Выбрать главу

Сцёпка думаў тут недзе знайсці Маслакова, але яго не было відаць ні ззаду, ні спераду. Хіба што камандзір ужо адбег да лесу, што ўвогуле было зусім верагодна. I ўсё ж нейкае падсвядомае адчуванне сведчыла, што ён не ззаду, а мабыць, ля моста. Трохі аддыхаўшыся і зацяўшы ў сабе страх, Сцяпан таксама падаўся туды.

Увага яго раздваілася: ён чакаў стрэлаў, каб тут жа ўпасці пад насып і з усяе сілы хацеў убачыць, дзе Маслакоў. У яго ўжо з’явілася і шырэла ў сваёй акрэсленасці думка, што з ім кепска, мусіць, яму папала. Тады Сцёпка проста не ведаў, чым можна дапамагчы камандзіру і як яго ратаваць тут, пад носам у аховы. Баючыся самага найгоршага, ён, аднак, спадзяваўся яшчэ, што можа Маслакоў проста стаіўся, і ён яго зараз знойдзе.

Ён і сапраўды хутка ўбачыў свайго камандзіра — у дажджлівым паўзмроку той цёмным бугром знерухомеў акрай насыпу, і яшчэ зводдаль Сцёпка зразумеў, што камандзіра падстрэлілі. Напэўна, упаў Маслакоў яшчэ на скосе і ссунуўся ўніз. Ён так і ляжаў цяпер, закінуўшы ўгору рукі, з ненатуральна падкурчанымі ў каленях нагамі. Ватоўка на ім загарнулася, кашуля таксама, і голы запалы жывот цьмяна свяціўся ў доле. З разбегу Сцёпка выцягся ля камандзіра, і па тым, як той ніводным рухам не рэагаваў на яго з’яўленне, хлопец з паныласцю зразумеў, што найгоршае сталася. Сцяпан не стаў тармасіць яго ці абмацваць: не было часу — на дарозе вось-вось маглі з’явіцца паліцаі. Ён толькі выдзер з-пад пляча аўтамат і стаіўся побач, чакаючы.

Унутры ў ім усё аж захлыналася ад стомы і страху, пачуцці, здавалася, дасяглі мяжы напружання і, бы сірэны, гулі ад роспачы. Наўкола, аднак, было ціха: дождж роўненька, але настойліва лапатаў па дарозе, траве. Паліцаі нешта марудзілі — не беглі сюды і не стралялі. Сцёпка тады азірнуўся, і сцяўшы ў сабе агорклае дыханне, пераваліў Маслакова на бок. Не адрываючы позірку ад дарогі, ён зачапіў на руку почапкі аўтамата і вінтоўкі і, напружыўшы не дужа вялікія свае сілы, узваліў на сябе страшэнна цяжкога цяпер Маслакова. Ён ажно спалохаўся, што не падніме; ад натугі ў вачах бліснулі і расплыліся жоўтыя плямы, але ўсё ж ён устаў на ногі і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, бы п’яны, пабрыў пад насыпам.

Ён упаў, крыху не дасягшы ўзлеску. У трохі святлявым небе відаць былі верхавіны сасонак, але ў яго не хапіла сілы забрысці ў лес, ногі падламаліся, і ён мякка лёг з ношай на бок. Сцёпка чакаў, што з лесу выбегуць тыя двое і скончацца яго пакуты, утрох бы яны ўжо маглі выхапіць адсюль камандзіра і адбіцца. Хвілін пяць ён захлынаўся горкай задухай: прыціснутае да зямлі, шалёна таўклося ягонае сэрца; усё на ім было мокрае ад поту і дажджу. Ён не памятаў, колькі часу, нібы ў непрытомнасці, ляжаў на мокрай маладой траве, і ніхто да яго не бег ні насустрач, ні ззаду. Зрэшты, ззаду ён не бачыў нічога — ён толькі слухаў, але ні крокаў, ні стрэлаў адтуль не было.

Найгорш, што ён па-ранейшаму не ведаў, жывы Маслакоў ці не. Магчыма, ён нёс забітага. Але ні жывога, ні мёртвага ён бы яго не кінуў, хоць нешта ў ім пратэставала супроць гэтай няўдачы, у якой, мусіць, найбольшая віна была Маслакова. Цяпер, аднак, становішча Сцёпкі і яшчэ горшылася ад новай неспадзеўкі: чым болей раўнела яго дыханне, тым выразней расла ў ім злосць на тых двух, якія чорт ведае дзе прапалі і не ішлі, калі дорага была кожная секунда. А можа і зусім ўцяклі? Гэта абурала да слёз, ён ужо гатовы быў і заплакаць, толькі не ставала сілы, а галоўнае — зноў трэба было ўставаць і несці.

I ён устаў. Жахліва цяжка было падняць непрытомнае цела Маслакова, але ён, ледзьве не выломваючы камандзіру рукі, неяк усцягнуў яго на сябе. Толькі калі ўставаў з калень на ногі, не ўтрымаўся і зноў паваліўся на бок. Тут жа, не даючы сабе перадышкі, пачаў узграбацца зноў і, дужа сагнуўшыся, абапіраючыся аб зямлю адною рукою, неяк устаў.

Найлепш было б зашыцца ў лес, але на ўзлеску ён напароўся ў цемры на нейкае калючае сучча, абдзёр твар — мабыць, тут быў найбольшы гушчар, і ён не адважыўся лезці ў яго — зноў пайшоў краем пожні. Ад слабасці Сцёпка хістаўся і з усяе сілы стараўся не ўпасці. Маслакоў жа тугім, налітым цяжарам увесь час спаўзаў долу, хлопец ледзьве ўтрымліваў ягоныя рукі і хіліўся наперад — так лягчэй было трымаць яго на спіне.

Увесь час страшэнна замінала зброя, чаплялася за зямлю і блыталася ў нагах, але ён не мог кінуць нават вінтоўкі. Яна яму, мабыць, была ўжо не патрэбна, ды ён памятаў на гэты конт загад па брыгадзе і ведаў, як дорага там было ўсё, з чаго можна страляць. Добра, аднак, што яго не даганялі, і ён ажно падзівіўся з таго: так проста было цяпер узяць іх двух з Маслаковым.