— Што тут падмяняць! Каб было чым, даўно б выкапаў,— бурчаў Даніла, але вылез з неглыбокай, па калена, яміны і аддаў хлопцу вышараваны ў зямлі цясак. — На, дзёўбай!
Сцёпка апанурана стаяў у змроку на раскіданай зямлі. Не ўзнімаючы вачэй, узяў у Данілы штых і, калі той ступіў да яго, пачуў ці можа адчуў, што крок яго нейкі не такі, як ранейшы, нязвыклы для Данілы. I тады ён заўважыў, што Даніла ўжо ў ботах. На Брытвіне ладная ватоўка, у гэтага боты — ужо ўсё падзелена. Але што ж! Гэта было дужа звычайна і зразумела ў іхнім жыцці: рэчы, як заўжды на вайне, перажывалі людзей. Сцёпка прывык ўжо да таго, тым не менш нешта ў яго пачуцці міжвольна і неўсвядомлена варухнулася кароценькай нязгоднай крыўдаю немаведама на каго.
Ён скочыў у магілку і пачаў драць ды сячы цесаком тугія і цвёрдыя, як рамяні, лесавыя карані, якімі тут густа і бязладна пераплецена, мусіць наскрозь, зямля. Накрышыўшы, рукамі выкідваў мяккія лесавыя ацяробкі. Аднак усё гэта ён рабіў нібы ў сне, машынальна, не займаючы свае свядомасці. Яго думкі бязладна снавалі ў галаве, часам затрымліваючыся на чымсь далёкім, дробязным і не абавязковым для такое хвіліны, штораз абрываючыся і пераскокваючы на другое. Часам яны знікалі зусім, і тады ён чуў блізкую размову там, ля агню. Знарок са строгасцю ў тоне, як дарослы малому, Брытвін казаў падлетку:
— Ось так! Пабудзеш, пакуль захаронім. А тады шагам марш дадому. Панятна?
— Панятна, — ціха адказаў хлапчук.
— Як панятна, тады і ўвесь разгавор, — сказаў Брытвін, але, памаўчаўшы трохі, спытаў: — Табе колькі год?
— Пятнаццаць.
— Бацька ёсць?
— Ёсць, але…
— На вайне хіба?
— Не, — сказаў хлопец, уздыхнуўшы. Голас яго зрабіўся нейкі няўпэўнены і ледзь чутны.
— Што, у паліцыі? — здагадаўся Брытвін.
— У паліцыі,— ціха пацвердзіў падлетак.
Сцёпка ў магілцы трохі нават здзівіўся, зацікаўлены і непрыемна ўражаны адначасова. Называецца, знайшоў памагатага! Мусіць, пра бацьку трэ было запытаць раней, а то яшчэ меўся весці з сабою аж у Грыневіцкі лес — ось бы нарабіў перапалоху! Ён з адчуваннем вінаватасці падумаў, што Брытвін, мабыць, пакліча яго да агню і задасць перцу, якога ён цяпер, безумоўна, заслугоўваў.
— Ну, а ты што ж, значыць, бацьку памагаеш? — запытаў былы ротны яшчэ болей пасцюдзянелым, амаль варожым голасам.
— Я не памагаю, — сказаў хлопец, — Я ў партызаны пайду.
— Ого!
Брытвін — чутно было — разламаў галінку і паклаў яе ў агонь; мігатлівыя водбліскі яго ў наваколлі на момант атухлі, пасля, памалу ажыўляючыся, васкакалі зноў. Хлопец насупіўся і нявесела маўчаў.
— Нічога не выйдзе, — сказаў Брытвін. — Такіх, як ты, у партызаны не бяром. Каб у партызаны пайсці, заслужыць трэба.
— А я заслужу.
— Гэта як жа?
Хлопец, аднак, не адказаў, мабыць, маючы ў думках нешта надта сур’ёзнае, каб так проста даверыць гэта незнаёмаму лясному чалавеку. Сцёпку гэта спадабалася. Ён зірнуў з ямы — невялічкая постаць у абвіслым, дужа паношаным пінжачку цьмяна, але з нейкай упартай годнасцю маячыла ля вогнішча. Побач на каленях стаяў Даніла і падкладваў у агонь сучча.
— Ось так! — заключыў размову Брытвін. — Мы пойдзем, а ты пасядзіш ля агню. Як развіднее, тады паедзеш. Паняў? Не раней. А што не спаў, дык заўтра выспішся.
— Мне ўранку малако на сепаратар везці.
— Паспеецца тваё малако, — сказаў Брытвін, павярнуўшы палкай у агні, з якога шаснуў угору мігатлівы рой іскраў.
Полымя добра разгарэлася, на прагаліне стала відно, дым у цішы слупам валіў угору і барвовым воблакам знікаў у начным небе. Брытвін пасунуўся далей. Раптам, нібы штосьці ўспомніўшы, ён падхапіўся.
— Да, а куды ты малако возіш?
— У мястэчка, куды ж! — з яўнаю нездаволенасцю сказаў хлопец, і Сцёпка падумаў, што паліцаеў сынок, здаецца, з характарам.
— У Кругляны?
— Ну.
Брытвін змоўк, неяк са значэннем паглядзеў на хлопца, потым на Данілу. Той, адваліўшыся на бок, нерухома пазіраў у агонь.
— Цераз мост ездзіш?
— Цераз мост. А як жа.
— Ага! I ўчора вазіў?
— Вазіў. Позна прыехаў толькі. Партызаны паставога забілі, дык не пушчалі доўга.
— Так-так, — сказаў Брытвін і ўсеўся ямчэй, прытрымліваючы на плячы ватоўку, — А што ж у іх, ахрана стаіць?
— Раней не было, а цяпер ставіць пачалі. Два паліцыянты з Круглян.
— Глядзі ты! Усё ведае. Маладзец! А ну ідзі бліжэй. Сядай во, грэйся.
Хлопец памалу зайшоў з таго боку агню і апусціўся на кукішкі. Даніла, мабыць, зацікаўлены новай акалічнасцю, прыўзняўся і сеў роўна, загарадзіўшы агонь. Цераз прагаліну да Сцёпкі разлёгся ягоны шырокі цень, у магіле не стала відна нічога, і Сцёпка стаў на калені, каб ямчэй было калупаць. Ён ужо не глядзеў туды, толькі слухаў.