— Вот так. Сушыся. Таксама ж мокры. Як цябе завуць?
— Міця.
— Дзмітры, значыць. Харошае імя. У мяне быў друг Дзмітры. Дык, кажаш, партызаны паліцая забілі?
— Ну. Увечары падкраліся і застрэлілі. Роўба яго прозвішча. Да вайны ў маслапроме рабіў.
Дзеручы ў магілцы карані, Сцёпка сціпла парадаваўся: гэта ўжо ягоная работа. Дзіўна толькі, як удалося папасці: ані ж не цэліў нават. Пасля гэтае весткі стала зразумела, чаму не даганялі: мусіць, таксама вывалоквалі з-пад моста забітага і ўпусцілі яго з Маслаковым.
— Так-так, — штось ажыўлена памеркаваў Брытвін. — Бачу, ты хлопец харошы. Мабыць, мы цябе возьмем. Толькі…— ён не дагаварыў і павярнуўся ў другі бок. — Даніла, а ну, па сакрэту.
Абое яны падняліся ад вогнішча і, гойдаючы на кустах пужлівыя цені, ступілі некалькі разоў да ямы. Сцёпка выпрастаўся, пераводзячы дух, Брытвін крануў за рукаў Данілу.
— Ты казаў пра тол. Гэта дзе?
Даніла пераступіў ботамі, нявесела паглядзеў у хмызняк.
— Быў. А ці ёсць, хіба я знаю.
— Гэта дзе? У Фралоўшчыне?
— Ну.
— Слухай, трэба падскочыць.
Не адказваючы, Даніла гучна высмаркаўся ў траву, старанна выцер пяцярнёй нос і бараду.
— Дык жа цёмна. А там балота, ліха на яго. Ды не знаю, ці швагер той дома, — пачаў ён панылым, глухім голасам, які заўжды ў яго сведчыў пра неахвоту. Брытвін, аднак, абарваў:
— Нічога! Сядай на каня і скачы.
Яны павярнуліся да агню, у якім цяпер засяроджана поркаўся Міця. Даніла на хаду гучней ужо сказаў:
— Дык што, калі ў мяне абрэз гэты!
— Бяры вінтар!
— Што вінтар! Аўтамат каб. Брытвін спыніўся.
— Бяры аўтамат. Тоўкач, аддай аўтамат!
— Нашто аўтамат? Хай з вінтоўкай едзе, — паныла сказаў Сцяпан.
Брытвін нецярпліва настояў:
— Кажу: дай аўтамат!
Сцёпка з сілай увагнаў у зямлю цясак і ціха вылаяўся: болей за ўсё на свеце яму не хацелася цяпер аддаваць аўтамат. Але загад Брытвіна прагучаў так катэгарычна, што хлопец стрымаўся ад спрэчкі і падняў з-пад алешыны былы маслакоўскі ППШ.
Брытвін з нецярплівасцю падганяў Данілу:
— I давай скачы. На тое табе дзве гадзіны. Фралоўшчына недалёка, знаю.
Даніла, аднак, усё нешта поркаўся, яўна не спяшаючыся на заданне, да якога ў яго, відаць па ўсім, не дужа ляжала душа.
— Кажух мокры… Калі б вы далі ватоўку.
— На. На і ватоўку, — рашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін. — Толькі не цягні рызіну.
З маўклівай засяроджанасцю Даніла апрануўся, узяў на краі прагаліны каня і, натугай цягнучы яго за повад, палез на ўзровак.
11
Брытвін болей не сеў да вогнішча, ля якога цяпер гаспадарыў Міця, а пастаяў на прагаліне і, калі тупаценне каня сціхла на ўзроўку, падышоў да Сцяпана.
— Ну, ты доўга тут калупацца будзеш?
Хлопец выпрастаўся — магілка была яшчэ мелкаватая, яму да пояса, але Брытвін, прыкінуўшы, вызначыў:
— Хопіць! Давай закопваць.
Ён так і сказаў: не «хаваць» ці «хараніць», а «закопваць». I менавіта ад гэтага слова Сцёпку стала зноў не па сабе, нібы тым самым былы ротны зняважыў Маслакова. Хлопец памаўчаў, думаючы, што, мабыць, трэба б яшчэ паглыбіць: зямля тут сухая і няцвёрдая, ручай куды ніжэй. Але Брытвін падышоў да нябожчыка.
— Давай сюды! Дзмітры, а ну памагні!
Міця з. паслухмянай гатоўнасцю ўскочыў ад агню, але тут жа, зразумеўшы, што ад яго патрабуецца, у панылай нерашучасці спыніўся воддаль. Сцёпка вылез з магілкі.
— Чакайце! Што ж, так і закопваць?..
Ён выцер аб траву цясак і, агледзеўшыся ў мільготкім паўзмроку, падышоў да маладой ялінкі, голле якой тырчала з цемры на прагаліну.
Праз хвіліну Сцёпка сабраў у ахапак лапкі, якія ён насек затупленым цесаком, і зноў скочыў у магілу. Тут было цесна і няўпраўна, але, прытоптваючы ў цемры, Сцёпка як-колечы выслаў лапкамі дол. Потым, заціскаючы ў сабе дужа ўзмацнелы напаследак жаль, з некалькіх лапак змайстраваў узвышак пад голаў — нібы рыхтаваў Маслакову пасцель. Пасцель назаўжды, на вечны сон.
— Ну, гатова там? — не трываў Брытвін. — Давай усе сюды.
Ён адкінуў мокры Данілаў кажух, і ўдвух са Сцёпкам яны ўзялі пад пахі нябожчыка.
— Дзмітры, бяры за ногі! — распараджаўся Брытвін. Міця абшчапіў дзве босыя ступні ног.
— Узялі!
Маслакоў, здаецца, і яшчэ пацяжэў: утрох яны ледзьве паднялі яго прагнутае ў паясніцы, яшчэ не закалянелае цела і цяжка патупалі да магілы. Там, вязнучы ботамі ў свежай зямлі, пасталі ўздоўж вузкай шчыліны ямы і пачалі апускаць. Гэта было нязручна, цяжкае цела імкнула выкаўзнуць у яму. Сцёпка прытрымліваў яго за сцюдзёную, не дужа гнуткую ўжо руку. Апускаючы, перабраў пальцамі да кісці, па-ранейшаму перавязанай брудным бінтом, і, ухапіўшы за яе, ажно спалохаўся: здалося — прычыніў боль. Тут жа зразумеў марнасць свайго спалоху, але за перавязаную далонь болей не ўзяўся — укленчыўшы на жвіры, апускаў цела ўсё ніжай, аж пакуль не адчуў, што яно мякка легла на спружыністыя лапкі.