— Што, будзем штурмаваць траншэю? — запытаў Круглоў.
Валошын затрымаў погляд на энергічным, нягледзячы на перажытае, твары камсорга.
— А што ж застаецца, лейтэнант? Лепш штурмаваць, чым драпаць. Як вы лічыце?
Камсорг падышоў бліжэй і апусціўся на кукішкі, прагна дасмактаў нямецкую цыгарэту.
— Баюся, мала сілы, капітан.
— Болей не будзе. Падавім кулямёт — паднімуцца роты. Круглоў ткнуў у зямлю і прытаптаў ботам акурак.
— Калі падавім. I калі паднімуцца.
Гэта, безумоўна, уся вайна — калі. Магчыма, ім нічога і не ўдасца. Але адысці з гэтай вышыні пасля такіх ахвяр і намаганняў ён проста не мог, бо ўсё паўтарыць спачатку ні ў яго самога, ні ў батальёна ўжо не было сілы. Сядзець жа, нічога не робячы, азначала ўступіць ініцыятыву немцам, якія, вядома, не замарудзяць яе і выкарыстаць. Значыць, трэба паспрабаваць. Трэба адбіць хоць бы палову траншэі.
— Што ж, зразумела, — сказаў Круглоў і, устаючы, нягучна скамандаваў байцам: — Падрыхтавацца да штурму!
20
Усе ў рад яны пасталі каля павароткі з левага боку траншэі. Наперадзе стаяў лейтэнант Круглоў, за ім прыціснуўся да сцяны Валошын, затым Чарнаручанка і астатнія. Перад рыўком на хвіліну замерлі, прыслухаліся. 3-за бартоў шынялёў, з кішэняў ватовак, з-пад дзяг у байцоў густа тырчалі драўляныя ручкі гранат, твары ва ўсіх былі напружаныя і рашучыя. Нічога, аднак, не ўчуўшы праз грымотныя выбухі ў полі, Круглоў, па нядаўняму прыкладу Валошына, зняў з галавы каску і шпурнуў яе за калена. Але ніякай чаргі адтуль не раздалося, і камсорг першы кінуўся за паваротку; за ім, прыгнуўшыся, пабеглі байцы. За павароткай, аднак, нікога не аказалася — разбітая снарадамі, засыпаная зямлёй, траншэя была пустая. Яны дабеглі да наступнай яе павароткі і зноў усе спыніліся. Пачатак як быццам аказаўся ўдалы. Круглоў задаволена, амаль узрадавана, зірнуў на Валошына. які, аднак, адказаў яму па-ранейшаму заклапочаным позіркам — яму гэта спадабалася менш. Немцы кудысь зніклі, але не маглі ж яны кінуць траншэю, нехта павінен прыкрыць іх кулямёты, значыць, яны дзесьці тут. За каторым каленам толькі?
Байцы мінулі яшчэ дзве-тры павароткі і нерашуча спыніліся — траншэя падзялялася на дзве, адна ішла ў ранейшым кірунку, а другая пад вострым вуглом забірала ўбок і вышэй. Валошын позіркам паказаў Круглову на тую, што адгаліноўвалася ўбок, а сам сігануў прама.
Ён зрабіў усяго тры крокі і, скалануўшыся, рэзка азірнуўся — ззаду пачуўся вокрык, і ў тое ж імгненне два гранатныя выбухі абдалі яго пяском, смуродам і дымам. Чарнаручанка, які бег следам, размахнуўся гранатай, але кінуць яе не паспеў — з-за павароткі ў іх бок спалохана матлянуліся два байцы, у спіну якім горача пыхнула з аўтамата. Запырскаўшы камякамі гліны, кулі густа падзяўблі гладкую сцяну траншэі. Пасля грымнула далей, і Валошын зразумеў, што гэта кінулі гранаты байцы. Тады ён вырваў з рукаяткі шнурок і разам з Чарнаручанкам таксама кінуў гранату. Здвоена ляснуўшы запаламі, гранаты зніклі за брустверам, і яшчэ да таго, як яны выбухнулі там, з-за павароткі вываліўся збялелы, без шапкі, у распораным на плячы паўшубку Круглоў.
— С-сволачы!..
Ён падаў, слепа хапаючыся за сцены траншэі. Валошын крыкнуў Чарнаручанку: «Вазьмі лейтэнанта», а сам кінуў цераз бруствер у адростак траншэі дзве гранаты запар. Тры байцы, што апынуліся па той бок адростка, шпурнулі свае.
Затым яны сунуліся галовамі пад сцяну, каб перачакаць серыю грымотных выбухаў, якія закідалі ўсё навакол зямлёй. Чарнаручанка тым часам падхапіў Круглова пад пахі і павалок яго па траншэі. Кінуўшы яшчэ па гранаце, байцы пачалі перабягаць следам, і Валошын, каб не застацца аднаму, рыўком праскочыў якіх тры крокі насупраць адростка, з якога зноў шыбанула аўтаматным агнём. Аднак на долю секунды ён апярэдзіў кулі і нават паспеў заўважыць там двух згорбленых, у касках, немцаў і ніцма распластанага на дне байца з акрываўленай, без валасоў, патыліцай.
Абсыпаныя зямлёй, яны адбегліся на дзесятак крокаў да наступнага калена і спыніліся, накіраваўшы на паваротку зброю. Валошын ужо зразумеў, што недаравальным чынам пераацаніў свае наступальныя магчымасці. 3 дзесяццю чалавекамі траншэю яму не адбіць, немцы неўзабаве выкінуць самога ў поле, калі толькі ён тэрмінова не прыдумае штось выратавальнае.
— Стоп! — ціха скамандаваў ён, раптам узрадаваны новаю думкай. — Ану, разыдзіся радзей. Па адным за паварот! Гранаты кідае першы. Ну, жыва!