— Ану, зараз жа абуй боты! Ты што? — са строгасцю накінуўся на Сцёпку Брытвін, пэўна, ужо зусім адчуваючы сябе камандзірам. Гэты быў усё ў тым жа паношаным чырвонаармейскім шынялі без пятліц, расшпіленым на ўсе аплікі, на плячы трымаў сваю СВТ, з якое, мабыць, ні разу не стрэліў. Але Брытвін меў свой інтэрас.
— Ты ж праз гадзіну заплачаш. Тады несці цябе?
— Не бойцеся! Не панесяце. Яго заставіце.
Брытвін, штосьці адчуўшы, падазрона ўгледзеўся ў хлопца, нешта прыкінуў, нібы ўслухаўся ў лесавы шум. Сцёпка падумаў, што справа скончана і зараз, мабыць, пачнецца звыклае ўжо яму і агорклае ўшчуванне, а то і пагрозы. Але Брытвін нібы адумаўся, толькі кальнуў яго напаследак злым позіркам і пайшоў па гушчары.
17
Добра-такі адышоўшыся па хмызняках ад Круглян, яны набрылі на сцяжыну ў мяшаным з альхой старым ельніку. Здаецца, тут недзе павінен быў пачынацца Грыневіцкі лес — знаёмая, бяспечная мясціна, іх партызанская парафія. Стала спакойней, пра даганятых ужо не думалі. У ельніку панаваў моцны, амаль спіртовы настой вогкай вясновай прэласці і смалы, вільготны імшарысты дол туліўся ў стракатай ад сонечных блікаў засені; лапчастае голле ялін, пагойдваючыся, звыкла шумела ўгары.
Ледзьве прыкметная ў імшарыне сцяжынка вывела іх на старую, закінутую дзялянку з колісь нарыхтаваным, ды так і не вывезеным кругляком — акрай шырокай прагаліны прыткнулася некалькі доўгіх штабялёў аброслай мохам рудастойкі. Апрэлая кара разлезлася, у пацямнелых ад часу камлях жаўцелі выдзеўбаныя дзятламі ямкі.
На дзялянцы прыпякала сонца, яны ўсе ўгрэліся, і Брытвін, які нёс перакінуты цераз плячо шынель, рашуча шмякнуў яго пад ногі:
— Прывал!
— Фу, цёпла! — згодна азваўся Даніла і, як быў, таўставаты і нязграбны ў расшпіленай ватоўцы, задам, сунуўся ў засень над штабелем. Брытвін спярша зняўдзягу, расшпіліў усе гузікі на гімнасцёрцы, потым плюхнуўся на шынель і, сапучы, сцягнуў боты.
Сцёпка, памеркаваўшы, таксама прысеў над штабель.
— Далёка яшчэ топаць? — запытаў Брытвін.
— Не так, каб далёка. Троху пройдзем да Ляхавіна, пасля ляснічаства мінуць, — пачаў прыкідваць Даніла.
— Дык колькі кіламетраў? Пяць, дзесяць?
— Кіламетраў? Каб не салгаць… Не многа засталося. Брытвін асуджальна пакруціў галавой.
— Ну і арыфметыка ў цябе! Многа, нямнога. Давай сумку ды перакусім.
Даніла з падкрэсленай гатоўнасцю перакінуў цераз голаў скручаную почапку сумкі і найперш выцяг адтуль бутэльку з папяровай затычкай. Засцярожліва ўмацаваў яе на няроўным імшыстым доле між сабой і Брытвіным. Сцёпка стараўся не глядзець туды — рабіў выгляд, што даследуе палец на назе, сапраўды да крыві збіты аб корань. Есці яму перахацелася, болей дакучала смага, і ён думаў, што, адпачыўшы, трэба пашукаць, дзе ручай.
— Ну, што ж, тады дзёрнем! — задаволена сказаў Брытвін.
— Зарабілі,— ухмыльнуўся Даніла. — Ёсць за што. Брытвін варухнуў сумку.
— А там жа і закусь была. А ну даставай, што нарыхтаваў паліцаеў сынок.
Сцёпка аж скалануўся: так проста і будзённа было сказана гэта, нібы Міця ўсё жыццё быў яму ворагам. Хлопец недаўменна ўскінуў голаў, чакаючы нешта ўбачыць у выразе Брытвіна. Аднак на пругкім, кранутым свежаю шчэццю твары таго было толькі шчырае задавальненне ад прадчування хуткай яды з выпіўкай.
Даніла дастаў самадзельны, змайстраваны з акоска ножык і разгарнуў кужэльную анучку. Тоўстая скіба хлеба, адрэзаная ад сяродку бохана, кавалак мяса і чатыры фарбаваныя велікодныя яйкі прымусілі іх неўпрыцям праглынуць сліну. Яны ўжо не маглі адвесці вачэй ад вялікіх Данілавых рук, калі ён пачаў дзяліць харч: разрэзаў на тры кавалкі хлеб, мяса, расклаў яйкі, два з якіх былі патрушчаныя. Брытвін адной рукою ўзяў бутэльку, другой згроб сваю порцыю закусі.
— Ну, а Тоўкач што — не згаладнеў?
Сцёпка ваўкавата зірнуў на іх двух: словы Брытвіна прагучалі так, што стала зразумела: калі ён адмовіцца, яны бедаваць не будуць. Мусіць, менавіта з тае прычыны ён рашуча ўстаў і, нетаропка падышоўшы бліжэй, узяў астатнюю пайку — другая была ўжо ў руках у Данілы.
Брытвін пажлукціў з бутэлькі, паморшчыўся.
— Атрава! I як яе паліцаі п’юць?
— А п’юць! I нічога. Пальзіцельна, кажуць, — жартоўна азваўся Даніла, пераймаючы бутэльку. Апошнім часам ён стаў гаваркі — не тое што ўчора, і Сцёпка падумаў: ад чаго б гэта? Даніла таксама выпіў. Можа і не столькі, як Брытвін, але таксама нямала — ледзь не ўсю. Выцяг у руцэ і паглядзеў, ці многа засталося.