Сяржант Лукашоў не адставаў ад яго ні на крок, і калі ён спыніўся ў нерашучасці, той падпоўз поруч і шапнуў у твар:
— А давайце рэчкай…
— Ціх!..
Становішча ўскладнялася. На гэтым баку яны былі дужа блізка да немцаў, ды і прабірацца тут можна было па дужа вузенькім краечку кустоўя ўздоўж рэчкі. Было надта спакусліва падацца на лёдавую роўнядзь рачулкі, але яна пятляла, як блытаная вяроўка, гэта колькі трэба выкруціць тых петляў? Зноў жа, а калі дзе дрэнна ўмерзла?
Яму здалося, што ўжо мінула шмат часу, што ён залішне доўга прабавіўся ў гэтым хмызняку і так недаравальна спазняецца ў самым пачатку. Аж скалануўшыся ад тае трывогі, ён азірнуўся, але ззаду, мабыць, ужо ўсе перабраліся на гэты бок і чакалі, каб рушыць далей. У змроку на доле быццам цямнелі са два твары, іншых, праўда, не было відаць, але ён пачаў засцярожліва грабціся далей.
На гэты раз ён прапоўз дужа мала — зноў з таго ж месца пырхнула ракета, затым кахнуў яе стрэл. Лейтэнант уціснуўся ў снег, з усяе сілы ўзіраючыся ў чорна-белую блытаніну галля на ярка асветленым мільготкім доле. Не, ракета пайшла ў ранейшым кірунку, па той бок поплаву, адкуль яны сюды прыпаўзлі. Значыць, іх усе ж не заўважылі. Калі ракета згасла, ён з палёгкай тузануў за раменьчык лыжы і сам на локцях і каленях ірвануўся праз снег наперад. Секунд некалькі ён не бачыў нічога перад сабой, толькі гроб, гроб снег і валок лыжы. I раптам зноў аслеп ад неверагодна яркага бляску, які лінуў з паднябесся — снег заіскрыўся, заззяў, блытаныя цені ад кустоўя крутануліся на адным месцы і, ярка адбіўшыся на снезе, замерлі. Замёр і ён, адчуваючы, што гэты халодны прастор вось-вось прарэжа чарга. Як заўжды ў хвіліну найбольшай небяспекі, думка яго зрэагавала з маланкавай хуткасцю, ён зразумеў, што гэта — ад пунькі, значыць, зусім побач. Ракета ўся без рэшты згарэла ў вышыні, і ён зноў прыплюшчыў вочы, каб хутчэй пазбыцца слепаты, і ляжаў не кратаючыся. Калі заўважылі, дык, мусіць, трэба падацца назад на рэчку, пад засцярогу яе беражка. А калі не… Тады трэба як мага хутчэй наперад, далей ад гэтага праклятага месца, дзе цябе падсвечваюць з двух бакоў.
Стрэлаў не было і ў гэты раз, і ён з дзёрзкаю рашучасцю рвануўся наперад, раптам адчуўшы ў сабе прыліў рызыковай удачлівасці. Хутчэй, хутчэй!.. З нечаканым спрытам ён шыбаў па-над берагам, увесь закапаўшыся ў снег, які бязлітасна забіваў яго твар, рот, не даваў дыхаць і сляпіў вочы. Калі ж да зроку вярнулася ранейшая здольнасць бачыць у прыцемках, ён раптам адзначыў, што злева ад пунькі яго прыкрывае ўзмежачак вышынёй па калена, не болей, мусіць, на мяжы ніўкі і пожні. Гэта яго куды як узрадавала, цяпер не страшны сталі і ракеты — толькі б хутчэй!
Ён поўз доўга і таропка. Пад вопраткай на грудзях і спіне ўсё ўжо было мокрае ад снегу і сцюдзёнага поту, на сваіх ззаду ён не азіраўся, бо тое было бескарысна — усё роўна ён не мог падагнаць іх. Ён толькі спадзяваўся на ўладу свайго прыкладу, на сілу салдацкага правіла — раўняцца на камандзіра.
Калі ў небе зноў загарэлася ракета, ён сціх з занесенай наперад рукой і нізка па-над снегам азірнуўся: так і ёсць, байцы зноў расцягнуліся, зноў за сяржантам быў разрыў крокаў на дваццаць. Узмежачак, на бяду, тут скончыўся, цяпер іх нішто болей не прыкрывала ад таго перадавога акопа. Адно добра — пунька на пагорачку ўжо засталася ззаду, ужо і ракета ляцела ў іх тыл. Наперадзе ж раскінулася шырокая лугавіна з шэрагам рэдкага кустоўя па адным яе краі.
Ракета патухла, і на ягонай душы палягчэла — здаецца, самае цяжкае адолена. Гэта было так прыемна адчуць — кароценька і стрымана радасна, але не паспеў ён зноў выкінуць наперад сваю звязку лыж, як у той жа час вымушаны быў тыцнуцца галавой у снег. Зусім блізка ззаду недарэчна і неверагодна гулка бахнуў вінтовачны стрэл. Амаль жахнуўшыся, Іваноўскі ў наступнае імгненне порстка вертануўся на бок, рука звыкла схапілася за аўтамат, але ні ззаду, ні па баках ён не згледзеў ніякага руху. Усё наваколле нібы абмерла, адзін толькі стрэл — і болей ні гуку, і нідзе нікога паблізу. Праз момант, аднак, ярка засвяціла над хмызнякамі адразу ў двух месцах. Лейтэнант прасачыў за палётам ракет — яны, як і папярэднія, упалі ззаду, але тут жа ўзляцелі яшчэ дзве, абапал рачулкі. Пры іх яркім святле густым імпэтным трэскатам загаманіў кулямёт ад пунькі, вогненныя яго пісягі сцебанулі па кустоўі ля рэчкі. Некалькі куль зрыкашэціла ад узмежка, за якім яны толькі нядаўна хаваліся, і агнянымі пырскамі разляцеліся ў бакі. Кулямёт быццам намацваў іх у начы, ды так блізка мацаў, што іх ратавала адно толькі цемра. Іваноўскі ляжаў і скрыгаў зубамі ад нямой роспачнай лютасці: так усё ішло добра — і на табе, некага ўбачылі. Ці ўчулі.