Выбрать главу

— Ну, данёс? — усмешыста жмурачыся, азваўся насустрач яму Маслакоў.— А то баяўся.

— Чаго мне баяцца? Хай фрыцы баяцца, — сказаў Сцяпан, бокам на пахілы дол кладучы каністру.

У хлопца ад стомы ажно падгіналіся калені, але ён прымусіў сябе на невялікую вытрымку: зняў з-за спіны і нетаропка паклаў на зямлю вінтоўку, расшпіліў потны мундзір — восем гузікаў ад каўняра да дзягі — і потым ужо выбраў мякчэйшую, з траўкай мясціну, дзе і прысеў.

— Ну, тады давай даві вуха. А я паназіраю, як там мост. Толькі ціха каб.

Маслакоў устаў, узяў свой аўтамат з зайздросна новенькай лакіраванай ложай і пайшоў угору.

Застаўшыся без камандзіра, трое падначаленых адчулі сябе неяк нібы вальней. Даніла, стаўшы на калені, расперазаўся, сцягнуў з плеч кажух і з асалодай разваліўся на ім, засцярожліва ўздзеўшы на руку почапку свайго куртатага абрэза. Сцёпка таксама адхінуўся на здаровы, без скулаў бок, закінуўшы голаў, паглядзеў у неба. Там па-ранейшаму грувасцілася туманная мешаніна аблокаў, часам павяваў свежаваты, з сырасцю вецер — надвор’е, здаецца, мелася сапсуцца. Дзесьці ўбаку, мабыць, на недалёкай дарозе, ледзь чутна пратахкала коламі і сціхла фурманка. Было ціха. Праўда, у хвойніку, непадалёк узляцела і доўга нязграбна мясцілася на сасонцы варона. Здаецца, там былі і яшчэ: сярод голля чулася ціхая, але настойлівая птушыная валтузня. Даніла ўжо, мабыць, спаў, накрыўшы шапкай валасаты твар, спакойна і смачна пасопваў. Брытвін нядоўга пасядзеў побач, а потым устаў і з заклапочанай нядобрасцю на сухім абветраным твары пайшоў угору — мабыць, да Маслакова. Сцёпка паляжаў трохі, пакуль спачыў, і зноў сеў. Пакрысе, але ўсё настойлівей пачала напамінаць аб сабе тужлівая пустата ў жываце: хацелася есці. Зашмальцаваная Данілава сумка ляжала ад яго за тры крокі. Мусіць, там нешта было з яды, і хлопец адвёў убок позірк, каб не глядзець на яе, не растраўляць марнага цяпер жадання. Ён толькі падумаў, што было б здорава пусціць дымам той мост ды заваліцца куды ў вёску — столькі наўкола знаёмых сялян, было дзе паесці кулічоў, яек ды і выпіць. Як бы там ні было, а ўсё ж вялікдзень, вёскі святкуюць, як святкавалі некалі, толькі вось ім, лесавым бадзягам, не да таго: заданне, дарога, праклятая гэта каністра замест толу, якая пагана і неадчэпна смярдзіць побач, атручваючы такія харошыя, не застарэлыя яшчэ пахі вясновай зямлі. Ну, але на каго крыўдаваць? Пайшоў сам, ніхто не прасіў, з першай ваеннай вясны ўцёк у лес, прыхапіўшы чужы карабін, напаткаў акружэнцаў, і з імі пачалося яго турботнае лесавое жыццё. Шкадаваў толькі, што не забіў таго падлюгу Валодзьку, які атруціў яму ўсё яго местачковае жыццё. Колькі ён начуўся ад яго пагроз і нацярпеўся здзеку, колькі перахадзіў для яго па гарэлку! Сам паліцай быў трусаваты, з мястэчка баяўся далёка паткнуцца, а яго, бязбацькавіча, прыблуднага чужака, якраз і прыгледзеў на гэтую справу.

Як толькі Сцёпка ўспамінаў той час, дык кожнага разу пачынаў хвалявацца ад даўняй застарэлай крыўды, нібы зноў перажываючы жахлівую зіму свайго бяспраўнага існавання — без дакументаў, на падазрэнні, сярод чужых людзей. Але і ў Віцебску жыць не было як — завод закрылі, іхні інтэрнат з будаўнікамі рэквізавалі нямецкія салдаты, і каб не прапасці з голаду, ён рушыў з горада ў вёску пад Лепель, дзе — цьмяна памятаў — была нейкая матчына радня, напаўзабытая цётка Сцепаніда. Дабірацца давялося амаль скрозь пехатой, праз гразкую познюю восень; яго брызентавыя туфлі разваліліся праз два дні, хлопец прастудзіўся і аднойчы, заначаваўшы ў крайняй ля рова хаціне з абмазанымі глінай вугламі, так і не ўстаў ранкам. Шаласлівая, падатная на чужую бяду бабка Усцінка выхадзіла яго, адагрэла на печы пад кажушком, адпаіла ліповым наварам, і ён далей ужо не пайшоў, застаўся да вясны ў гэтым мястэчку над голай нячыстай аўражынай, куды вылівалі памыі і скідвалі пастраляных паліцаямі сабак. Ачуняўшы, Сцяпан, каб не быць дармовым нахлебнікам, надзяваў бабчыны боты, кажушок, браў у суседзяў санкі і ехаў цераз поле ў лясок па дровы або за кавалак хлеба насіў местачкоўцам ваду з раўка, здабываў з капцоў бульбу, якое тады багата зазімавала ў полі. Так і жылі. А поруч, цераз тры двары, хмельна раскашаваў у прыманах былы лейтэнант Валодзька, дружок, які, пераседзеўшы зіму ў сельмагаўскай прадаўшчыцы, па вясне падаўся ў паліцыю і пачаў жартам і ўсур’ёз чапляцца да хлопца. Ён дапякаў Сцёпку яго незаконным жыхарствам і тым, што ў яго не было дакументаў, казаў, што такіх, як ён, загадана збіраць па вёсках і адпраўляць у раён, і калі ён, Валодзька, не арыштоўвае яго, дык толькі па сваёй добрасці, якая, аднак, не бясконцая. Паліцай патрабаваў ад Сцёпкі самых розных паслуг: то схадзіць да суседа-інваліда, каб штось выведаць, то пад ранак папільнаваць дарогу на выездзе з вуліцы, ці насячы дроў і амаль кожнага дня здабываць гарэлку. Сцяпан апасаўся Валодзькі і да пары да часу мусіў слухацца, хоць узненавідзеў яго так, што гэтае нянавісці не пераборала і вострая жаласць да Усцінкі, адзінокай гаротніцы ў пахілай хаціне. Аднойчы, пакуль паліцай пасля начной сховы-засады мьгўся ў двары ля парога, Сцёпка проста з лаўкі ўзяў яго зараджаны карабін і праз дзірку ў сенцах шмыгнуў у равок, каб болей сюды не вярнуцца…