— Чарнаручанка, ты што? Дзе Маркін?
Чарнаручанка матлянуў па ім недаўменным позіркам.
— Там, — кінуў ён, падхапіў вінтоўку і стрэліў два разы па траншэі.
Туды ж ударыў з пісталета Круглоў.
— Так. Адсюль ні кроку! — пачынаючы адчуваць заблытаныя акалічнасці бою, сказаў Валошын. — Адсюль ні з месца. Зразумела?
— Так точна, таварыш камбат, — сказаў Чарнаручанка і перазарадзіў вінтоўку.
Іх сабралася за каленам траншэі чалавек пяць, аднекуль спераду напіралі немцы, густа абсыпаючы бруствер і павароты траншэі аўтаматнымі чэргамі, а яны адстрэльваліся і час ад часу кідалі туды гранаты. Немцы таксама шпурлялі гранаты, дзве з якіх разарваліся, на шчасце, за брустверам, адну Чарнаручанка ўхапіў за доўгую ручку і адкінуў назад. Было зразумела, што з ходу выбіць немцаў з гэтай траншэі ў іх не хапіла сілы, і цяпер іх саміх як бы не выгналі ў поле. Гэта ўжо было горш, тым болей што дапамагчы ім тут не было каму.
— Вось дык становішча! — клапотна сказаў Круглоў, стоячы на адным калене ў траншэі.
Усе трымалі зброю напагатове. Першы каля павароткі стаяў згорблены баец са скрываўленай распухлай шчакой, за ім Чарнаручанка. Валошын азірнуўся, шукаючы позіркам яшчэ каго-небудзь ззаду, і ўбачыў яшчэ аднаго байца з учарашняга папаўнення, вочы якога на смуглявым твары пазіралі надзіва спакойна, амаль бясстрасна — так, нібы ўсё, што адбывалася навакол, было для яго звычайным, нават апрыклым.
— Па-руску разумееш? — запытаў Валошын.
— Разумею, — ціха адказаў баец.
— Давай па траншэі за кулямётам. Удвух возьмеце кулямёт — і сюды.
Баец пабег па траншэі, і Круглоў запытаўся з надзеяй:
— А патроны? Патроны хоць ёсць?
— На адну чаргу.
Камсорг толькі памкнуўся нешта сказаць, як наперадзе штось грукнула, ён усхапіўся і стрэліў з пісталета. За ім стрэліў Чарнаручанка і паранены ў скроню баец. Пасля яны пачакалі, але з-за павароту ніхто не паказваўся, і Валошын апусціў пісталет.
— Так. Колькі тут нас усяго? Шасцёра? — запытаў ён. — Здаецца, больш бегла.
— Астатнія там, — азірнуўся Чарнаручанк. — У бліндажы.
— У якім бліндажы?
— А там бліндаж ёсць. Як фрыцы ўдарылі, яны не паспелі. Мы выскачылі, а тыя не паспелі.
«Час ад часу зусім не лягчэй», — падумаў Валошын. I так невялікія сілы іх былі раздзелены ў траншэі. Вядома, немцы хутка прыкончаць тых у нейкім там бліндажы, пасля возьмуцца за астатніх.
— Лейтэнант, трэба прабіцца наперад, — сказаў Валошын.
— Яно б не кепска. Але…
— Трэба прабіцца. Дайце гранату.
Чарнаручанка кінуў Валошыну круглае яйка нямецкай гранаты, капітан тузануў за гузічак са шнурком і шпурнуў яе цераз бруствер. Як толькі там грымнула, Валошын крыкнуў:
— Быстра ўпярод!!
Чарнаручанка з параненым хутка кінуліся за паварот, і ён па-над іх галовамі стрэліў уздоўж наступнага адрэзка траншэі. Прабегшы дзесятак крокаў, яны ўтрох затаіліся каля чарговага павароту. Паранены баец, відаць, зразумеўшы манеўр, выставіў з-за рога аўтамат і стрыкнуў туды кароткай чаргой. Пасля, прыгнуўшыся, сігануў за вугал, за ім сігануў Валошын, і абодва адразу ўпалі на дно — баец ад стрэлу з-за павароту, а Валошын — наскочыўшы на байца. Гэта падзенне, аднак, засцерагло капітана ад чаргі, якая пранеслася вышай, абдаўшы яго зямлёй. Тут жа, аднак, грымнуў вінтовачны стрэл Чарнаручанкі, і немец у непадпяразаным, з шырокім каўняром шынялі выпусціў з рук аўтамат і з падкручанай галавой асеў упоперак траншэі. Валошын з зямлі стрэліў у яго два разы і, падхапіўшы за почапку аўтамат, ускочыў на ногі.
Ля чарговай павароткі яны затаіліся, прыпаўшы плячыма да закапцелага выбухам землянога выступу, за якім яўна адчувалася прысутнасць немцаў,— тыя, відаць, таксама чагось чакалі. Вядома, чакалі, калі яны туды сунуцца. Аднак яны ўсё марудзілі, таму што гранат у іх ужо не было. Валошын позіркам запытаў у Круглова, і той клапотна развёў рукамі — маўляў, скончыліся. Трэба было камусьці выскачыць з аўтаматам і сваёй нечаканасцю збянтэжыць немцаў. Хаця якая тут магла быць нечаканасць, падумаў Валошын, калі яны там трымаюць пальцы на спусках скіраваных сюды аўтаматаў. Не надумаўшы нічога іншага, ён сарваў з сябе палявую сумку і, размахнуўшыся, кінуў яе цераз бруствер. У той жа момант адтуль ударыў аўтамат, засыпаўшы ўсіх пяском, і яны, угнуўшы галовы, рынуліся за паваротку. Ён не адпусціў пальца са спуску, пакуль аўтамат у яго руках не заглох, у паднятым чэргамі пыле наперадзе мільганула некалькі спінаў немцаў, але ніхто з іх не ўпаў, ён падхапіў з-пад ног сваю сумку з вялікаю дзіркай у баку і, задыхаючыся, прыціснуўся да сцяны ля чарговай павароткі траншэі.