Выбрать главу

15

Дачакаўшыся за альховаю купкай, калі вартавы на мосце паверне ў другі канец, Сцёпка куляю матлянуўся за кустоўем і ўпаў ледзь не пад самаю крайняй чародкай маладога алешніку — за якіх сто крокаў ад насыпу.

Некалькі хвілін ён цяжка, зморана соп, распластаўшыся на амаль голай тут, не зарослай яшчэ травою, чорнай зямлі, і ва ўсе вочы глядзеў на дарогу.

Самае найгоршае, здаецца, мінула: ён падабраўся да моста, і, мабыць, яго не заўважылі. Праўда, за вярсту адсюль ён незнарок наткнуўся на нейкага дзядзьку ля рэчкі — па той бок, мабыць, была сцяжына: неспадзеўкі з-за хмызняку выткнуўся чалавек у шэрай суконнай паддзёўцы, з пугаўём у руцэ. Раздзеленыя нешырокай рачулкай, яны спаткаліся позіркамі, абое трохі схамянуліся ад нечаканасці, але Сцёпка хуценька і моўчкі праскочыў міма і схаваўся ў радкаватым прыбярэжным кустоўі. Чалавек таксама ні пра што не спытаўся, толькі зацяў у сабе здзіўленне, ці можа і спалох, і памалу пайшоў па беразе рачное крывуліны. Мабыць, трэба было б прасачыць за ім, ды не было калі — Сцёпка і так баяўся спазніцца з выхадам да моста і, як апантаны, імкнуўся наперад, хоць і адчуваў што ў такой спешцы надта проста было дастукацца бяды. Пакуль жа, аднак, усё абышлося: яго не затрымалі, ззаду нікога не было відаць.

Да моста адсюль было так блізка, што аж рабілася страшна. Ён ужо мог крамсануць па ім з аўтамата, хоць, вядома, цяпер лепш было мець вінтоўку: з яе куды зручней было зняць вартавога, які, між тым, лена сноўдаўся сюды-туды між парэнчаў. На сярэдзіне ненадоўга спыніўся, паглядзеў уніз, плюнуў і з блазенскай цікаўнасцю прасачыў, як плявок плюхнуўся ў ваду. На плячы ў паліцая вісеў нямецкі карабін, які ён раз-поразу папраўляў аберуч. Калі паліцай адварочваўся, Сцёпка бачыў яго вузкаватую спіну ў цеснай чорнай куртцы і светлую стрыжаную патыліцу пад чорнай, з кантам пілоткай — быў ён гліставаты, малады — мабыць, не надта старэйшы за Сцёпку. Гэтага вартавога хлопец угледзеў яшчэ здалёк, з кустоўя, і падумаў спярша, што ён тут адзін. Але потым да алешнічку данеслася ціхая гамана на дарозе, аднойчы нават пачуўся лязгат рыдлёўкі аб камень ці жалезку: мабыць, у тым канцы моста акрай насыпу нешта капалі. Сцёпку адсюль не было відаць, колькі іх там, ён чуў толькі скупыя абрыўкі размовы, часам невысока па-над дарогай узлятала зямля. Праз нейкі час з-за насыпу на дарогу вылез распрануты да пояса паліцай у зялёных штанах і чорнай пілотцы. Ён недалёка пратупаў узбочынай, нагнуўшыся, нешта падняў з долу і зноў пайшоў сабе туды, дзе капалі.

Сцёпка здорава ўгрэўся, пакуль бег, але цяпер, заняты ўвагай да моста, не здагадаўся нават расшпіліць гузікі ды зняць шапку. Трохі спачыўшы ў засені, ён зразумеў, што, мабыць, давядзецца паляжаць тут доўга: на дарозе ў сасонніку яшчэ нікога не было відаць. Затое з боку мястэчка, неўзабаве паказалася нейкая фурманка, якая хутка каціла дарогай да моста. Яшчэ праз нядоўгі час стала відаць, што гэта брычка; запрэжаны ў яе ладны буланы конік рухава кідаў капытамі, наравіста выгінаючы прыгожую, з коратка падстрыжанай грывай шыю. Сцёпка сцяміў, што гэта хтосьці з начальства. Сапраўды, хутка брычка ненадоўга спынілася каля тых, што капалі, там жа апынуўся і вартавы; не злазячы з сядзення, чалавек у шэрым паліто нешта загаманіў, другі, з лейцамі ў руках, сядзеў ля яго моўчкі. Неўзабаве, аднак, ён заварушыўся, гукнуў на каня, і брычка з ціхім стукатам пакацілася па дашчаным насціле моста.

Сцёпка шчыльней прытуліўся да зямлі, нават зацяў дыханне; яны праехалі зусім блізка ад яго, але нават не зірнулі ў яго бок, і Сцёпка ўздыхнуў, з прыемнасцю адчуваючы вясновыя пахі зямлі.

Зноў пацягнуўся час. Сонца ў небе павольна падымалася над лесам; мабыць, было ўжо гадзін дзесяць, калі не болей. Сцёпка часцей, чым на мост, пазіраў цяпер назад, на дарогу, чакаючы ўбачыць там Міцеву фурманку з Рослікам. Але там доўга нікога не было, і хлопца пакрысе пачаў агортваць неспакой: ці не здарылася што на дарозе?

Вартавы разы тры прайшоўся сюды-туды па мосце і зноў завярнуў у гэты канец. Правей рукой ён высока, ля самага пляча, перахапіў рэмень, а левай, заклаўшы яе назад, ашчаперваў ложу карабіна, які, мабыць, добра ўжо намуляў за змену яго худое плячо. Ён нетаропка пашкандыбаў уздоўж па мосце, спыніўся ля паламанай парэнчы, і Сцёпка падумаў, што зараз паверне назад. Але паліцай чамусь не паварочваўся. Ён нават выняў левую руку з-за спіны і таксама перанёс яе на рэмень карабіна, нібы рыхтуючыся зняць яго з-за пляча. Адчуўшы штось новае ў паводзінах паліцая, Сцёпка азірнуўся і з-пад навіслай альховай галінкі ўбачыў, як з горкі ў хвойнічку шпарка і неяк весела нават коціць уніз знаёмы іх Рослік.