Выбрать главу

Дарэчы, гэты Ляховіч з Шусцікам, калі іх бралі, аружжа сваё недзе прыхавалі, сказалі: маўляў, акружэнцы па вёсках хадзілі, на хлеб зараблялі. Невядома, што белагвардзеец шэфу далажыў, але той паставіўся не строга, Шусціку толькі даў палкай па горбе. Паліцай і кажа: «Кланяйцеся, прасіце пана шэфа, можа даруе». Шусцік, як расказвалі, не чакаў угавораў, адразу немцу ў ногі, лбом як грукне ў падлогу, ажно гузак ускочыў. Паліцаі, іх некалькі чалавек было, ухмыляюцца; немцу прыемна, рагоча. «Прызнаеш власць вялікага фюрэра нямецкага народа Адольфа Гітлера?» — «Прызнаю, — кажа, — паночку, як не прызнаць, калі ўвесь свет заваяваў». Гэта спадабалася, немец паказвае на Ляховіча: а той, маўляў, прызнае? Паліцай перакладае, а ён маўчыць. Маўчаў, маўчаў, а пасля кажа: «На жаль, я не магу гэтага прызнаць. Гэта не так». Немец не разумее, паглядвае на паліцая. Паліцай шыпіць: «Не прызнаеш — памрэш сёння ж!» — «Магчыма, — адказвае, — але памру чалавекам, а ты будзеш жыць скацінай». Хлёстка, праўда? Прыгожа, як у кіно, ды што карысці. Немец без перакладчыка здагадаўся, у чым справа, і як гыркне: «Аднаго вэк, другога на вяз!» На вязе тым вешалі. Павесілі і Ляховіча. Ну, хіба не дурань?

14

Як паставіцца да гэтай гісторыі, Сцёпка не ведаў: калі верыць Брытвіну, дык Ляховіч сапраўды дурань — які там прынцып у адносінах з немцамі. Мусіць, трэба як мага хітрыць, каб абдурыць іх, бо, не абдурыўшы, не паб’еш — паб’юць яны. А яны літасці не знаюць, для іх усе сродкі здатныя, абы перамагчы. Аднак гняўлівая рэзкасць Брытвіна ў асуджэнні Ляховіча ўвогуле спадабалася Сцёпку, і ён з маўклівай задаволенасцю падумаў, што Брытвін — не Маслакоў; гэты, мабыць, свайго дабіцца ўмее. Пойдзе сам і пагоніць усіх на мост, Міцю таксама. Але што ж, калі трэба, дык трэба. Зусім магчыма, што ім прыйдзецца сербануць ліха, і хай. Толькі б удалося.

Стоячы на кукішках, ён старанна памешваў аманіт, які хоць і смярдзеў — аж блажыла, — але нібыта сох. Узяўшы адзін драбок з тых, што былі найбольш мокрыя, хлопец, бы гарачы вугольчык, перакінуў яго з далоні на далонь, паспрабаваў раструшчыць. Дзе там: спёкся, як камень.

— Высах ужо.

— Ладна, хай яшчэ паляжыць, — сказаў Брытвін. — Не зашкодзіць. Усё роўна Дзмітра няма.

Над ровам ужо ўспаўзло сонца; узровак, край прагаліны і кустоўе над ёю ярка заззялі ў святле; патроху стала цяплець, Брытвін санліва расцягнуўся на шынялі, паглядзеў у высокае, з рэдкімі аблокамі неба.

— Значыць, так, — раптам сказаў ён і сеў.— Эй, Барада, шчэ храпець пачнеш!

Ён штурхануў нагой залапленае калена Данілы, той расплюшчыў сонныя вочы і, паволі заварушыўшыся, таксама сеў.

— Значыць, так. Некаму трэба падабрацца да моста. Кусцікі там ля ракі, я ўчора бачыў: падход харошы. Задача: у случаі чаго падтрымаць агнём. Хто пойдзе?

Даніла, відаць было, адразу пазбыўся сну і маўкліва ўтаропіў кудысь у дол свой позірк: мабыць, думаў, што б гэта для яго магло значыць. Сцёпка таксама маўчаў: навошта напрошвацца самому? Справа тая, мусіць, не дужа вясёлая; каго пашлюць, той і пойдзе.

— Так, — сказаў Брытвін. — Ну, тады ты, Тоўкач. Падкрадзешся і замры. Паняў?

Сцёпка маўчаў. Ён быў гатовы, калі гэта выпала на яго долю. Хоць тое, што Брытвін цяпер звярнуўся іменна да яго, маленькай крыўдай закранула хлопца. Ён усё ж не падаў выгляду, нібы нічога і не меў супроць. Тым не менш Брытвін нешта, мабыць, заўважыў.

— У цябе ж аўтамат. Ці можа аўтамат Барадзе аддаць? Тады ён пойдзе.

— Не ўжо, не аддам.

Яны яшчэ пасядзелі хвілін пятнаццаць. Аманіт, мабыць, пачаў ужо астываць, як Брытвін ускінуў галаву — на ўзроўку з’явіўся Міця. Хапаючыся за вецце, хлопец імкліва збег аж да нізу. Брытвін ускочыў з трывогай на твары, але Міця, ажыўлены і спатнелы, усё ў тым жа чорным картовым пінжачку, супакоіў:

— Ну, усё гатова.

— Маладзец, — сказаў Брытвін. — Дзе падвода?

— Тут, у кусціках. Прыпазніўся толькі, але нічога.

— Так! — Брытвін азірнуўся. — Тоўкач, марш з ім да воза, з аднаго бітона малако вэк, бітон сюды. Колькі ў цябе бітонаў?

— Тры.

— Двух хопіць. Адзін пойдзе на міну.

Міця неяк з няёмкасцю пераступіў босымі нагамі.

— Тут от… паесці вам.

Аберуч ён выдраў з тугой кішэні нейкі пакунак, загорнуты ў чыстую кужэльную анучку, аддаў Брытвіну. А той толькі і ведаў, што хваліць ды з трохі фальшывай празмернасцю захапляцца хлопцам:

— Маладзец! Проста герой! Ну, дабро. На, Барада, у тваю сумку.