Ля дарогі з лесу выглянула палянка — даўгаватая зялёная лугавіна з пачарнелым стажком наводдаль. Маслакоў прымоўк, спыніўся, бегла агледзеўся і, яны хуткім крокам прайшлі яе, аж пакуль не схаваліся ў дрэвах. Усе ўжо дакурылі, толькі камандзір сціскаў у пальцах акурак, які, відаць, даўно не гарэў.
— Зноў патух! Што такое?
— Кажуць — жонка гуляе, — сказаў Брытвін.
— Да жонкі дажыць трэба.
На хаду камандзір сунуў недакурак за вуха шапкі. Яны цяпер ішлі ўсе разам. Поруч з Брытвіным Маслакоў выглядаў маладзейшым, але быў вышэй за яго ды і шырэй у плячах, рухі яго былі лёгкія і стрымана-нетаропкія, як у кожнага дужага і ўпэўненага ў сабе чалавека.
— Вось, значыць, ляжым, я неяк адным вокам зірнуў праз каліўе — выстраілі іх усіх перад хлеўчуком у шэраг: дзеда, старую, абедзвюх маладзіц і дзяцей — хлопчыка і дзвюх дзяўчынак. Бабы галосяць: яны-то не ведаюць, куды мы з лазні шаснулі, адзін дзед ведае. А дзед маўчыць. Тады паліцаі да баб: «Дзе бандыты?» Бабы праз плач: «А паночкі, даражэнькія, хіба мы ведаем? Былі і пайшлі, мы не глядзелі куды». — «Ах, не глядзелі?А схоў дзе?» — «Няма ніякага схову, хоць забіце — няма». — «Забіце! — кажа адзін. Паліцай, мусіць: чутно, па-тутэйшаму гаворыць. А можа перакладчык — з баразны не разабраць. — Не, мы спярша вашых шчанюкоў заб’ём». I тут — трах!
У мяне ўсё нутро пахаладзела — што ўдумалі, гады! Чую, і камбрыг варухнуўся, напружыўся. А на падворку лямант, крык. Так і ёсць: у самую малую, самую крайнюю ў шэрагу. А праз крык — усё той жа голас: «Не скажаш — тады следуюшчага!» Пасля расказвалі падскочыў да хлапчука — і пісталет у лоб. А што яму — застрэліў бы і яго, і ўсіх. Хіба шкада, абы выслужыцца. Тым болей калі такая здабыча — камбрыг.
I што думаеце? Камбрыг падхопліваецца, развярнуў ботам баразну — на сцежку. А ляжаў ён трохі за лазняй; як уставаў — з падворка, мусіць, не відно было. I са сцежкі як крыкне: «Стой, варвары!» Мы сцяліся ў бульбе — ну, думаю, усё прапала. А ён гэтак рашуча проста на іх. Паліцаі — казалі пасля — ажно разбегліся з перапуду: хто за дровы, хто ў хлеў, а той крыкун з пісталетам хуценька на калена і пісталет на руку. Ну, у самы акурат як да вайны ў асаавіяхіме вучылі. А камбрыг: «Завошта дзіцёнка, ірады? Я камбрыг, бярыце!»
— Ну, і ўзялі.
Узялі ды зноў кінуліся да лазні — чалавек пяць. I туды, і сюды, але нідзе нікога. Камбрыг кажа: «Дарма стараецеся. Астатнія ўжо ў лесе!» Паверылі. Як не паверыць, калі чалавек на такое пайшоў. I што думаеце: усіх разагналі прыкладамі; дзеда, праўда, таксама забралі, але праз тыдзень выпусцілі. Дзяўчынку пахавалі. А камбрыг, казалі, ім такое ў лепельскім СД устроіў, што там жа і расстралялі. Нават і адпраўляць нікуды не сталі.
— Да, — сказаў Брытвін. — Сердабольны надта. А калі б яны і яго ўзялі і сям’ю не адпусцілі? Тады як?
— Знаеш, — падумаўшы, сказаў Маслакоў.— Тут дзела совесці. Аднаму хоць увесь свет у тартарары, абы самому выжыць. А другому — каб па совесці было. Мусіць, сваю віну чуў перад гэтымі людзьмі. Фактычна ж яго гімнасцёрку знайшлі на печы.
— Гімнасцёрку! Што гімнасцёрка, — нязгодна зазначыў Брытвін, відаць, маючы ў думках нешта сваё.
7
Рэшту дарогі, добра прытаміўшыся, ішлі ўскрай параснічку. Праз негусты хмызняк раз за разам праглядвала шырокая роўнядзь поплаву, са сцішанай радасцю зазелянелага першай вясновай травой. Там недзе, крывуляючы між дрыгвістых берагоў, цякла рэчка Круглянка. Яе, аднак, не было відаць, затое Кругляны паказаліся яшчэ здалёк, выцягшы доўгі рад шэрых дахаў на пагорку з дарогай. Каб трапіць да моста, трэба было зайсці з другога боку, і Маслакоў, параіўшыся з Данілам, крута ўзяў па расцяробе ўгору, у абход. Цяпер яны ўдвох ішлі наперадзе, каністру ж зноў неслі па адным — у хмыззі з палкай было не вывернуцца — паднёс крыху Брытвін, і апошняму яна зноў дасталася Сцёпку.
Даніла, які тут ведаў усе закуткі, неяк дзіўна круціў: то ішлі алешнікам, то, зрабіўшы дугу, улезлі ў роў, выбраліся на яго круты бок і зашыліся ў дробненькі, але густы беразняк, нібы апырсканы зелянінай першых лісточкаў. Потым хуценька перабеглі пыльны ўзараны лапік пашы і ўвайшлі ў поўны смалістага паху сасоннік.
Сцёпка з каністраю зноў адстаў, але з астатніх сіл прадзіраўся праз зараснікі, баючыся згубіць таварышаў.
Яны лезлі на пясчаную сухую выспу; рослы і густаваты з берага сасоннік трошкі вышэй здрабнеў і радкавата рассыпаўся па схіле ўперамешку з беразняком і ядлоўцам. У гэтым сасонніку на схіле Сцёпка і нагнаў траіх — паскідаўшы шапкі, разваліўшыся, яны сядзелі ў доле.