Валошын памагаў байцам выцягваць забітых з абрушанай гранатамі, залітай крывёй траншэі, навярэдзіў руку, якая цяпер разбалелася ўся, ад перадплечча да кісці (напэўна, усё ж рана была болей сур’ёзная, чым яму здалося спачатку), і цяпер стаяў на кучы накапанай зямлі ля магілы. Ніжэй на разасланых нямецкіх коўдрах складзеныя ў рад ляжалі забітыя. Крайнім адсюль ён паклаў вынесенага з траншэі лейтэнанта Круглова ў густа скрываўленай і ўжо падмерзлай суконнай гімнасцёрцы. Пасечаны кулямі паўшубак камсорга Валошын накінуў на сябе — ад страты крыві і перажытага яго прабірала сцюжа. Адзін баец знімаў з забітых шынялі, вымаў з кішэняў дакументы, якія кідаў на пакладзеную ля ног палатку. Валошын моўчкі і пакутна перажываў нядаўняе; усім ля магілы дзелавіта распараджаўся Гутман. Пасля таго як Валошына знялі з камандавання, Гутман, каб не ісці да Маркіна, уцёк у дзевятую, дзе па ўласнай ініцыятыве ўзначаліў узвод з новенькіх. У часе атакі на вышыню «Вялікую» яго параніла асколкам гранаты ў шыю.
Маўклівы баец з папаўнення падроўніваў дно магілы, у якую неўзабаве трэба было апусціць забітых.
— Раз, два, тры, чатыры… Усяго васемнаццаць, — падлічыў нерухомыя целы Гутман і зазірнуў у варонку. — Малавата, халера, трэба расшырыць. Вунь яшчэ цягнуць…
Валошын з кучы зямлі сышоў уніз — у цемры было відаць, як два байцы за рукі і за ногі неслі правіслае да зямлі цела, якое знямогла апусцілі на ржышча каля нябожчыкаў — на коўдрах месца ўжо не хапала. Валошын нагнуўся над супакоеным назаўжды тварам, на секунду бліснуў па ім прыцьмелым святлом ліхтарыка ды так і знерухомеў, прыгнуўшыся.
— Вера?!
— Ну, — зморана сапучы, сказаў баец. — Там, на спіралі, ляжала. Зачапілася, ледзьве адчапілі.
«Вот так яно і бывае, — пакаянна падумаў ён і аслабела выпрастаўся. — Не хапіла настойлівасці ў час адправіць з батальёна, цяпер што ж — цяпер закапвай разам з усімі». Недзе ў сярэдзіне рада ляжаў з прастрэленай галавой Самохін, тут жа ляжала і Вера, яго франтавое каханне, нявенчаная і нераспісаная жонка ротнага. I з імі застанецца трэці, які так і не дажыў да свайго нараджэння.
Глытнуўшы даўкі ў горле камяк, Валошын адышоў убок, пазіраючы, як байцы, трохі спачыўшы, зноў пайшлі ў змрок. Кожны раз ён чакаў і баяўся, што наступнага яны прынясуць Іванова. Але Іванова пакуль што не было. Не было яго і ў варонцы, дзе яго ранкам пакінуў Валошын. Магчыма, камандзіра батарэі ўсё ж паспелі адправіць у тыл — пасля ранення яго ніхто тут не бачыў.
Праз нейкі час байцы прынеслі кагосьці яшчэ, знялі падсумкі, шынель, вынялі з гімнасцёркі дакументы, якія перадалі Валошыну. Раскрыўшы новенькую, загорнутую ў газетку чырвонаармейскую кніжку, ён павёў па ёй слабаю плямкай з ліхтарыка і ўбачыў знаёмае: Гайнатулін. Вось і яшчэ аднаго не мінула нямецкая куля, падумаў капітан. Не шмат жа давялося табе паспытаць гэтай вайны, Гайнатулін, хоць і паспытаў ты яе поўнай мерай. За адзін дзень перажыў усё, ад трусасці да геройства, а як ты загінуў, мабыць, ніхто і не бачыў.
— Давайце апускаць, — нецярпліва падганяў Гутман і скокнуў у магілу. — Насіце, мы пераймаем.
Утрох з капітанам байцы ўзяліся падцягваць забітых на ўскраек магілы і, падтрымліваючы іх за ногі, памалу падаваць Гутману. Той удвух з яшчэ адным байцом падхопліваў іх акрываўленыя, пашкуматаныя асколкамі, з перабітымі рукамі і нагамі целы і валок у другі канец ямы. Першага там паклалі лейтэнанта Круглова, пасля тых, каго яны павыцягвалі раней з траншэі. Сярод іх Валошын затрымаў на краі магілы тэлефаніста Чарнаручанку, разам з якім перажыў тры цяжкіх месяцы пад нямецкім абстрэлам, у ровіках, траншэях, зямлянках і прывык да гэтага нетаропкага, маўклівага байца, гаспадара іх бітончыка-групкі. Але вось і яго не будзе. Цела Чарнаручанкі ўжо закалянела ў згорбленай нязручнай паставе — скурчаныя рукі з пасечанымі ў лахманы рукавамі тырчалі лакцямі ў бакі, і калі капітан адну выпрастаў, яна зноў пругка сагнулася, займаючы ранейшы скорчаны стан. Твар тэлефаніста было не пазнаць, так яго знявечыла разрывам гранаты, і Валошын ціха сказаў:
— Хлопцы, перавязаць трэба.
У некага знайшоўся перавязачны пакет, Гутман, стоячы ўнізе, хутка абкруціў бінтам галаву і твар забітага. Пасля яны апусцілі яго на дно.
Яны заклалі там адзін рад і пачалі класці другі. Крайні ў гэтым радзе лёг лейтэнант Самохін, байцы неслі кагось наступнага, і Валошын раптам прыпамятаў:
— Стойце! Давайце сюды санінструктара.
— А што? Якая розніца? — запярэчыў змораны, у ватоўцы баец, якому, відаць, не хацелася ісці лішні раз па забітага.