— Давай! — крыкнуў Сцяпан.
— А не крычы. Вунь камандзір ідзе.
Сапраўды, збоку ад іх над растапыранымі галінамі сасонак з’явілася галава Маслакова.
— Тоўкач, сюды!
— Давай! — з апошняй рашучасцю патрабаваў Сцяпан, але тут жа зразумеў, што марна, і, сцяўшы ў сабе крыўду, падаўся да Маслакова. — Ну, пачакай!..
Маслакоў ужо быў павярнуўся, каб ісці, як ззаду, хапаючы кажух, сумку і абрэз, падхапіўся Даніла.
— Таварыш камандзір, чакайце!..
Не цямячы, у чым справа, камандзір спыніўся, сышоў ніжэй да партызана, і калі Сцёпка, пастаяўшы, таксама вярнуўся да яго, Маслакоў ужо прымацоўваў на шапку тую ягоную зорку.
— Ну, дзякуй. А дзе ўзяў?
— Ды вунь Тоўкач падарыў,— хітра жмурачы шчылінкі-вочы, нявінна сказаў Даніла.
«От падла!» — падумаў Сцёпка, але не сказаў нічога. Для Маслакова зоркі яму было не шкада — Маслакову ён аддаў бы і шапку. I тым не менш хлопцу стала чагосьці няёмка і — галоўнае — крыўдна.
8
Бралася на змярканне, у хвойніку прыкметна цямнела, неба скрозь засцілалі аблокі, некалькі кропель упала на шыю і рукі — відавочна збіраўся дождж. Першы вясновы дождж, не халодны і не ветраны; яму, помніцца, некалі радаваліся людзі, бо пасля ўсё навыперадкі зелянела, аж шапацела, пускаючыся ў рост.
Цяпер жа, аднак, дождж не радаваў, здаецца — наадварот, нават устрывожыў іх камандзіра трупы. Усё ў тым сасонніку Даніла са Сцёпкам узышлі на верх выспы і следам за Маслаковым апусціліся на калені пад крайняю ад прагаліны хвойкай. Побач сядзеў Брытвін і нерухома глядзеў кудысь між хваёвага голля.
Там была дарога і мост.
— Ну што? — ціха спытаў Маслакоў.— Не відаць?
— Ні чарта не разбярэш. Каб бінокль…
Яны ўсе стаіліся, углядаючыся туды, дзе святлявая стужка дарогі, вынікшы з сасонніку збоку ад гэтае выспы, бегла па невысокім на лужку насыпе да моста — доўгага шэрага збудавання з бярвення, што выглядала адсюль, нібы агромністы чарвяк, які споўз з дарогі ў ваду і спыніўся.
— Трэба ісці,— сказаў Маслакоў.
— Цяпер? — насцярожыўся Брытвін, не адрываючы позірку ад прыцьмелай ужо вечаровае далечы.
— Ну, а калі ж? Пакуль дождж не разышоўся. А то намочыць — не ўпаліш.
— Ну ўжо не, — падумаўшы, сказаў Брытвін. — Цяпер я не найду.
— Можаш не ісці,— пачынаючы нерваваць, кінуў Маслакоў і падняўся. — Даніла!
Даніла выпрастаўся на каленях, але не ўстаў.
— Ды у мяне ж абрэз.
— Ну і што?
— На якіх дваццаць крокаў, не болей. Калі што, дык і не пацэліш, мушкі ж няма, — загаманіў ён нейкім не сваім, бы вінаватым, з плаксівасцю голасам. Маслакоў ціха вылаяўся і ўхапіў каністру.
— Тоўкач, айда!
Сцёпка ўстаў, непрыязна, амаль з варожасцю зірнуў на Данілу. Хлопцу таксама было не шмат радасці выпраўляцца цяпер, яшчэ завідна, па голай дарозе добрую вярсту навідавоку, але ён болей за ўсё не хацеў, каб тое ўбачылі іншыя. Ён быў гатовы. Асабліва калі з Маслаковым — хай гэтыя героі сядзяць ззаду і чакаюць.
На хаду ён пераняў у Маслакова каністру, яны хуткім кронам выдраліся з хвойнага зарасніку на ўзлесак і апынуліся на лугавіне.
Дожджык усё сыпаў — дробненькі, але спорны; далячынь за ракой заслала туманам, у ім прыцьмелі і мост, і поплаў, і ўвесь той бераг з Круглянамі. Увогуле, гэта было няблага, здалёк іх на мосце не ўбачаць, толькі каб загарэлася дрэва…
Брытвін з Данілам засталіся на ўзлеску акрай дарогі, а Маслакоў са Сцёпкам амаль подбегай пашыбавалі дарожнай узбочынай. На хаду Маслакоў некалькі разоў азірнуўся, і ў тых яго позірках Сцёпка згледзеў трывогу. Яно і зразумела: атрымлівалася не так, як было ўдумана, прыбаўлялася рызыкі, надзея на поспех меншала. Па сутнасці, яны дзейнічалі цяпер на славуты «авось», хоць яўнай небяспекі пакуль не адчувалася, непагадзь добра хавала іх— а можа і пашэнціць? Адкладваць жа наўрад ці будзе разумна, бо калі разыдзецца дождж і намочыць на мосце гразь ды бярвенне, колькі тады трэба будзе чакаць, пакуль усё гэта высахне. Зноў жа — цяпер мо дапаможа вялікдзень: усё ж паліцаям таксама ахвота пасвяткаваць.
Сцёпка ледзьве паспяваў за Маслаковым, яны ўжо амаль беглі, камандзір раз-поразу азірнуўся, але на дарозе, здаецца, скрозь было пуста.
— Якраз такі час, панімаеш? Удзень там іх варты няма. А на ноч яшчэ не паспелі. Каб не дождж толькі.
Яны ўсё памыкаліся на бег, але Маслакоў знарок стрымліваўся — мусіць, каб не адрывацца ад Сцёпкі або не выклікаць падазрэння, калі хто з’явіцца насустрач. Аўтамат свой ён трымаў напагатове, прыкладам пад пахай. Сцёпка вінтоўку нёс на плячы, почапка яе недзе на закарку сцягвала скуру, скуллё на шыі балела, але ён не мог нават прыпыніцца, каб перамяніць руку з каністрай.