Выбрать главу

Тут ён удыхнуў на паўлёгкага і пачуў ззаду два ці тры выкрыкі, знаёмы салдацкі мацюк — гэта беглі з бліндажа свае. Не чакаючы іх, ён падаўся далей па траншэі. Напэўна, гэта было бязглузда, так вось усляпую кідацца па невядома кім занятай траншэі, за кожнаю павароткай рызыкуючы атрымаць чаргу ў грудзі. Але ён задыхаўся, яму трэба было хоць пару глыткоў паветра без гэтага атрутнага дыму, які ўсё валіў па траншэі. Чаргі, аднак, пакуль не было, немцы кудысь зніклі, і ён, трошкі асмялеўшы, прыцішыў крок, каб слепа не тыцкацца аб земляныя вуглы, і хістка пабрыў уніз па траншэі. У яго не хапала ні сілы, ні голасу клікнуць за сабою байцоў, ды ён і не ведаў, каго было клікаць, хоць ззаду ўжо нехта крычаў: «Сюды, сюды!»

У іх не стралялі, немцаў тут не было, амаль наўздагон за ім нехта бег, і гэта яго супакойвала. Не спыняючыся, ён хапаў ротам дымнае, зрэшты, трохі пасвяжэлае паветра, пакуль не стаў бачыць наперадзе бруствер, броўку траншэі, прыцьмелае неба ўгары. Вецер дзьмуў насустрач яму па траншэі, ззаду чулася недалёкая аўтаматная страляніна (нібыта на вышыні), і ён пайшоў крокам. У ягоных вачах усё плыло і хісталася, абпаленыя атрутным дымам ягоныя лёгкія натужна хрыпелі ў грудзях.

Ён ішоў па траншэі ўніз, у пракляты той вус, у які з кулямётам уварваўся ранкам. За ім валакліся па траншэі параненыя. Ён не бачыў іх і не ведаў, колькі іх засталося, але ён чуў іх задышлівы кашаль і галасы. Ён хацеў спыніцца, каб расставіць па траншэі тых, хто яшчэ мог трымаць у руках зброю і абараняцца. Але немцаў у траншэі, здаецца, ужо не было, і гэта яго здзіўляла і палохала адначасна. Некалькі разоў ён натыкаўся на трупы. Але ён не глядзеў уніз і не ведаў, свае гэта ці ворагі, а хістаючыся, нібы п’яны, і мала што разумеючы, усё ішоў па траншэі ў той бок, дзе ранкам пакінуў роты і дзе быў яго батальён.

Яго спыніў узрадаваны вокрык ззаду, і ён, не сцяміўшы, у чым справа, спалохана адскочыў, схапіўшыся за ствол аўтамата.

— Ядрыт твае лапці, камбат! — раптам басавіта прагудзела ўгары, і ён зразумеў, што нарэшце гэта свае.

Каб не ўпасці, ён бокам прыпёрся да сцяны траншэі, у якую, зрушыўшы сухі пласт зямлі, уваліўся старшы лейтэнант Кізевіч.

— Камбат! — амаль закрычаў ён і няўклюдна аблапіў яго сваімі доўгімі, у рукавіцах рукамі.— Жывы, значыць?

— Я? — няўцямна перапытаў Валошын.

— Ты, хто ж! А мы ўжо было цябе пахавалі. Як згледзелі, што вас немцы смажаць…

— Ты? А рота? — з натугай перамагаючы задышку, слабым голасам сказаў Валошын і закашляўся.

— Вунь, немцаў пагнала. 3 тылу зайшлі, разумееш? Куля што — куля дура, штык маладзец! — засмяяўся камандзір роты, і Валошын падумаў, які ўсё ж малайчына ў яго камандзір дзевятай і як ён раней не заўважаў таго.

Збочыўшы галаву, ён услухаўся левым вухам у густую аўтаматна-вінтовачную страляніну за вышынёй і, здаецца, упершыню падумаў, што ўратаваўся.

21

Было ціха. Як і мінулай ноччу, у сцюдзёнай цемры пранізліва дзьмуў вецер, і звечара браўся востры марозік. Агнявы бой, які шалёна грукатаў увесь дзень, памалу заціх. Немцаў прагналі з саўгаса і нейкім дзівам спіхнулі з вышыні, вяршыня якой цёмным пакатым горбам бяспечна высілася побач на фоне трошкі светлаватага закрайка неба. Часам з-за яе ўгору ўзляталі агняныя раі куль і, аддаляючыся над галавой у бяззорнае неба, памалу затухалі ўдалечыні. Праз якое імгненне даносіўся густы кулямётны рокат МГ — немцы ўсё агрызаліся. Роты за вышынёй маўчалі.

Валошын хаваў забітых.

Трое лёгка параненых і два байцы з камендацкага ўзвода зносілі іх са схілаў вышыні да адростка траншэі, дзе гаўбічны снарад выкапаў ранкам шырокую ў мяккім грунце варонку. Варонку трохі паглыбілі, зачысцілі дно, і выйшла магіла. Не вельмі каб акуратная, затое на здатным месцы, з шырокім паглядам у тыл — на балота і пагорак з учарашнім КП. Нямецкія чэргі сюды не запяталі, і нішто ўжо не трывожыла вечны спакой забітых.