Выбрать главу

Аднак Маслакоў з Брытвіным нешта бавіліся: не ішлі і не гукалі, Даніла дык нават ужо і пахропваў пад шапкай. Сцёпка пацягнуўся нагой і разы два ціхенька штурхануў яго лапці — Даніла прахапіўся, недаўменна пазыркаў наўкруга асалавелымі са сну вачмі, але, супакоіўшыся, зноў лёг на спіну.

Сцёпка тужэй падкруціў драціну на боце, пакалупаў галінкай зямлю, пасля заняўся сваёй злашчаснай вінтоўкай. Спярша прыадчыніў затвор — рукаятка пругка, амаль без шуму варухнулася на скосе — са шчыліны магазіннай каробкі з гатоўнасцю выглянулі вострыя дзюбкі куль. Не дасылаючы іх у патроннік, Сцёпка ашчадна засунуў затвор. Потым ён дастаў ножык — сточаны даваенны сельпоўскі складанчык з пляскатымі тронкамі — і ад няма чаго рабіць паскроб ім ложу. З-пад бруду, рэштак счарнелага лаку І змазкі палосамі засвяцілася моцнае сухое дрэва, і Сцёпка амаль з захапленнем узяўся скабліць — абнаўляць брудны, счарнелы прыклад.

Брытвіна ўсё не было, а Даніла, аказваецца, болей не спаў — ціха паляжаў колькі хвілін і глуха абазваўся:

— Чаго яны там?

Сцёпку здалося, што ён гэта спрасоння, але Даніла, услухоўваючыся, уважліва глядзеў у сасоннік.

— Хто?

— Ды вараннё. Схадзіць, можа людзі…

Сапраўды, усё ў тым жа месцы ў гушчары чулася птушыная валтузня, часам кароткі лопат цяжкіх варонніх крылаў; недзе ля таго ж месца засакатала сарока — пэўная адзнака ляснога неспакою, калі не трывогі. Сцёпка ўстаў і з вінтоўкай у руках паціху палез у гушчэчу.

Яшчэ здаля ў кустоўі адчувалася прысутнасць, апроч варання, і яшчэ некага, хоць наўрад ці тут мог быць хто жывы. А вароны ўсё капашыліся, адны ўзляталі на верхавіны сасонак, іншыя адтуль важка ападалі ўніз. Сцёпка падабраў ламачыну і шпурнуў у птушыны гам.

— Кыш вы, праклятыя!

Вароны неахвотна падхапіліся з зямлі, залапатаўшы ў галлі крыламі, але далёка не паляцелі: адны пачалі кружыць наўкола па-над узлескам, другія, нездаволена пракаркаўшы, апускаліся паблізу на сасоннік. Сарока засакатала мацней і трывожней, але гэта ўжо на яго. Сцёпка расхінуў сасновыя лапкі і з непрыемнасцю спыніўся, апанаваны не страхам, а нейкаю нерашучасцю.

Між сасонак на іглістым доле, з якога сям-там прабіваліся жоўтыя іскрынкі кураслепу, ляжаў чалавечы труп. Тут жа таптаўся вялізны груган.

— Кыш!

Гурган неахвотна азірнуўся, пераступіў і, пругка адштурхнуўшыся жылістымі лапамі, замахаў крыламі.

— Карррр, каррррр…

Сцёпка, зацяўшы дыханне, падступіў бліжай: труп быў даўні, мабыць, зімовы ці нават леташні, нейкі пляскаты, бы ўтаптаны ў зямлю. Вопратка на ім, адчувалася, амаль струхлела. Хлопец нядоўга паразважаў, шукаючы адказу на адзінае цяпер пытанне: хто — свой ці чужы? — як раптам згледзеў пад нагамі ў траве невялікі шэра-зялёны лапік. Тады ён ступіў да яго і падняў — то была чырвонаармейская пілотка, сухая і нават пыльная з аднаго і сыраватая з другога, ад зямлі, боку. Увогуле, яна была ўжо нікчэмная, апроч хіба чырвонай эмалевай зоркі, пад якой рудзела невялікая плямка ржы. Сцёпка заглянуў над клапаны, там аказалася ўваткнутая ў падклад іржавая іголка, абматаная чорнаю ніткаю. Хлопец выдзер зорку, а пілотку кінуў.

Ідучы ўгору, туды, дзе застаўся Даніла, ён думаў, што зорку трэба пачысціць ад іржы, і тады можна будзе прымацаваць да шапкі, а то за год партызанства ён так і не прыдбаў сабе ніякіх вайсковых адзнак. Зрэшты, не шмат іх было і ў іншых.

Даніла сядзеў на сваім кажуху і, мусіць, чакаў, углядаючыся ў яго бок. Сцёпка махнуў рукой і паказаў знаходку. Даніла адразу выцягнуў шырокую, у валассі руку.

— Ану…

— Цэленькая, камандзірская, пэўна.

Узяўшы зорку, Даніла нейкі час з цікавасцю пакруціў яе ў руках.

— Да, гэта сама… Харошая звяздэчка.

I, нічога не кажучы болей, на вачах у хлопца сунуў яе ў кішэню сваіх суконных, густа залапленых штаноў.

— Гэта ж мая! — разгублена сказаў Сцёпка.

Даніла выскаліў доўгія пракураныя зубы:

— Гы! Была твая, стала мая.

— Ты што? Аддавай!

Але Даніла, як і раней, нязрушна сядзеў на сваім кажусе і толькі нахабнавата ўхмыляўся маленькімі сярод чорнага дрымучага касмыцця вачмі.