Выбрать главу

Даніла пачаў запіхваць сняданак у сумку, а Сцяпан з Міцем таропка падаліся на ўзровак.

Міця бег наперадзе. Яго босыя, пасівераныя пяткі рупна мільгалі па мокрай траве, невялічкая галава ў чорнай зашмальцаванай кепцы, бы ў вараняці, зырка снавала на шыі туды-сюды — праз радкаваты алешнічак было відаць далёка. Сцёпка, аднак, прывык ужо за ноч да рова і схілу і, як на знаёмай мясцовасці, амаль не адчуваў небяспекі.

Ён думаў над тым, што сказаў Брытвін, — стараўся зразумець яго план, але зразумеў не многа. Былы ротны ўсё нешта хітрыў з імі, намякаў, а па сутнасці — таіў ад іх сваю задуму — дзеля сакрэтнасці, ці што? Калі Сцёпку пасылаюць на прыкрыцце, дык, выходзіць, самі паедуць на мост? Але ці не мала будзе іх двох, каб зладзіць з аховай, якая цяпер, пасля ўчарашняга выпадку, мабыць, набралася пільнасці і, вядома, спаць у шапку не будзе. Зноў жа, паліцаі іх убачаць, мабыць, здалёк, і мала што ведаюць Міцю, але іншых могуць западозрыць і не падпусціць блізка. Тады што рабіць?

Гэты брытвінаўскі план з малакавозам ужо ў самым пачатку выглядаў не надта пераканаўча.

Рослік стаяў непадалёк, забіўшыся ў ляшчыннік разам з калёсамі, на якіх, увязаныя вяроўкамі, блішчалі белыя бакі трох бітонаў. Мабыць, недзе паблізу была дарога, бо Міця сцішана палашчыў прывязанага за куст каня і моўчкі ўскочыў у воз. Удвух яны ледзьве саставілі крайні бітон на зямлю. Пад рукамі цяжка боўтала, запахла сырадоем, статкам, і калі хлопец адчыніў вечка, Сцёпка ажно сумеўся: стольні малака трэ было выліць.

— Пі. Хочаш? — прапанаваў Міця.

Піць Сцяпан зусім не хацеў — хацеў есці, але цяпер не стрымаўся. Укленчыўшы, ён наглыкаўся, колькі змясціў ягоны пусты жывот, хоць асаблівае асалоды не адчуў: іншая справа, каб быў хлеб.

— Ну, што? Выліваем?

— Давай.

Яны нахілілі пасудзіну і, абліваючы белымі пырскамі ногі, пусцілі па траве духмяны малочны ручай. Падняўшы на сабе сухое лісце, галінкі, рознае лясноё смецце, малако шырока расцяклося ў кустоўі.

Парожні бітон здаўся даволі лёгкім. Сцёпка ўзваліў яго на плячо і пашыбаваў у алешнік. Міця бег побач.

— А ў ім колькі патронаў? — спытаў на бягу хлопец.

— Дзе? — не зразумеў Сцёпка.

— Ну, у аўтамаце гэтым.

— А-а. Семдзесят у адным магазіне.

— Ого! Гэта семдзесят чалавек можна пакласці! Бокам лезучы праз ляшчыннік, Сцёпка трохі падзівіўся вайсковай недасведчанасці хлопца і цярпліва вытлумачыў:

— Семдзесят, гэта калі адзіночнымі стрэламі. I то калі лучаць усімі. А калі чэргамі, дык дай бог дзесятак.

— А астатнія міма?

— А ты думаў? Немцы ж таксама не дурні, мух лавіцьне будуць.

— Нада ляпей цэліцца, — заключыў Міця. — А ў вінтоўцы пяць толькі?

— Ну.

Ідучы наперадзе, Міця засцярожліва адхінуў галіну, прапускаючы Сцёпку, і азірнуўся.

— А ў гэтага, камандзіра вашага, самазарадка, га?

— У Брытвіна? Самазарадка.

— Харошая вінтоўка?

— Калі спраўная. А калі заесць — бяры палку.

— А аўтамат не заядае?

— Калі як, — знарок няпэўна сказаў Сцяпан, пасоўваючы на плячы ношу. Роспыты гэтага хлопца пачалі дакучаць, тым болей, што той надта ўжо выразна паглядваў на яго новенькі ППШ, а яго Сцёпка не меў намеру ўступаць нікому.

Размова на тым спынілася. Яны злезлі з узроўка, і Сцёпка глуха гэпнуў бітон перад Брытвіным.

— Харашо! Барада, нясі ўзрыўчатку!

Рабіць міну Брытвін узяўся сам, не давяраючы гэтае справы нікому. Побач на шынялі ўжо ляжаў узяты ноччу ў Маслакова паўметровы абрэзак бікфордава шнура, злучаны з жоўценькім цыліндрыкам узрывальніка.

Зрэшты, начыніць міну было не складана. Праз дзесяць хвілін Брытвін насыпаў да палавіны бітона аманіту, асцярожна ўставіў у яго нутро ўзрывальнік, канец шнура выпусціў цераз край.

— Гарэць будзе пяцьдзесят секунд. Значыць, трэба падпаліць, метраў трыццаць не даязджаючы да моста.

Мабыць, для лепшай дэтанацыі, ці што, ён дастаў з кішэні і гранату — жоўтае нямецкаё «яечка» з рубчыкам — і таксама паклаў усярэдзіну. Пасля пад самае вечка напхаў у бітон аманіту.

— Ну во, і гатова. На сярэдзіне моста з воза вэк і пугай па кані. Пакуль паліцаі апомняцца, ірване за мілую душу.

— А хто павязе? — запытаў Сцёпка, сціпла стоячы побач з цікаўным, поўным таямнічае ўвагі Міцем.

Брытвін нібы знарок не зразумеў пытання.

— Як хто? — зыркнуў ён на Сцяпана строгімі вачмі. I раптам амаль закрычаў: — А ты яшчэ не пайшоў? А ну бягом, куды я сказаў! Паняў?

— Я-то паняў.

— Ну, і давай! I мы зараз едзем. А то, бач, сонца дзе.

Сцёпка ямчэй паддаў на плячы аўтамат і зноў палез на адхон. Наверсе, перш чым схавацца ў лесе, ён азірнуўся. Між кустоўя ўнізе выглянуў напаследак зялёны лапік іхняй прагаліны з дзвюма плямамі ад вогнішчаў і накапанай зямлёй на краі. Тры невялічкія здалёку постаці тоўпіліся над блішчастым бітонам, таксама гатовыя неўзабаве пакінуць гэтае прыстанішча, каб можа ніколі больш не з’явіцца сюды. Адзін толькі небарака Маслакоў навек заставаўся ў гэтым рове, які так нечакана стаў для яго апошнім прытулкам на гэтай зямлі…