаў. А баец, журботна паціраючы ложа вінтоўкі, усё казаў сваё набалелае.
— Мінулі яны наша канюшынішча, а я паціху ўзняўся: дай, думаю, дзе кулямёта пашукаю. Хацеў ручнік дзе падхапіць ды лупануць па іх з тылу. Нашых багата ляжыць на полі, я — да аднаго, да другога — забітыя і з вінтоўкамі ўсе. I раптам адзін енчыць, убачыў, пазнаў: «Нупрэеў, братка, ратуй, не кідай». Гляджу, знаёмы баец, зямляк нават, наш, валагодскі. Я да яго, а тут другі качаецца — ногі перабіты. Куды тут страляць будзеш, людзей ратаваць трэба.
Перавязаў, як умеў, пад кусты пасцягваў аднаго і другога. Танкі ўжо ў лагчыну схаваліся, наўкола пуста стала, толькі нябожчыкі ляжаць. Я, гэтак прыгнуўшыся, яшчэ па полі пашарыў, яшчэ дваіх знайшоў — сапёраў, што прыдадзены нам былі. I камандзіра батальёна знайшоў: ляжыць старшы лейтэнант з акрываўленай галавой, гімнасцёрка ўся крывёю заліта і нават дакументы ў крыві. Шкада гэтак стала, ды толькі сумаваць па мёртвых няма калі: жывыя чакаюць. Вярнуўся я да тых кустоў, напаіў Швяцова — асабліва ён, бядак, пакутаваў, усё дабіць прасіў, — што тут далей рабіць? Не сядзець жа мне з імі ў тым полі, чакаць, значыць, няма чаго — ужо, брат, пад немца трапілі. Пабег я раўком шукаць якіх жывых людзей, якое вёскі, і, праўда, натрапіў. Вёсачка маленькая, прыгледзеўся — быццам няма фашыстаў. Знайшоў чалавека, расказаў: так і так — трэба людзей ратаваць. Добры такі чалавек трапіў, маўклівы. «Ну, што ж, — кажа, — калі трэба, дык трэба». Запрог каня, паехалі, схавалі мы тых чацвярых у добры гушчар — ельнік такі, — напаілі. Швяцоў сканаў хутка, трое засталося. Глядзі, кажу чалавеку, — пільнуй байцоў. Вярнуся — запытаю, як і што. Ну, а самому што тут было рабіць? Усё ж баец я. Ну, і падаўся на ўсход. Так і нясу на сабе ўвесь рыштунак і вінтоўку — не кідаць жа дабро. I вось ужо тыдзень іду. Не думаў, што такое здарыцца, што аж пад Полацк скіраваць прыйдзецца.