Выбрать главу

Васіль Быкаў

Поўны збор твораў

Том 5

Аповесці

Круглянскі мост

1

Прачнуўся Сцёпка на золку.

Абудзілі яго галасы — блізкая гамана людзей, смех, ранішні курэцкі кашаль, бразгат кацялкоў. Яшчэ не зусім асіліўшы ў сабе дрымоту, хлопец зразумеў, што гэта ішлі на сняданак — побач, у алешнічку, была сцяжынка да недалёкае кухні, пах дыму ад якой даўно ўжо даносіўся да яго лаўжа. Сцёпкаў галодны нюх некалькі разоў лавіў спакушальны пах смажанага, і тады Сцяпан нават у сне адчуваў згаладнелую знямогу ва ўсім целе. Але пра яду ён тут жа і забыўся. Разам з абуджэннем на хлопца хлынула плойма самых непрыемных думак і адчуванняў — учарашняе абрынулася ўсё адразу, і ён з тужлівай самотай адзначыў гэты пераход з санлявага забыцця ў надта турботны, нярадасны цяпер для яго свет.

Болей ужо не заснуў.

Свядомасць яго была цалкам ва ўладзе трывогі, на некалькі гадзін прыпыненай сном; зноў пацягнулася чаканне, у канцы якога, аднак, не прадбачылася нічога добрага. Сцёпка паварушыў галавой: шыя па-ранейшаму — не моцна, а неяк дакучліва-тупа — балела; скулы, здаецца, нарывалі ўсё болей; адна, разбітая ўчора, мабыць, падсохла і, скранутая цяпер, азвалася вострым болем. Было балюча варухнуць плячом, і ён пакутна паморшчыўся, думаючы, што скуллё, якое нядаўна яшчэ атручвала яму жыццё, цяпер не болей чым дробязь.

У яме ад ранішняй свежасці было холадна, цела са сну прабірала дрыготка, азяблі рукі. Струхлелая салома ў дне адсырэла, стала вогкая, як скошаная падвялая трава, і не грэла. Недзе, нябачнае за лесам, усходзіла сонца; абяцаючы пагодлівы дзень, у высокім прасторы неба бялела некалькі невялічкіх спакойных аблокаў. Ніжай пад імі высілася абсыпаная шышкамі вяршаліна елкі. Некалькі тугіх шышак ляжалі і ў доле, на ўтаптанай саломе, ля яго босых і брудных ног.

Яма была не такая ўжо і глыбокая, некалі нядбайна выкапаная на бульбу, — невялікі яе запас хавалі тут да вясны. З абсыпістых сцен бізунамі вісела яловае карэнне, таўсцейшае тырчала з бакоў, як цвёрдыя, вузлаватыя локці. Вылезці адсюль было проста, нават і дзіця вылезла б, але ён вылазіць не збіраўся. Па-першае, наверсе да ямы была прыстаўлена варта — партызан з вінтоўкаю, што пільнаваў яго як злачынцу. Па-другое, і гэта галоўнае, Сцёпка не лічыў сябе ніякім злачынцам, чакаў і дужа спадзяваўся на справядлівасць. Цяпер, памалу спакайнеючы пасля таго недарэчнага ўчарашняга здарэння, Сцяпан адчуваў, што пагарачыўся, што не трэба было даводзіць усё да бяды. Але разумныя думкі звычайна спазняюцца, і таго, што здарылася, ужо не перайначыш.

Галасы тым часам памалу аддаліліся, заглухлі ў ельніку, наўкола зноў стала ціха і надта чуйна, як звычайна ў яме. У гэтай самотнай цішы лесавога ранку Сцяпану неяк міжвольна захацелася пачуць вартавога, які ўсю ноч тупаў паблізу. Калі ўчора саджалі сюды, дык ставілі Кучкіна, але цяпер, мусіць, не Кучкін — змянілі іншым. Той быў непаседлівы і надта шумлівы: то кашляў, то мармытаў нешта і ўсё хадзіў і хадзіў наўкола. Гэты ціхі — мусіць, сядзіць недзе паблізу і дрэмле.

Прыцяўшы дыханне, Сцёпка, аднак, злавіў на слых ціхенькія гукі, якіх спярша не адгадаў нават, а пасля неяк само сабою між думак стала зразумела, што вартавы стругае палачку ці можа дубчык: чутны былі ціхае шорханне нажа, мах рукі. Пасля ён пачуў і лопат дубца аб прысыпаны ігліцаю дол. I хлопцу раптам да душэўнай сутаргі захацелася туды, на волю, хоць азірнуцца, паглядзець на бакі з краю ямы, вылезці з гэтага сырога, прасмярдзелага трухлявай саломай і зямлёй дна.

Але ён знае, што, пакуль не прыедзе камісар, ніхто яго адсюль не пусціць.

Між тым, на сцяжыне пад елкамі спярша невыразна, а потым усё гучней раздаюцца чыесь шырокія крокі, чуецца шорхат скранутых галін, мернае пабразгванне ў такт кроку — зброі ці чаго ў кішэні. Паблізу, чутно, мусіць, устае вартавы, ударамі далоні абтрасае падол світкі; рэзка пстрыкае складанчык. Сцёпка спазнела здагадваецца: ідуць сюды. Можа па яго? Ён чакае гэтага і гатовы ўжо узрадавацца, але замест адпаведных для такога выпадку слоў чуе іншыя.

— Ну, ідзі надрубай, — чуваць здаля роўны голас задаволенага сабой і, пэўна, не галоднага ўжо чалавека. Нечакана блізка і хрыплавата адгукаецца вартавы:

— Што там? Зноў ячная? — Не, зацірка з садам.

— Ну, усё лепей. А то гэта ячная ўжо ў бруха не лезе.

— Палезе. Ну, як твой бандыт? — раптам пытаецца новы вартавы.

— Ціхі, як мыша. Спіць усё.

— Ціхі, кажаш?

Галасы незнаёмыя, — мусіць, хтось з новых. Сцёпка адчувае, што ідуць сюды, і, сеўшы, робіць незалежны выгляд, насупліваецца, ледзьве адольваючы невыразную, шчымлівую трывогу.