Выбрать главу

Тым часам у рове на сярэдзіне прагаліны ваўсю ўжо гарэла новае вогнішча, у якое Брытвін кідаў прынесены Данілам сушняк. Даніла ж яловымі лапкамі, як памялом, размятаў затухлае начное вуголле.

— Давай сюды! — прыпыніў хлопца Брытвін. — Бяры і падкладвай, каб зямля грэлася. Будзем аманіт смажыць.

Падкладваючы ў агонь, Сцёпка з прыцішанаю асцярогай пазіраў, як яны там, на выгаралай чорнай плешыне, разаслалі распоратую ўдоўж тарбіну і ссыпалі на яе раскрышаныя жаўтлявыя камякі аманіту. Неўзабаве ад гэтых камякоў пацягнула парай і нейкім удушлівым, рэзкім смуродам. Даніла жмурыў вочы, а пасля, кінуўшы ўсё, пачаў аберуч церці іх. Брытвін грубавата падбадзёрваў зводдаль:

— Нічога, нічога! Жывы будзем! Хіба вошы падохнуць.

— А хай яго! Як усё роўна цыбуля!

Наўсцяж па рове папоўз удушлівы серны смурод; добра, што ранішні ветрык гнаў яго, як і дым, нізам, па ручаі; на адным краі прагаліны можна было трываць. Цяпер справа была за часам. Пазіраючы, як сохне на гарачым подзе іхняя ўзрыўчатка, Брытвін з Данілам селі ўбаку, і Даніла ўзяўся за сумку.

— Ты, ідзі сюды! — паклікаў Брытвін.

Сцёпка рабіў выгляд, што заняты вогнішчам, і яшчэ паклаў туды дзве галіны, хоць зноў пакутна глынуў сліну. Брытвін зласнавата гукнуў:

— Ну што — прасіць трэба?

Знарок нетаропка, бы нехаця, ён падышоў і атрымаў з Данілавых рук цвёрды ражок акрайца.

— I давай палі. Гэты астыне — на той перакладзём. А то скора Дзмітры прыедзе, — гаманіў Брытвін.

Сцёпка вярнуўся да вогнішча і незаўважна праглынуў усё — хлеб быў такі смачны, што, здавалася, з’еў бы ўвесь акраец. Падкладваючы ў агонь галлё, ён неўпрыцям кідаў позіркі на іх двух. Аманіт у грудцы на мяху, здаецца, памалу сох, быццам і смярдзеў ужо меней. Раз-поразу Даніла памешваў яго палкай, Брытвін, пазіраючы за ім, гаманіў:

— Мы ім зробім салют! Харашо, гэты хлопец папаўся. Хлопец — находка. А ну давай паварочай сярэдзіну!

— Ай-яй, хай ён згарыць! — хутка заенчыў Даніла, адварочваючы твар і смешна моршчачы таўставаты, бульбінай нос. З рудаватых грудак зноў заструменіў жоўты смярдзючы дым.

— Нічога, не смяртэльна. Затое грукне, як бомба.

— Каб жа хоць грукнула! — Даніла кінуў палку і абедзвюма рукамі пачаў церці вочы.

— Грукне, а як жа! Гэта вам не банка бензіну… Смехата: каністрай бензіну захацелі мост знішчыць! А яшчэ казалі: Маслакоў — вопытны падрыўнік. Падрыўнік ён, аказваецца, ліпавы. Пабег, як дурань, завідна… На што разлічваў? Без разведкі, без апоры на мясцовых! Без мясцовых, брат, не шмат зробіш. Гэта точна.

— А можа ён не хацеў нікім рызыкаваць, — азваўся зводдаль Сцёпка.

— Рызыкаваць? Знаеш ты, разумнік, што такое ванна? Спрэc рызыка. Рызыка людзьмі. Хто разумней рызыкуе, той і пабяждае. А хто ў розныя там прынцыпы гуляе, той вунь дзе! — Брытвін паказаў на прагаліну. Твар яго расчырванеўся, стаў злы, і Сцёпка пашкадаваў, што не змоўчаў: сварыцца з Брытвіным цяпер не хацелася.

— Ты зялёны яшчэ, дык я табе скажу: слухаць старэйшых нада, — сказаў ён памаўчаўшы. — Вунь у нас прошлай зімой адзін балван таксама ў благародства надумаў сыграць, ледзь таварыша на той свет не адправіў. Бач, прынцып яго заеў!

13

Брытвін адышоў за тры крокі ад агню і сеў, падкурчыўшы перад сабой ногі.

— Цярпець не магу гэткіх разумнікаў. Проста злосць бярэ, калі пачую, як каторы вылупляецца. Трэба дзела дзелаць, а ён пачне рассуждаць: так ці не так, правільна — няправільна. Не дай бог, калі хто нявінны пастрадае! Пры чым нявінны — вайна! Надта немцы вінаватых шукаюць? Яны, знай, б’юць! А мы рассуждаем: добра, нядобра… Быў адзін такі. У Капылова. Можа хто помніць — усё ў акулярах хадзіў?

— У нямецкім шынялі? Худы такі, га? — запытаўся Даніла.

— Да, худы. Здыхлаваты чалавек, не такі малады, настаўнік, здаецца. Не, не настаўнік — інспектар райана. Вось забыў яго фамілію: ні то Ляховіч, ні то Ляўковіч.

Я яшчэ ўвосень кацялок яму трафейны даў — свайго ж не меў, вядома. А акуляры ў яго на драцінках замест дужак, адно шкло трэснута. I то сляпы. Перш чым што ўбачыць, доўга ўглядаецца. Вочы вылупіць і глядзіць-глядзіць. Адзін раз на пераездзе на немцаў наткнуліся, абстралялі і цікаць. А ён стаіць на каленях і ўзіраецца. «Не можа быць, — кажа, — каб гэта немцы». — «Цікай, — крычу, — пакуль кулю ў зад не ўсадзілі!» Не, пакуль не ўбачыў, як за будкай перабягаюць самыя стопрацэнтныя фрыцы з аўтаматамі, не пабег.