Выбрать главу

Не чалавек, а недацёпа, яй богу. А так, здаецца, і не дурны, вышэйшая адукацыя. А можа ўсё гэта праз адукацыю? На вайне яна непатрэбна. Раз паслалі яго ў Гумялёва нейкага тамашняга паслугача прыкончыць. Чаму яго? Бо знаёмыя там былі ў яго, сувязі. Вабшчэ, у тых месцах сувязі ў яго былі крэйкія. У кожнай вёсцы свае. I да яго няблага адносіліся. Ніхто не прадаў ні разу, пакуль сам не ўскочыў. Ну, але гэта пазней ужо, зімой. А тады пайшоў з напарнікам. Напарнікам быў Сураў, акружэнец. Рашучы хлопец, але трохі таго, за гальштук любіў закінуць. Потым ён вярнуўся і адмовіўся болей з гэтым хадзіць. Дурны, кажа, або кантужаны. Тады гэты Ляховіч так удала ўсіх абышоў (жанчына там адна памагла), што да гэтага запраданца проста на кватэру з’явіўся. У кішэні парабел, дзве гранаты, аховы ў двары ніякай. Напроці на лавачцы Сураў сядзіць, семкі лускае — страхуе, каб не перашкодзілі.

I што ж думаеце: хвілін праз пятнаццаць вывальваецца, разводзіць рукамі — маўляў, не выйшла. У лесе ўжо расказаў, як было. Аказваецца, дзіця перашкодзіла. Разумееце: паліцаяў абвялі, СД, гестапа, бабу яго (таксама, сучка, ва ўправе рабіла), а дзіця перашкодзіла. I дзіцю таму гады два. Апраўдваецца: з дзіцем на ложку сядзеў, карміў, і гэты дурань не наважыўся ў яго кулю ўсадзіць. Ну, гэта ж трэба! Вы чулі такое?

Не, мабыць, такога яны не чулі і не бачылі. Тым не менш, тое, што абурала Брытвіна, не выклікала ў Сцёпкі ніякай рэакцыі. Наадварот, чымсь той Ляховіч нават здаўся яму сімпатычным.

Брытвін на хвіліну задумаўся, успамінаючы.

— А другі раз зноў канфуз выйшаў. Хадзіў недзе на жалезку, ды няўдала. Налезлі на фрыцаў, ледзьве з засады вырваліся. Далі кругаля, выйшлі на дарогу, усе злыя, як чэрці,— вядома, няўдача. I тут, мінаючы адну вёсачку, ужо ў партызанскай зоне, чуюць: у кустах гергочуць. Прыгледзеліся: немцы машыну з гразі штурхаюць. Вялізная такая крытая машына буксуе, а штук пяць фрыцаў уперліся рукамі, піхаюць, па баках не глядзяць. Ну, хлопцы, натуральна, узрадаваліся, кажуць: ударым! Ляховіч гэты — ён старшым быў — агледзеўся, памеркаваў. «Не, — кажа, — нельга. Вёска блізка». Маўляў, машыну знішчым вёску агнём пусцяць. Так і не даў каманды. А немцы вывалаклі машыну, селі і газанулі.

Даніла з Сцёпкам маўчалі. Адхінуўшыся ад смярдзючага дыму, Даніла ўсё моршчыў расчырванелы, у чорным валассі твар, адным вокам пазіраючы на ўзрыўчатку. Сцёпка ж дбайна напякаў зямлю, роўным кругам расклаўшы на доле цяпельца. Трава навокал яго шырока абгарэла. Аднак касцёр дагараў: канчаўся сушняк. Хлопец паскідаў у сярэдзіну канцы-галавешкі, якія ціха курэлі апошнім агнём.

Устаўшы са свайго месца, да яго падышоў Брытвін. Распяразаны, у ботах і ладным, хоць і пацёртым, цёмна-сінім галіфэ, ён выглядаў цяпер нібы сапраўдны кадравы камандзір, хіба што без знакаў адрознення.

— Ну, пажалуй, нагрэлася. Давай адграбай. Барада, нясі рэшту сюды. Падбяры з краёў.

Сцёпка голлем старанна адмёў у адзін бок прысак, і яны насыпалі на пыльную гарачую выгарыну нятоўсты слой аманіту.

— Так. Хай грэецца. I мяшай, мяшай, няма чаго глядзець!

Цяпер настала Сцёпкава чарга задыхацца і плакаць ад смярдзючай едкасці. Разы два, не стрываўшы, ён ажио ўцякаў падалей глынуць чыстага паветра. Брытвін адышоўся ў надветраны бок і зноў усеўся на сваім пакамечаным шынялі.

— Але гэта што, — лагодна казаў ён, усё яшчэ ва ўладзе сваіх успамінаў.— Гэта што! Во ён у круглянскай паліцыі выкінуў фокус. Гэта ўжо зусім дзіва. Самая бязглуздая дурасць.

— Казалі, гэта самае, бытта павесілі яго? — спытаўся Даніла.

— Ну. Павесілі. Прапаў нізашто. А Шусцік, каторы з ім папаўся, той і цяпер у Ягорава бегае. Пусцілі. Спярша думалі: хлусіць. Думалі: завербавалі. Ды праверылі праз сваіх людзей — не, праўда, Шусціка пусцілі, а Ляховіча павесілі. I, думает, за што? За прынцып.

— Як гэта? — не зразумеў Сцёпка.

— А так. Злапалі іх у Пракопавічах на начлезе. Як гэта сталася — не ведаю. Факт: прывезлі ў мястэчка ў паліцыю і здалі. А начальнікам паліцыі там быў адзін прыблуда з белагвардзейцаў. Знюхаўся некалі, ну, і служыў, хоць і з партызанамі заігрываў — вядома, свае разлікі меў. Во яшчэ піў здорава. Расказваюць: хоць шнапсу, хоць чыміргесу — кварту за раз кульне, і ніякай закусі.А пісталет дастане і за дваццаць крокаў у курыцу — цюк! Галава прэч, і рэзаць не трэба.

Дык гэты паліцай, мабыць, змікіціў, хто такія, а віду не падаў, павёў да шэфа. А шэф такі стары ўжо немец быў, сівы і трохі з прыдурам — усё баб каціным крыкам палохаў. Бабы наўцёк, а ён рагоча. Лічылі яго дурнаватым, але калі справа даходзіла да экзекуцыі, не пудлаваў. Звераваў нароўні з усімі.