Выбрать главу

Вялізнае напружанне, якое столькі часу валодала капітанам, разам апала ад адной радаснай думкі — нарэшце зачапіліся, і ён таксама падняўся, каб бегчы туды, да траншэі.

19

Ім пашанцавала. Паўтара дзесятка байцоў, што апынуліся на стыку сёмай і восьмай рот, уварваліся нарэшце ў траншэю.

Мокры ад поту, Валошын, цягнучы за сабой кулямёт, заўважыў, як зводдаль у траншэі мільганула некалькі нямецкіх касак, некалькі разоў падземным грукатам вухнулі ручныя гранаты, але, калі ён узбег на разварочаны нагамі і засыпаны гільзамі бруствер, у траншэі ўжо ўсё было скончана. Ён з палёгкаю скокнуў у свежую, з выразным земляным пахам траншэю, прыкідваючы, дзе б да часу прыткнуцца з грувасткім кулямётам, які неўзабаве, мабыць, трэба было цягнуць далей. Але для таго ў вузкай траншэі яму патрэбна была дапамога. Азірнуўшыся, ён убачыў паблізу ў полі маладога байца ў новым шынялі і спыніўся, каб пачакаць яго, як аднекуль зверху, з не бачнай адсюль пазіцыі, гучна і грозна ўдарылі размераныя кулямётныя чэргі. Нізкія чырванаватыя трасы мільганулі наўкось па схіле, і баец, не дабегшы дзесятка метраў да бруствера, ткнуўся галавой у зямлю. Здаецца, яго зрэзала па самыя калені. У наступнае імгненне гэтыя трасы нізка пранесліся над галавой Валошына, той інстынктыўна прысеў, схапіўшыся за ручкі ДШК, але адсюль не было відаць за накапаным грабянём бруствера, адкуль біў гэты нямецкі буйнакаліберны. Біў, аднак, здорава — нізка па схіле ў фланг восьмай, некалькі чалавек якой, так і не дабегшы да траншэі, бездапаможна распласталіся на ржышчы. Іншыя пачалі таропка адпаўзаць пад выратавальную ахову ледзьве прыкметнага пагорачка ззаду. У той час зверху густа і прарэзліва завылі нямецкія міны, якія пыльнымі выбухамі ляглі ўпоперак па схіле, пасля па нізе вышыні, па балоце.

Валошын скаціў кулямёт ніжай, на броўку, упёр казённік у супрацьлеглую сценку траншэі. Ён зразумеў усё. Надзея на ўдачу не спраўдзілася, момант быў упушчаны, батальён аказаўся разрэзаны на тры часткі, бой ускладніўся, і цяпер з упэўненасцю вызначыць ягоны зыход было немагчыма. Ва ўсякім выпадку жменьцы байцоў, што ўварвалася ў траншэю, хутка будзе не соладка.

Стараючыся, аднак, захаваць вытрымку, ён апусціўся на дно траншэі і пад віск і грымоцце выбухаў згарнуў цыгарку. У ягоным болей чым азмрочаным з раніцы настроі настаў пералом, у гэтай безнадзейнасці ён нечакана знайшоў у сабе спакойную ўпэўненасць, амаль абнадзейнасць. Усё цяжка перажытае ім дагэтуль спакваля адсунулася прэч, яго чакала штось новае, і ён адчуў, што самае галоўнае, мабыць, трэба яшчэ перажыць. I хоць ён не меў аніякіх ілюзій, ён быў упэўнены і спакойны. Ён уступіў у звыклую ролю салдата і не залежаў ужо ні ад Гунько, ні ад Маркіна, а толькі ад немцаў і сябе самога. Ягоны салдацкі лёс быў цалкам у ягоных руках.

Ён толькі раз зацягнуўся, як трохі вышэй у траншэі пачуліся незразумелыя крыкі і блізкая чарга з аўтамата секанула па брустверы. Было падобна на тое, што іх ужо спрабавалі адсюль выбіць і хтось там не ўтрымаўся. Але бегчы пад гэты агонь з траншэі, напэўна, азначала загінуць. Тузануўшы з кабуры пісталет, Валошын счакаў чвэрць хвіліны і, прыгнуўшыся, пабег па крывулястай траншэі. На другім ці на трэцім павароце ён наткнуўся ў дне на байца, што прысеў з прымкнёным да вінтоўкі штыхом і напружана ўзіраўся наперад, адкуль даносіўся крык і густа трашчалі аўтаматныя чэргі. Некалькі куль разбіла зямлю на брустверы, абдаўшы абодвух пяском і пылам.

— Што там? — запытаўся Валошын.

Баец паціснуў плячыма, трымаючы напагатове зброю, сам, аднак, не спяшаўся падацца назад, і Валошын крыкнуў яму:

— Давай назад да кулямёта.

Яны ледзьве разышліся ў цеснай траншэі, на дне якой ён з гідлівасцю пераступіў цераз труп немца ў расхінутым на грудзях шынялі, і на чарговым павароце ледзьве не трапіў пад знянацкую чаргу ўздоўж траншэі, паспеўшы, аднак, захінуцца за земляны выступ. Аднекуль спераду на яго наскочыў Круглоў.

— Што такое, лейтэнант?

— Дрэнь справа, камбат! Назад гоняць!

— Спакойна! — сказаў Валошын і заступіў траншэю перад байцом, які следам за камсоргам выскачыў зза павароткі. Па ягонай шчацэ цякла за каўнер кроў.— Спакойна. Ану гранаты! Гранатамі — агонь!

Баец штось усхвалявана крычаў, памінаючы нейкага Лёшку, і машынальна размазваў даланёй кроў па шчацэ. Падпарадкоўваючыся камандзе, ён сарваў з брызентавай дзягі гранату і з лаянкай шпурнуў яе далей у траншэю. Калі яна разарвалася за паваротам, абдаўшы іх смуродам і пылам, спераду з-за калена выскачыла яшчэ двое, і ў тым, што быў без шыняля, у непадпяразанай гімнасцёрцы, Валошын раптам пазнаў Чарнаручанку.