Выбрать главу

— Пасля, як назад пойдзем. Не цяпер…

— Цяпер не. Дзе ўжо цяпер, — легка пагадзіўся Дапіла.

Сцёпка нечакана нават для сябе самога расчараваўся: зайсці ў вёску ён заўсёды быў рады, хоць і з рызыкай, з бояззю наткнуцца на бобікаў або немцаў — усё роўна пасля апрыклага ляснога жытла ўладарна цягнула да людзей, да звычайнага хатняга прытулку, якога не меў шмат год. Гэтая цяга жыла ў ім яшчэ з ранняга дзяцінства, калі пад час калектывізацыі ён страціў бацькоў, не прападала ў дзіцячым доме і ў школе ФЗН і асабліва асілілася за вайну, у яго беспрытульных партызанскіх бадзяннях па лесе.

Ступаючы на слізкія, абадраныя коламі яловыя карані, яны па адным абышлі вялізную, з застаялай вадой лужыну на дарозе, і Маслакоў азірнуўся. Было відаць, што скупыя Данілавы словы запалі і ў ягоную душу.

— Калі мо ўправімся, уночы заскочым. Так таму і быць, — сказаў камандзір групы.

Даніла прыспешыў крок, яны з Брытвіным дагналі Маслакова, і Даніла падхапіў размову, якая яго яўна цікавіла.

— Калі ўправімся, дык здатна было б. Вялікадня ж…

— Вялікадня, ага. А наогул — лепш не заходзіць, — сказаў Маслакоў.— Меней бяды будзе.

Брытвін чужавата маўчаў, а Даніла і гэта, хоць і без асаблівай ахвоты, пацвердзіў:

— Ну.

— Неяк зайшлі — ледзьве ногі вынеслі,— успомніў Маслакоў.— Прапанавалі, і я, дурань, паслухаўся.

— Ведама ж, як кажуць людзі: другіх слухай, а сваім розумам жыві,— прабубніў Даніла.

— Вось іменна. Закурыць няма?

— Ёсць троху.

— То давай задымім. Каб весялей жылося. Насільшчыкі ахвотна прыпыніліся, паставілі на зямлю каністру. Даніла адхінуў палу кажуха і пачаў поркацца ў кішэнях рудых суконных, дашчэнту злапленых штаноў. У Брытвіна тым часам знайшлася паперка — старонка са школьнага падручніка з чарцяжом раўнабедранага трохвугольніка. Стоячы ўбаку, Сцёпка абыякава пазіраў, як яны разадралі яе на шматкі, і Даніла адмераў кожнаму па шчэпцю самасаду. Сцёпка таксама часам курыў, калі было што, але цяпер яму не прапаноўвалі, і ён не прасіў, бо ведаў, як даражылі курывам заўзятыя курцы накшталт гэтага вось Данілы.

— Прыкурым ад нямецкай запалачкі,— сказаў Маслакоў, засоўваючы руку за пазуху. Памацаўшы там, ён нязручна дастаў плоскую, бы пачак іголак, паперку з запалкамі, складзенымі ў радок накшталт зубоў у грабеньчыку. Камандзір ашчадна адламаў адну і крамсануў абцёрку. Даніла ажно спалохаўся.

— Ды я… У мяне ж крэсіва! — спахапіўся ён. Але запалка ўжо загарэлася, і ён першы мусіў прыпаліць з Маслаковых прыгаршчаў.— Сапсаваў, ну!

— Нічога, — супакоіў яго Маслакоў і палічыў: — Раз, два, тры, чатыры, пяць… На Круглянскі мост хопіць.

Яны з асалодай раскурылі цыгаркі і неяк весялей рушылі па парослай дробненькай мураўкай дарозе. Мабыць, вяртаючыся да ранейшае думкі, Маслакоў азірнуўся на астатніх.

— Пра камбрыга Прэабражэнскага чулі?

— Таго, з лук’янаўскай групы? — запытаў Брытвін, не вымаючы з рота цыгаркі.

— Ну.

— Чулі быццам. Я з ім увосень на засаду хадзіў.

— Якую восень! Яго ўлетку немцы расстралялі.

— А казалі — сам у палон здаўся, — ненастойліва запярэчыў Брытвін.

Маслакоў ажно спыніўся.

— У палон! Языкі б тым папрыпякаць, хто так кажа.

— Не ведаю. Я ж у іх у атрадзе не быў.

Маслакоў кінуў беглы, але спрактыкавана-ўчэпісты позірк наперад, куды кіравала гэта пакручастая малаезджаная лесавая дарога, паўзіраўся па баках. У лесе скрозь было ціха, адно ў галлі паценьквалі нябачныя птахі, ды ўгары, на пасвяжэлым ветры, ківаліся і шумелі яловыя вяршаліны. Унізе ж, у вузкім крывым калідоры між ельніку, было хораша і зацішна, камары яшчэ не з’явіліся. Час, мусіць, кіраваў пад вечар, сонца на небе не было відаць, над елкамі ціха плыла шэрая навісь аблокаў.

— Быў хто ў Шнурах? — запытаў камандзір.

Але наўрад ці хто быў там — Сцёпка першы раз чуў гэтую назву, ды і Брытвін, мусіць, таксама. Яны маўчалі, адзін толькі Даніла па сваім звычаі, штось успамінаючы, пакутна зацепаў вачмі.

— Гэта хіба тыя, што за Лясовічамі?

— Во-во, яны самыя, — пацвердзіў камандзір. — Ладная вёсачка, на пагорку, пры параснічку. Вось мы на яе і вылезлі. Людзі папаліся добрыя, залатыя людзі. Ну і заплацілі за іх дабрату…

6

— Розная дабрата бывае. Іншая горш, чым зло, — сказаў Брытвін, спакойна ідучы за Маслаковым. Цяжару каністры ён нібы і не адчуваў, трымаўся роўна, і Сцёпка падзівіўся з яго вынаходлівасці: здавалася, ноша цяпер ніколькі і не важыла.

Маслакоў на рэпліку не адказаў — яго ўжо захапіла і поўніла нешта сваё.