— Джым!.. Ах ты, Джым!.. — з горкай радасцю пагладзіў ён рухавую спіну сабакі, думаючы, аднак, пра іншае. Пасля ўсяго, што здарылася, радасць сустрэчы з Джымам нечакана аказалася сумнай, несапраўднай, заслоненай болем іншых, болей дарагіх страт.
— Глядзіце, глядзіце — ён жа сарваўся! — Гутман тузануў на сабаку ашыйнік, з якога віснуў недаўгі канец адарванага рэменя. — Во жывёліна!
— Жывёліна — не тое слова, Гутман, — сказаў Валошын, сядаючы побач з сабакам.
— Ну не жывёліна, вядома. Сабака! Сабачка, але бы чалавек! Дзівосы!
Валошын абмацаў свае кішэні, у якіх, аднак, апроч пяску і некалькіх пісталетных патронаў, нічога больш не было, і Джым, нахіліўшы галаву, з цікавасцю паназіраў за гэтым знаёмым для яго рухам.
— Ах, Джым, Джым…
Хутка, аднак, спакайнеючы ад першае радасці, Джым звыкла застрыг вушамі, засцярожліва азіраючыся па баках. Байцы адышліся на некалькі крокаў і задумліва пазіралі то на сабаку, то ў неба над вышынёй, у якім ад саўгаса ўсё несліся ўгору трасірныя кулямётныя чэргі і блукалі недалёкія водблескі нямецкіх ракет. Нямецкі кулямёт з-за вышыні выпусціў даўжэзную чаргу, частка яе куль, ударыўшыся ў зямлю, з віскам разляцелася ў бакі.
— Так, Гутман! — сказаў Валошын сваім звыклым камандзірскім тонам. — Вядзіце параненых.
— А вы што?
— Я застаюся.
— Да? — няпэўна перапытаў Гутман і моўчкі прыціх праз два крокі ад Валошына.
— Пакуль застаюся.
— Ну што ж. Тады да сустрэчы!
— Да сустрэчы, Гутман, — устаючы, сказаў капітан. — Дзякуй за службу. I за дружбу.
— Ды што… Няма за што, таварыш капітан. Дай бог, каб яшчэ сустрэцца, — патаптаўся на месцы Гутман і адвярнуўся. — Ну што? Шагам марш, славяне!
Яны хутка пайшлі ўніз па перакапаным мінамі схіле, а ён, азірнуўшыся на прыцьмелы ў змроку магільны курганчык, пастаяў так хвіліну. Гэта была не першая закапаная ім магіла, але, як заўжды, яе выгляд выклікаў у ім тужлівае да слёз адчуванне, жалобу па тых, хто там заставаўся, і яшчэ болей — па сабе самім. Хоць, калі разабрацца, яму асабіста здорава пашанцавала сёння. Тым не менш камень благога прадчування ляжаў на яго душы. Нібыта разумеючы стан гаспадара, Джым праскуголіў, ціхенька і патрабавальна пацёрся аб ягоныя боты.
— Што ж, пайшлі, Джым!
Усё было вырашана — ён вяртаўся ў свой батальён. Няважна, што яго там чакала, не мела значэння, як яму будзе далей. Галоўнае — быць з тымі, з кім яго зраднілі франтавыя пакуты, з кім ён гінуў, уваскрасаў і як умеў рабіў сваю салдацкую справу. Ён быў упэўнены, што яму не сорамна будзе глядзець у вочы яго падначаленым, сумленне яго спакойнае. I калі ён для іх ужо не камбат, дык што гэта мяняе? Можа, ён яшчэ болей — ён іх таварыш. Для тых, хто выбіў немцаў з гэтай траншэі і хто застаўся ў свежай, толькі што закапанай магіле, дзе вельмі проста мог бы ляжаць і ён. Але воля выпадку распарадзілася інакш. У поўнай адпаведнасці са сваёй сляпой уладарнай сілай.
Яна не ўладарна толькі над яго чалавечнасцю. Над тым, што адрознівае яго ад Маркіна, што ў ім — Чалавек.
Таму што Чалавек, часам нягледзячы ні на што, становіцца вышэй за свой лёс і, значыцца, вышэй за магутную сілу выпадку.
Ён стомлена ішоў за сабакам уздоўж разбітага траншэйнага бруствера, абыходзячы чорныя правалы варонак, кіруючы да недалёкай вяршыні, з-за якой усё мільгалі ў небе агняныя светлякі куль і даносілася аддаленае вурчанне нямецкіх «машынан-гевэраў».
Вайна прадаўжалася.
Камандзір 294-га стралковага палка Герой Савецкага Саюза маёр Валошын Мікалай Іванавіч забіты 24 сакавіка 1945 года і пахаваны ў брацкай магіле, што знаходзіцца ў 350 метрах на паўночны захад ад населенага пункта Штайндорф (Усходняя Прусія).