Выбрать главу

Тым часам у траншэйным паядынку настала няпэўная паўза. Зрэдку з бруствера зляталі разбітыя кулямі камякі зямлі, і Валошын, аглушаны на правае вуха, не адразу зразумеў, што гэта стралялі знізу. Адтуль жа, аслаблены адлегласцю, даносіўся часты перастук ДШК, які вёў агонь па траншэі, відаць, не даючы немцам падабрацца да бліндажа зверху. Што ж, у тым была пасільная дапамога яго батальёна, і ў капітана на момант пацяплела ў душы ад удзячнасці тым, што ляжалі ўнізе. Галоўнае, думаў ён, не даць немцам кінуць гранату ў бліндаж, у траншэі ж няхай яны рвуць, колькі хочуць.

Павярнуўшыся раўней, ён разрадзіў пісталет, сунуў яго за борт шыняля, пасля зачарпнуў жменю патронаў у кішэні і ўзяўся таропка набіваць магазін. Але Чарнаручанка зноў паласнуў чаргой па траншэі, і ён схапіўся за пісталет.

— Таварыш камбат, дайце я, — сказаў нехта побач, і ён, азірнуўшыся, убачыў байца з шырока забінтаванай галавой, які, трымаючы ў руках аўтамат, лез заняць ягонае месца на выхадзе.

Счакаўшы, Валошын устаў. Баец улез на ягонае месца, а капітан саступіў з прыступак і стаў ля дзвярэй. У бліндажы на засланым саломай доле цесна ляжалі параненыя, у паўзмроку бялелі бінты і слаба варушыліся збялелыя твары, у куце нехта роспачна ціха пагойдваўся ў белай нацельнай кашулі; востра пахла лякарствам. Некалькі пар вачэй у цесным паўзмроку з запытальным чаканнем уставіліся на Валошына, і ён раптам адчуў такую тужлівую бездапаможнасць, якой не адчуваў пад градам асколкаў у траншэі.

— Нічога! — сказаў ён з суцяшэннем не так для іх, як болей для самога сябе. — Будзем адбівацца. У каго ёсць зброя? Давай сюды да дзвярэй.

— Зброя ёсць. Але што зброя…

— Пакуль ёсць зброя, мы байцы. Будзем трымацца.

У адказ яму было труднае напружанае маўчанне, хтось безнадзейна выдыхнуў, і ён перавёў погляд на Маркіна, які ў ранейшай позе ляжаў на шынялі.

— Чорт! Не ўдалося, — ціха, ні да каго не звяртаючыся, сказаў начштаба. — Усё к чортавай матары!..

Ды ўжо ж не ўдалося, падумаў Валошын і, успомніўшы камсорга, позіркам пашукаў яго ў бліндажы.

— А Круглоў тут? Што з Кругловым?

— Усё, няма Круглова, — азірнуўся з прыступак Чарнаручанка. — Во яго аўтамат. А там сумка, — кіўнуў ён у бліндаж.

Валошын унутрана сцяўся — значыцца, не стала і Круглова, разам з якім яны прайшлі ўвесь гэты не доўгі, але так густа ўкладзены смерцямі шлях батальёна… Хто на чарзе наступны?

Нехта з байцоў у накінутым на плечы шынялі і з забінтаванай рукой, няспрытна ступаючы паміж целаў, прабраўся да выхаду і перадаў Чарнаручанку два набітыя магазіны. Байца з разрэзаным да пляча рукавом, у якога аказалася граната, Валошын пасадзіў каля самых дзвярэй. Але адной гранаты тут было мала.

— Гранат трэба болей. У каго яшчэ ёсць гранаты?

— Во апошняя, — сказаў Аўдзюшкін. — Для сэбэ обэрэгав. Ды чорт з ёй…

Ён падаў з кутка «Ф-1», якую Валошын планкай начапіў сабе каля спражкі. Іншых гранат у яго не засталося. Цяпер ён зноў быў гатовы да бою і, стоячы каля яловага, з карой, вушака, пазіраў у траншэю. Побач на прыступках, выставіўшы ў розныя бакі аўтаматы, сядзелі Чарнаручанка і панылы баец з тоўста забінтаванай галавой.

— Гэта… Наце во яшчэ каскі,— клапатліва перадалі з бліндажа дзве нямецкія каскі.

Чарнаручанка адну надзеў зверху на шапку, а другую паранены баец, прымерыўшы, злосна шпурнуў у траншэю.

— Падлай смярдзіць.

Валошын дастаў з маленькай кішэні гадзіннік і са здзіўленнем ахнуў: была чвэрць пятай. А ён усё думаў, што яшчэ ранак. Сапраўды, да вечара засталося зусім мала часу, добра, калі б удалося дацягнуць да вечара. Адным вухам слухаючы грымоты бою, ён думаў: а раптам паднімецца батальён? Калі б ён падняўся, можа б, што і ўдалося. Можа б, і яны тут уцалелі і яшчэ спатрэбіліся.

Але батальён, напэўна, ужо не меў сілы падняцца…

Раптам абодва байцы на прыступках разам схапіліся за аўтаматы, і адначасова з абодвух канцоў траншэі мільганула ў паветры. Адна з гранат, раней чым разарвацца, ляпнулася канцом аб сцяну і адляцела далей, другая тарчком паскакала на дне траншэі. Як толькі яны разарваліся, падняўшы воблака пылу, абодва аўтаматчыкі на прыступках ударылі са сваіх ППШ, напоўніўшы бліндаж густым аўтаматным трэскам. Валошын ціснуўся плячмі да сцяны і напагатове трымаў пісталет. 3 кутка бліндажа, цягнучы за сабой прастрэленыя, без ботаў, ногі, выпаўз да дзвярэй Аўдзюшкін. У яго сцятай руцэ бліснула малая сапёрная лапатка.

— Ах, гады! Ну ідзіце, гады! — джгаючы чэргамі, роспачна крычаў на прыступках паранены.

Чарговай гранаты Валошын не паспеў заўважыць. Магчыма, яе кінулі цераз бруствер, толькі побач у траншэі раптам аглушальна грымнула, пыхнуўшы ў расчыненыя дзверы гарачым смуродам трацілу, і нямецкая каска з галавы Чарнаручанкі з жалезным звонам выцялася аб перакладзіну. На прыступках, адкінуўшыся назад, канвульсіўна затузаўся Чарнаручанка, Валошын падхапіў яго забіты пяском, гарачы яшчэ ППШ і адскочыў ад расчыненых на завесах дзвярэй.