Выбрать главу

Хлопец пасунуў бліжэй да сябе аўтамат, ямчэй упёрся локцямі ў чорны мяккаваты дол. Думкі яго набылі іншы, наскораны тэмп. Сам не хочучы таго, ён захваляваўся, адчуваючы, што зараз настане самае важнае. Праўда, ягонае напружанне трохі расслабілася ад здзіўлення, калі ён згледзеў на калёсах аднаго толькі Міцю: ні Данілы, ні Брытвіна там не было. Не відаць іх было і ззаду, і нідзе паблізу. «Няўжо яны выправілі Міцю аднаго?» — падумаў Сцёпка. А мо там што здарылася? Здагадвацца, аднак, не было калі: фурманка хутка набліжалася, а паліцай стаяў у пачатку моста, і ў Сцёпкі аж схаладнела ўнутры: а раптам спыніць? Калі паліцай спыніць падводу, тады, мусіць, усё прапала.

Сцяўшыся і нязручна падкурчыўшы ногі, Сцёпка праз вецце пазіраў то на дарогу з фурманкаю, то на мост, дзе ва ўпартай нязрушнасці ля зламанай парэнчы стаяў паліцай. I тады ў хлопца мільганула думка: а раптам гэтаю ноччу варту змянілі, паставілі новых, якія цяпер першы раз бачаць малакавоза? Вядома, тады ўжо яны яго спыняць. Але ж Міця недзе тут, блізенька ад моста, павінен падпаліць шнур — што ж тады здарыцца?

Між тым, борзда патрухваючы, Рослік з фурманкай набліжаўся да кусцікаў. Міця высока сядзеў на адным з бітонаў, выглядаў ён спакойным. Праўда, трохі ненатуральным здавалася гэта яго сядзенне, хіба што так ямчэй было сапхнуць з задка міну. I зноў — ні ў фурманцы і нідзе паблізу нікога: Брытвіна з Данілам сапраўды не было. Няўжо яны засталіся ў сасонніку, ці можа з імі здарылася што кепскае? — дзівіўся Сцёпка. Вядома, ён прыкрые Міцю, калі на тое пасланы, але навошта тады яны? I на што ўвогуле ўсё гэта падобна?..

I тут Сцяпан згледзеў над возам дым. Хлопец здзівіўся, нават спалохаўся, але неўзабаве сцяміў, што Міця пыхкаў цыгаркаю. Пыхкаў, аднак, няўмела, надта ўжо дымна і часта — незразумела было, ці для таго, каб падпаліць шнур, ці каб замаскіраваць ягонае гарэнне. Міця настойліва варушыў лейцамі, Рослік увішна бег, і фурманка на момант схавалася за навіслым суччам алешын…

У Сцёпкі ад хвалявання нядобра закалацілася сэрца, спатнелі далоні, ён пасунуўся крыху ўбок, ствол аўтамата нацэліў на вартавога. Як на тое ліха, свежаваты вецер заматляў перад тварам галінкі, маладая лістота то адкрывала на момант, то зусім затуляла сабой паліцая. Але вось той ступіў з месца насустрач фурманцы і, нешта нягучна гыркнуўшы, зняў карабін. Міця саскочыў на дарогу.

Фурманка спынілася, трохі не даязджаючы да вартавога, мо за які дзесятак крокаў ад моста. Рослік, выставіўшы наперад нагу, узяўся яе церабіць зубамі. Сцяпан у алешніку ўвесь сцяўся ад напружання — ён кепска разумеў, што адбываецца, але адчуваў, што брытвінаўскі план пляжыцца, што справа паварочвае ў другі бок і што цяпер, відаць па ўсім, настала ягоная чарга.

Ён не ведаў, ці запаліў Міця шнур (павінен быў запаліць), але калі сапраўды той гарыць, то паліцай, як толькі падыдзе да воза, адразу ўсё згледзіць. Тады незалежна ад таго, будзе выбух ці не, хлопец загіне. Дужа хвалюючыся, каб як уратаваць хоць бы Міцю, Сцёпка скіраваў аўтамат па-над насыпам і ціскануў на спуск.

— Тр-р-р-р-р-р-рр-рт!

Што адбылося далей, ён не адразу і сцяміў. Ён убачыў толькі, як ірвануў з месца Рослік — збіўшы, ці што, паліцая, конь з возам кінуўся па мосце наперад, задняе кола, мусіць, трапіўшы на выбоіну, дужа падскочыла, затрэсліся ўвязаныя вяроўкай бітоны, фурманка апантана загрукала. Ззаду на дарозе астаўся адзін толькі Міця, паліцай недзе знік. Хлопец памкнуўся быў за фурманкай, але ў нейкай няўцямнасці спыніўся, раскінуўшы ў бакі рукі.

Сцёпка ўскочыў, каб бегчы, ды позірк яго напаследак ухапіў гэтую разгубленую постаць Міці, і ён зноў асеў за кустом. Ён хацеў крыкнуць хлопцу, каб той бег, ратаваўся, як раптам Міця скалануўся, нібы ад жаху, ад таго нябачнага, што ў гэты момант сталася на мосце. Сцёпка хуценька і трывожна выглянуў праз голле — Рослік, упаўшы ў аглоблях на пярэднія ногі, біўся аб насціл каленямі, спрабуючы ўстаць, высока і роспачна матляў галавой. У тое ж імгненне аднекуль збоку, нібы нават здалёк, да слыху запознена данеслася нягучнае «бахх!». Сцёпку здалося, што гэта паліцай з-за насыпу, і ён зноў ірвануў да пляча аўтамат.