Выбрать главу

Байцы, усё ўгінаючыся, разбегліся па траншэі, знікаючы за яе паваротамі. Апошняга, падпяразанага па ватоўцы нямецкаю дзягай з дзіркай у спражцы, ён спыніў за рукаў.

— Ты — са мной! Бяры дзве гранаты!

Не паспеў баец перахапіць у левую руку вінтоўку, як у паветры над брустверам матлянулася доўгая ручка гранаты. Яны ледзьве справіліся прыгнуцца пад сцяну — вышэй на брустверы аглушальна грымнула. Пасля грымнула далей і ззаду, асколкамі коса секанула па адным баку траншэі, балюча сцебануўшы па шчацэ пяском, і тугі шчыльны корак заляпіў Валошыну вуха. Ведаючы, што будзе далей, капітан тройчы стрэліў за паварот, і, здаецца, у час — хтось там толькі сунуўся, ценем мільгануўшы ў пыле, і зноў знік за каленам. Не чакаючы новай гранаты, Валошын адскочыў назад, ледзьве паспеўшы прыгнуцца пад кінутай цераз яго гранатай напарніка. Ззаду пачуліся нямецкія выкрыкі, хтось пагрозліва закрычаў за каленам, і ён зразумеў, што іх там напірала шмат. Яны ўпэўнена выбівалі яго пераважнай сілай пяхоты, ратунку ад якой тут, здаецца, ужо не было.

Але ён усё яшчэ спадзяваўся. У іх яшчэ засталіся гранаты, дзве ён падабраў пад нагамі ў траншэі і таропка скруціў каўпачкі. Аднак калі наперадзе, дзе застаўся баец, адразу ляпнуліся аб бруствер і сцены некалькі кінутых адтуль гранат, ён з кепскім, амаль безнадзейным адчуваннем падумаў, што, напэўна, доўга не вытрымае. Перачакаўшы грымотныя раскаты выбухаў, ён кінуў свае, але аўтаматная чарга, якая зараз жа секанула ўздоўж па траншэі, зноў прымусіла яго на чацвярэньках ратавацца за наступным паваротам, дзе яшчэ можна было ўратавацца. Там, прысеўшы на адно калена, яго чакаў з дзвюма гранатамі ў руках той самы флегматычны баец з папаўнення, які нядаўна ўразіў яго сваім біблейскім спакоем. Капітан згорбіўся поруч. Пакінуты ім за папярэднім каленам баец болей не з’явіўся.

Амаль таксама, як нядаўна яны, цяпер іх паслядоўна і метадычна пачалі выбіваць гранатамі немцы. Ратавалі ўсіх павароткі. Загнана дыхаючы, Валошын спрабаваў прыпамятаць, колькі яшчэ паваротак засталося ззаду — здавалася, не больш за чатыры. У гэтых паваротках была ўся іх надзея, іншай быццам ужо не прадбачылася.

— Ну, кідай! — кіўнуў галавой Валошын. — Пасля я.

Баец нетаропка, левай рукой тузануў за гузічак і, счакаўшы, калі хлясне запал, правай без размаху сунуў гранату за земляны паваротак.

— Бяжы, капітан! — азірнуўся ён у дыме, як выбухнула. — Давай свой гранат!

— Разам! — зразумеўшы ягоны намер, крутнуў галавой Валошын. — Бягом да бліндажа!

— Бяжы хутка!!! — крыкнуў той, хапаючыся за вінтоўку — мабыць, да павароткі ўжо кінуліся немцы.

Баючыся спазніцца, Валошын ускочыў і, адбегшы на некалькі крокаў, спыніўся.

— Бяжы!

Не ўбачыўшы, аднак, што сталася з байцом, ён у наступнае імгненне прахапіўся ад новай трывогі — ззаду ў траншэі пачалася частая страляніна з вінтовак, там жа грымнулі і гранатныя выбухі, як здалося яму — ля бліндажа, і ён кінуўся па траншэях назад.

Байцы, мабыць, ужо адбегліся далей, ён наткнуўся на апошняга, якому крыкнуў: «Ні з месца!», а сам, прабегшы дзве павароткі, убачыў сваю перамычку і за ёй яшчэ аднаго байца, які з калена таропка страляў уздоўж траншэі з вінтоўкі.

— Што там?

— Немцы! — кінуў баец, ляцнуўшы затворам. — Двух напавал.

3 увахода ў бліндаж таксама тырчала некалькі ствалоў, якія стралялі туды ж. Значыцца, ён не памыліўся, немцы ўдарылі з тылу, відавочна захапіўшы і пачатак траншэі. Яны сціскалі іх тут, бы ў гармоніку, — з абодвух бакоў, зганяючы ўсіх да сярэдзіны, дзе, на шчасце, яшчэ заставаўся бліндаж. Але што бліндаж? У гэткіх умовах бліндаж — не сховішча, а хутчэй брацкая магіла для ўсіх.

Але што рабіць?

Ухіляючыся ад аўтаматнай чаргі, якая імпэтна паласнула па сценах траншэі, Валошын сунуўся ў земляны правал бліндажа і ўпаў на прыступкі. Кулі шалёна зашчоўкалі па сцяне, з якой абрушыўся цэлы пласт гліны, запоўніўшы траншэю пылам. Пад бокам у яго апынуўся кірзавы бот, на якім ён згледзеў знаёмы авальны лапік на задніку, і ўбачыў перад сабой адтапыраныя вушы Чарнаручанкі. Тэлефаніст кароценькімі чэргамі тыркаў па рагу траншэі, і той памалу крышыўся, абвальваўся камякамі, адкрываючы погляд па траншэі. Гарачыя гільзы з яго аўтамата сыпаліся капітану на галаву і за каўнер, ён таксама падняў свой пісталет, адчуваючы, аднак, што патроны ў магазіне вось-вось скончацца. Але ён ведаў, што, пакуль яны прастрэльваюць адсюль траншэю, немцы ў бліндаж не прарвуцца, пятнаццаціметровы адрэзак яе па абодва бакі ад увахода быў надзейна закрыты. Але — гранаты! Немцы маглі закідаць іх гранатамі, ад якіх паратунку тут не было. Хіба што ў бліндажы.