Выбрать главу

Яму патрэбна было, каб кулямёт страляў. Калі кулямёт страляе, тады кулямётчык глухі і сляпы, тады б ужо лейтэнант як-небудзь падкраўся да яго. I кулямёт сапраўды хутка ўдарыў — адразу, як толькі засвяціла ракета. Але, на сваё здзіўленне, у першы момант Іваноўскі не ўбачыў ніводнай з ягоных трас. Кароткае недаўменне лейтэнанта, аднак, тут жа і знікла — кулямётныя чэргі кіравалі ў іх тыл, у бок поплаву і рэчкі, у тое месца, дзе яны нядаўна перапаўзалі яе ў кустоўі. На гэты раз немцы ўстрывожыліся надоўга і не на жарты. Над поплавам узгарэўся сапраўдны ракетны пажар, вакол стала відна, бы ўдзень, на лугавіну з пагорка несліся, скрыжоўваліся і разыходзіліся густыя вееры куль; некалькі кулямётаў з розных мясцін здзічэла секлі кустоўе. Спярша Іваноўскі інстынктыўна ўціснуўся ў снег, няшмат бачачы з свае баразны і толькі напружана ўслухоўваючыся ў густы мігатлівы скрыгат угары. Але і не гледзячы, ён хутка сцяміў, што гэта не так сабе, што гэта ўсё — Шалудзяк. Значыцца, усё ж заўважылі, высвецілі і цяпер расстрэльваюць.

Сцяміўшы гэта, Іваноўскі рантам здрыгануўся ад радаснай і шчаслівай думкі: Шалудзяк браў агонь на сябе, трэба зараз жа гэта выкарыстаць. Лейтэнант тут жа развярнуўся ў снезе, на карачках прапоўз у галаву сваёй калоны, схапіў лыжы.

— За мной! — крыкнуў ён, ужо не асцерагаючыся, што ў гэтым грукаце яго ўчуюць немцы.

2

Апошнія метры да лесу яны не паўзлі, а прыгнуўшыся, знямогла беглі, пакуль адзін за адным не пападалі ў рэдзенькім чэзлым кустоўі. Распластаныя на снезе сутаргавай горкай задухай, хвіліну збянтэжана маўчалі, не ў стане сказаць ні слова. У кожнага ў такт з сэрцам білася адзіная цяпер думка — нібыта ўдалося, прайшлі, самае горшае засталося ззаду. Немцы з пагорка, здаецца, іх празявалі. Захопленыя стралянінай па поплаве, аслепленыя ззяннем ракет, яны, мабыць, не надта азіраліся па баках, пакуль не расстралялі ля ракі Шалудзяка з Кудраўцом, Дзякуй жа вам, дарагія байцы, расчулена думаў Іваноўскі, лежачы на снезе і ў гарачай задусе хапаючы ротам паветра. Першая плата за поспех была ўнесена, які цяпер будзе яго канчатковы вынік?

Яшчэ не зусім аддыхаўшыся, Іваноўскі прыўстаў і сеў на снезе. Рэдкія агнявыя бліскаўкі куль нізалі снежныя прыцемкі ўжо далекавата ззаду, насустрач ім несліся іншыя з сасонніку за поплавам — гэта ўступіў у бой батальён. Ля кустоўя ж было спакойна, перад імі ляжаў голы, не надта заснежаны схіл з клоччам быльнягу па межах. Іваноўскі дастаў гадзіннік, была палова дзесятай.

— Хто страляў? — стрымана, з накіпелым гневам запытаў лейтэнант, успомніўшы злашчасны той стрэл ля ўзмежка.

Непадалёку сярод распластаных целаў у белым хтось заварушыўся і сеў на снезе. Па вастраку, што выпіраў пад капюшонам, камандзір пазнаў Дзюбіна — старшына быў у будзёнаўцы.

— Стрэліў Суднік.

— Я стрэліў, — вінавата і глуха пацвердзіў прастуджаны голас, і лейтэнант змоўк, сваім маўчаннем даючы зразумець, што хоча бачыць парушальніка перад сабой. Суднік расслаблена ўстаў на ногі.

— Чаму страляў?

Баец паварушыў у руках вінтоўкай.

— Ды во, з прадахраніцеля саскочыла.

Іваноўскі зірнуў на абкручаную бінтам зброю, і яго перасмыкнула ад злосці — у байца была СВТ, эфектная на выгляд дзесяцізарадка, складаная па канструкцыі і не вельмі надзейная ў баі. Проста бяда, як ён перад выхадам недагледзеў, хіба можна было з такой зброяй выпраўляцца ў тыл да немцаў?

— Чорт бы вас узяў! — не стрымаўшы гневу, з ціхаю злосцю вылаяўся лейтэнант. — Што ў вас за зброя?

— Вінтоўка.

— Якая вінтоўка?

— Самазарадная Токарава нумар эн-эм шэсцьсот дваццаць чатыры.

— Эн-эм! Вы горшай не маглі знайсці?

Відаць, толькі цяпер зразумеўшы свой промах, баец вінавата патупіўся. Лейтэнант амаль з нянавісцю пазіраў на яго прыціснутую цяжарам рэчмяшка постаць, мокры, абвіслы на каленях халат. Увесь выгляд гэтае постаці выдаваў віну і пакору. Гэтая яго пакора, аднак, крыху прыцішала накіпелы камандзірскі гнеў, лейтэнант зразумеў, што дарма залішне караць чалавека за справу, аб якой ён не меў разумення. Тым не менш нелыа было і ігнараваць той факт, што Суднік ледзьве не загубіў усю групу, і лейтэнант цяпер проста не ведаў, што з ім рабіць.

— Вы разумееце, што вы нарабілі?

— Чорта ён разумее! — раптам, седзячы, злосна загаварыў Лукашоў. — Разгільдзяй ён! Нашто было браць такога!

Суднік па-ранейшаму стаяў моўчкі, нізка апусціўшы галаву.