— Алё, «Бяроза», алё! — раптам узрадавана закрычаў у трубку Іваноў.— Гэта я. Сыкунова няма, забіты Сыкуноў. Слухайце каманды. Зараз перадаю каманды…
Валошын з палёгкай уздыхнуў і задаволена падумаў пра Гайнатуліна — малайчына, што не падвёў. Перажыве першы страх, прывыкне і будзе добры баец. Калі толькі асколак ці нямецкая куля прамінуць яго ў гэтай атацы, у якой ён патрэбны быў і Валошыну. Аднаму з цяжкім кулямётам яму не справіцца.
— Так. Але ж адсюль ні д’ябла не відаць! — выглянуў з варонкі Іваноў.— Трэба выпаўзаць.
— Выпаўзайце! — змрочна сказаў Маркін і выняў з кішэні трафейную, з белага металу ракетніцу.
— Асцярожна, — сказаў Іванову Валошын. — Яны тут кулямётамі ржышча стрыгуць.
Іваноў зматаў з пачатай катушкі даўгі канец провада і, схапіўшы за рэмень апарат, вываліўся з варонкі.
Абодва камбаты засталіся ў варонцы. Адносіны паміж імі былі прыкметна нацягненыя, размаўляць не хацелася, і Валошын сачыў, як пятляла-сучылася на скосе варонкі чырвоная нітка провада. Ён ведаў, што, пакуль яна варушылася, з Івановым было ўсё ў парадку.
— Вы з кулямётам застанецеся? — маючы на ўвазе хуткую атаку, запытаў Маркін.
— Я з кулямётам. Да, а вам вядома, што Самохін забіты?
— Ведаю. Сёмай пакуль камандуе Вера.
— Знайшлі камандзіра!
— А што? Дзеўка бядовая…
— Бядовая, ды цяжарная. Вы падумалі аб тым?
— Ну што ж, што цяжарная. Ніхто яе тут не трымаў. Сама засталася. Так што…
— Чорт бы вас узяў! — не стрымаўся Валошын, забыўшыся ў гэты момант, што гадзіну назад сам паслаў Веру наводзіць парадак у сёмай.
Але тады ён ужо страціў свае паўнамоцтвы адпраўляць яе ў тыл, тыя паўнамоцтвы, якія разам з іншымі перайшлі да Маркіна і якімі новы камбат распараджаўся па-свойму. I ўсё ж было прыкра, галоўным чынам ад усведамлення таго, што Веры ў батальёне не месца. Ні да, ні тым болей у часе гэтай, з самага пачатку няладнай, атакі, якая, апроч яшчэ адной непатрэбнай смерці, нічога іншага ім не абяцала.
Прыгнуўшы галаву, Валошын сядзеў на скосе варонкі. Провад памалу варушыўся ля яго ботаў, ціха знікаючы ў полі. Значыць, Іваноў усё поўз, напэўна, яшчэ не бачыў траншэі. Але вось шырокая пятля провада замерла на краі варонкі, Валошын старанна выпраміў яе загіб, ды провад не варухнуўся. «Зараз скамандуе», — падумаў Валошын. Аднак мінула хвіліна, другая, каманды ўсё не было чуваць. Маўчала і батарэя.
— Ну што ён там? — нецярпліва сказаў Маркін і выглянуў з варонкі.
Валошын таксама выглянуў, але Іванова нідзе не ўбачыў, напэўна той схаваўся за выпукласцю гэтага схілу. Высоўвацца ж далей не мела сэнсу. Яны яшчэ пачакалі, але провад болей не кратаўся, і гаўбічная батарэя ззаду працягвала маўчаць.
— Чорт ведае што! — губляючы трыванне, вылаяўся Маркін, і ў свядомасць Валошына ўдарыла трывога.
Як на бяду, ні ў варонцы, ні каля яе нідзе не было нікога. Счакаўшы трохі і не могучы адолець вострага непакою за сябра, Валошын падаўся па ягоным следзе з варонкі.
— Вы куды? — крыкнуў наўздагон Маркін.
— Я зараз…
Ён таропка папоўз уздоўж провада, які чырвонаю ніткай пралёг па схіле, і яшчэ зводдаль убачыў сябра — той нерухома ляжаў ніц на пакрэмсаным чэргамі ржэўніку, і ён падумаў, што, відаць, найгоршыя яго апасенні спраўдзіліся. Адсюль ужо відаць была вышыня і брустверны бугорчык бліжняга канца траншэі са ствалом нямецкага кулямёта на сошках. Кулямёт, зрэшты, пыхкаючы дымком, біў некуды ў фланг сёмай. Валошын падпоўз да Іванова і лёгка перакаціў на бок яго сухарлявае цела, зваліўшы з галавы на леташні ржэўнік яго скамечаную шапку; з вуснаў капітана споўз па шчацэ тонкі струменьчык крыві. Іваноў прастагнаў і кволым позіркам паглядзеў на Валошына.
— Дружа, куды цябе? — ліхаманкава абмацваючы яго, запытаў Валошын.
— Папала і мне, — прастагнаў Іваноў і раптам загрэбаў сябе рукамі.
— Баліць, га? Я перавяжу. Дзе баліць?
— Сувязь… Сувязь трэба…
— Чакай ты з сувяззю. Давай у варонку назад!
— Трэба перадаць на агнявую…